Па-першае, я шакаваны рэакцыяй на артыкул Арцёма Гарбацэвіча «Дзе жывуць і працуюць дзеці апазіцыянераў». Каб «Нашай Ніве» пагражалі за гэта — такога я не чакаў.

За апошні год НН пагражалі за нашы публікацыі адзін з членаў лукашэнкаўскага «палітбюро», пасля — чыноўнік Міністэрства культуры і яшчэ сексот з Імхаклуба. Але каб апазіцыянер?

Па-другое, я ж сам, па калдырнай класіфікацыі, «апазіцыянер».

Я рэдактар незалежнага партала. І не выключана, што мяне або маіх дзяцей некалі выціснуць з краіны ў эміграцыю — хто ведае.

Па-трэцяе, я ўдзячны Юрыю Дракахрусту, які напісаў: «Мне здаецца, што пафас артыкула ў НН такі статыстычны.

Аўтар не асуджае нікога асабіста. Ён пра вынік, пра тое, што калі дзеці ладнай часткі апазыцыі вучацца і жывуць за мяжой, то гэта мінус ёй у вачах народу і ў сэнсе палітычнай перспектывы».

Па-чацвёртае, сама-індактрынацыя некаторых людзей адарвала ад рэальнасці.

Рэальнасць такая, што Беларусь памянялася проці 70-х і нават 90-х. Дзеці «апазіцыянераў» і самі «апазіцыянеры» (прабачце за калдырныя выразы) на сёння ў Мінску могуць спакойна працаваць, рабіць бізнэс і займацца мастацтвам (артыкул, дарэчы, тое паказвае на канкрэтных прыкладах). Гэта не таталітарная краіна, у Мінску на прыватны сектар прыпадае 70% ад ВУП, зірніце на прадпрыемствы Дашкевіча і Шылаў і дзейнасць Святланы Алексіевіч.

Па-пятае, хоць артыкул быў не пра тое, але, раз дыскусіі ў фэйсбуку на тое выйшлі, скарыстаюся нагодай і ясна сфармулюю сваю пазіцыю па Праграме Каліноўскага.

Падушка бяспекі для рэпрэсаваных — велікадушнасць Польшчы, за якую нельга не быць удзячнымі. І арганізатары праграмы з беларускага боку сумленна рабілі сваю працу.

Але створаная ў рамках праграмы магчымасць для дзяцей функцыянераў апазіцыі ехаць на «Каліну» проста таму, што яны дзеці функцыянераў (фармальна — дзеці тых, хто зазнаў пераслед), і не дае эфекту для барацьбы за грамадзянскія і нацыянальныя правы, і несправядлівая. Гэтае ж адносіцца і да дзяцей з Беларускага Ліцэя.

Наяўнасць такіх лазеек дыскрэдытавала саму ідэю Праграмы Каліноўскага. Былі гады, калі ў Беларусі не было ніводнага выключанага «за палітыку» студэнта і, тым не менш, дзясяткі каліноўцаў выпраўляліся над Віслу. Такая «Каліна» — гэта ўжо проста канал эміграцыі. Гэта супярэчыць прынцыпам, несправядліва і не прыносіць карысці ні для краіны, ні для нацыі, ні для саміх гэтых пацаноў і дзяўчат (многія з іх проста недавучваліся ў чужым моўным і культурным асяроддзі).

Таленавітыя з іх ліку і самі прабіліся б у сферу, дзе ў іх талент (я ведаю, напрыклад, выдатнага эканаміста Яўгена Грыневіча — такі інтэлект не можа не прабіцца). Ненатуральны адбор толькі замінае гэтаму.

З тых, хто з'ехаў з Беларусі ў 17 гадоў і асталяваўся за мяжой, вернуцца - як бы ні разгортвалася гісторыя - адзінкі. Так не толькі з беларусамі, так з усімі нацыямі. Зірніце на пасляваенную эміграцыю: іх было мінімум 200 тысяч чалавек, а з іх унукаў сёння беларусамі сябе лічаць два дзясяткі. Дзеці эмігрантаў ужо не будуць гаварыць па-беларуску і нават не будуць сябе лічыць беларусамі. Масавая эміграцыя - драма, якая аслабляе краіны і нацыі на доўгія гады.

Людзі натуральным чынам будуць ехаць туды, дзе ім будзе праца — з «Калінай» ці без. Межы цяпер адкрытыя, працоўныя рынкі адкрытыя, гэта ўжо не той свет, дзе людзі ніколі не ад’язджалі далей за 15 кіламетраў ад роднай вёскі.

Супрацоўнікі Svaboda.org нават вырабілі прыгожы постар са Скарынам «Так, я эміграваў і не вярнуўся. І што?»

А Мікалай Халезін прыгожа напісаў: «В современном мире, чаще всего контекст смены места жительства не имеет под собой ровным счетом никакой политической подоплеки. Как правило, это разговор о профессиональной востребованности. И для цивилизованной страны это вообще не постановка вопроса: ехать туда, где лучше. В современном мире ехать нужно туда, где ты можешь быть востребованным, зарабатывать деньги на содержание семьи и иметь перспективы на профессиональном поприще. В противном случае, ты будешь неудачником в любом обществе — хоть в бедном, хоть в богатом».

Ні з плакатам свабодаўцаў, ні з назіраннямі Халезіна не паспрачаешся. Азаранка гуляе ва ўсім свеце, гэта не замінае ёй заставацца беларускай. Ігар Маханёк пасля Гугла працуе на Фэйсбук, і застаецца жыхаром беларускага свету. Юры Мельнічак працуе за мяжой, а траціць грошы на дабрачыннасць у Беларусі. Я і сам ахвотна вяду практычныя заняткі па анлайн-журналістыцы ў любых краінах, куды мяне запрашаюць (запрашайце!). Але бізнэс і мастацтва — гэта адно. А барацьба за грамадзянскія правы — іншае. Артыкул НН быў не аб «прафесійнай запатрабаванасці», ён аб тых людзях, што прапанавалі сябе ў лідары змагання за грамадзянскія правы — правы і гістарычную справядлівасць, якая беларусамі можа быць здабытая толькі тут.

Каб мяне не абвінавацілі ў пафасе, я паўтару: не выключана, што мяне або маіх дзяцей некалі выціснуць з краіны ў эміграцыю — хто ведае. Ад гэтага з маёй прафесіяй і жыццёвым выбарам не заракаюцца.

* * *

Межы цяпер адкрытыя, працоўныя рынкі адкрытыя. Людзі перацякаюць з краіны ў краіну, гэта натуральна, і ніхто гэтага не адменіць.

Беларускай дзяржаве трэба мець гэта на ўвазе і думаць пра свае інтарэсы пры гэтым. Беларусі — краіне, дзяржаве і нацыі — выгадна, каб выязджала чым менш, а чым больш людзей заставалася і прыязджала (прычым развітыя, багацейшыя краіны будуць рабіць усё, каб мазгі перацякалі з бяднейшых краін у іхныя).

І трохі асабістага. Мне сумна будзе, калі мае дзеці рашаць выехаць. Але нічога не зробіш: я іх не спыню, калі яны знойдуць каханне ці працу ў іншай краіне. Толькі мне ад гэтага будзе смутна. Я хацеў бы, каб яны сталі шчаслівыя тут і цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?