Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць пракаментаваў сітуацыю з украінскімі шпіёнамі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што шпіёнская справа абмяркоўвалася на яго сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якая адбылася ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у пачатку лістапада.
«Ён (Парашэнка) мне задаў гэтае пытанне. І я яму адказаў фактамі.
Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка — старшыня КДБ мне далажыў адразу», — паведаміў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што на сустрэчы з Пятром Парашэнкам ў ААЭ была дасягнутая дамоўленасць не надаваць справе ходу, але ўкраінскі бок яе парушыў.
«Яны паднялі гвалт, усё было выплюхнута ў СМІ. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці сякія-такія факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагняталі абстаноўку ў адносінах з Украінай. І мы паказалі. Гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Куча матэрыялаў дадаткова ёсць. Не ведаю, навошта патрэбен быў гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасць», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Пры гэтым ён адзначыў, што ніякага маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не варта, бо яго там няма.
У дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да гэтай справы, у Беларусі дзейнічаюць выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Я гэтага палкоўніка па званні, які проста працаваў пад прыкрыццём журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе вядуць — пад прыкрыццём журналістаў, дыпламатаў працуюць разведчыкі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў.
Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, хай нават і не зусім чужую, разведку?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.