Лідэр «Эўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч пракамэнтаваў «Нашай Ніве» хаду парлямэнцкай кампаніі. Нагадаем, што самога былога палітвязьня Статкевіча не зарэгістравалі кандыдатам у менскай Коласаўскай акрузе з прычыны нязьнятай судзімасьці.

Агулам ад «Эўрапейскай кааліцыі» рэгістрацыю прайшло 22 кандыдаты. Мікола Статкевіч кажа, што ўсе яны могуць спыніць удзел у выбарах.

«Эўрапейская кааліцыя» вельмі даўно фармавала свае ўмовы для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах: вызваленьне палітвязьняў, скасаваньне ці зьмяншэньне тэрміну датэрміновага галасаваньня і наданьне назіральнікам права сачыць за падлікам галасоў. Выкананая толькі першая ўмова. Ня выключана, што праз пару дзён нашы кандыдаты заявяць аб спыненьні свайго ўдзелу ў выбарах. Гэта ня значыць, што яны будуць здымацца. Дзеля гэтага трэба вяртаць грошы, што былі выдаткаваныя на ўлёткі і г.д. Хаця, прызнаюся, што многія нашы кандыдаты, прычым адны з самых моцных, самі просяцца зьняцца з кампаніі. Увогуле, хачу сказаць, што ўдзел у выбарах патрэбен партыям для іх мацаваньня (як моладзевым арганізацыям патрэбен байкот), але шкада, што многія апазыцыянэры пачынаюць пэрсанальную кампанію, замест таго, каб данесьці пасланьне кааліцыі».

Якія прагнозы Статкевіча адносна прысутнасьці апазыцыйных палітыкаў у наступным складзе палаты прадстаўнікоў? «Выпадковых людзей там ня будзе. З усімі апазыцыянэрамі што туды трапяць перамоўлена ўжо сем разоў. Гэта будуць людзі на якіх ёсьць кампрамат, кшталту таго, што паказваць на БТ пра дыпляматаў, ці з гэтымі людзьмі ўжо падпісаны кантракт у адпаведнай установе. Лукашэнка ні з кім не зьбіраецца дзяліцца ўладай, гэта відавочна. Хутчэй за ўсё што падмануць і тых апазыцыянэраў, якім паабяцалі месцы ў парлямэнце. На жаль, палітычныя тэндэнцыі ў краіне ўсё ж адмоўныя, а не станоўчыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?