Мастацкая галерэя «Зоя» знаходзіцца ў цэнтры Варшавы, на вуліцы Каперніка. Тут бесьперапынна ладзяцца выставы найцікавейшых беларускіх мастакоў. Я завітала сюды, каб пагутарыць з уладальнікам галерэі спадаром Дарыюшам Жукоўскім пра тое, як пачуваецца ў Польшчы галерыст, які зрабіў стаўку на прэзэнтацыю беларускага мастацтва. Спадар Дарыюш вельмі заняты, пасьпяховы і вясёлы чалавек. І любімае ягонае слоўца: «Спакойна, спакойна!», мусіць, сугучнае з жыцьцёвым дэвізам.
«НН»: Пан Дарыюш, ці можам гаварыць па-беларуску?
Дарыюш Жукоўскі: Спакойна, спакойна. Я троху гавару па-беларуску.
«НН»: Вашая галерэя працуе два гады. Вы і раней займаліся галерэйным бізнэсам?
ДЖ: Раней займаўся беларускай музыкай. Прадусаваў музыкаў.
«НН»: Адкуль такая цікавасьць да Беларусі?
ДЖ: Ну, адкуль? Я зь Беласточчыны, з Гарадку.
«НН»: Лічыце сябе беларусам?
ДЖ: Так-так.
«НН»: Дык Вы наш чалавек у Варшаве?
ДЖ: Так ест!
«НН»: Раскажыце, як зьявілася ідэя адкрыць галерэю «Зоя»?
ДЖ: Калі я пазнаёміўся зь беларускімі музыкамі, а потым з мастакамі, я пабачыў, што ў Беларусі ёсьць цікавае мастацтва, якога тут, у Польшчы, зусім ня ведаюць. Вырашыў, што варта паказаць яго варшавянам і наогул палякам. А
называецца галерэя «Зоя» ў гонар мастачкі Зоі Луцэвіч,якая са мной супрацоўнічае і падкідае творчыя ідэі. «Зоя» па-грэцку азначае «жыцьцё», і мы імкнемся паказаць жыцьцё, паказаць чалавека ў ягоных розных праявах. Варшава пасярэдзіне між Менскам і Бэрлінам, але ўсе палякі глядзяць на захад, а на ўсход не глядзяць. Захацелася іх троху павярнуць да беларускага мастацтва.
«НН»: І як Вам гэта ўдаецца?
ДЖ: Цяжка! То значыць,
я яшчэ раблю іншую работу, зарабляю грошы, а на галерэю іх толькі выдаткоўваю.І зарабляць на галерэю трэба многа.
«НН»: Не сакрэт, дзе Вы зарабляеце грошы?
ДЖ: Не сакрэт. Я маю фірму, якая займаецца азеляненьнем Варшавы. Такая работа ў мяне. Добрая работа! Думаю, зь цягам часу галерэя таксама стане бізнэсам, але пакуль цяжка ідзе.
«НН»: Тым ня менш, Вы два гады займаліся галерэяй і не расчараваліся ў сваёй ідэі?
ДЖ: Яшчэ не! Не паддаюся, не стаміўся (сьмяецца).
«НН»: Ці вялікая Вашая фірма?
ДЖ: Вялікая, 400 чалавек работнікаў.
«НН»: Ого!
ДЖ: Спакойна, спакойна. Звычайнае прыватнае польскае прадпрыемства.
«НН»: Варшава такая дагледжаная і прыгожая. Тут столькі прыгожых і нават нечаканых расьлінаў.
ДЖ: Прыемна чуць. Гэта і нашая работа. Вялікія паркі, сквэры азеляняем, зімой ачышчэньне ад лёду, сьнегу — гэта нашая праца. Я паводле адукацыі лясьнік, скончыў школу лесьнікоў.
«НН»: Ці сям’я ня супраць таго, каб Вы трацілі грошы на галерэю? Жонка ня супраць?
ДЖ: Трошкі супраць. Але спакойна, спакойна. Яна з-пад Любліна. Мы зь ёй езьдзім да нас у Гарадок, вось былі на апошніх «Басах».
«НН»: Ці спадабалася «Басовішча»?
ДЖ: Не. Не хапала энэргіі, ідэі, як на мяне. Драйву не хапала, які я адчуваў там раней.
«НН»: Як Вы знаходзіце тых, каго выставіць у галерэі?
ДЖ: Праз знаёмых і знаёмых знаёмых. Адзін расказаў другому, другі трэцяму — так і знаходзім.
«НН»: Паводле якіх крытэраў іх адбіраеце? Як вырашаеце, што вось гэтага мастака мы пакажам, а таго — не.
ДЖ:
Мы не выстаўляем такіх мастакоў, якіх можна паглядзець у Старым Мясьце,можна так сказаць. Такіх натурыстаў, камэрцыйных. Мы хацелі б паказаць такую... як тут слова падабраць... такую вспулчэсну штуку...
«НН»: Сучаснае мастацтва. Авангарднае.
ДЖ: О! Так, так.
«НН»: Ці кантактуеце Вы зь беларускім пасольствам у Варшаве?
ДЖ: Не. Здаецца, у нас розныя мастацкія густы (сьмяецца). Але мы адкрытыя і зацікаўленыя ў супрацоўніцтве.
«НН»: Палякі ўвогуле адкрытыя для ўспрыманьня розных культураў?
ДЖ: Больш закрытыя. 60 на 40. А трэба было б 40 на 60 (сьмяецца). Чым больш адкрыты, тым лягчэй жыць.
«НН»: А ці беларусы закрытыя?
ДЖ: Так, яшчэ больш закрытыя. І яны ня ведаюць, куды глядзець, з каго браць прыклад.
«НН»: Ці часта ў Вас набываюць карціны?
ДЖ.: Рэдка, але бывае такое.
«НН»: Ці дорага купляюць?
ДЖ: Нядорага. Карціны добрыя, але каштуюць танна (сьмяецца). На жаль, пакуль пакупнікі рэдкія. Прычым самім беларусам, якія жывуць у Варшаве, беларускае мастацтва патрэбнае яшчэ менш, чым палякам (сьмяецца).
«НН»: Дык каму тады яно патрэбнае?
ДЖ: Можа, самім мастакам. Можа, такім людзям, як мы з вамі. Можа, спачатку мала каму, а потым стане больш каму патрэбнае. Каб так адразу ўсё выйшла, не бывае. Як там кажуць? Кропля камень точыць.
«НН»: У Вашай галерэі выстаўляюцца ня толькі беларусы?
ДЖ: Ня толькі. І палякі, і немцы, і румыны. Але беларусаў, бадай, найбольш. Я б хацеў, каб як мага больш іх было.
«НН»: Чым адрозьніваюцца беларускія мастакі? Ці мастацтва ўнівэрсальнае?
ДЖ: Мастацтва ўнівэрсальнае. Але беларускія мастакі цікавейшыя за многіх іншых. Агульны ўзровень іх высокі.
«НН»: Хто Вам падабаецца зь беларускіх мастакоў?
ДЖ: Лёнік Тарасевіч, Артур Клінаў, Вова Цэсьлер. Яны падабаюцца мне і як людзі, ня толькі як мастакі.
«НН»: Артур Клінаў яшчэ і пісьменьнік.
ДЖ: Так! Ягоную кнігу ў нас можна купіць.
«НН»: Ці ведаеце беларускіх пісьменьнікаў?
ДЖ: Троху чытаю па-беларуску. Але найбольш ведаю беларускую літаратуру праз паэзію, якую выкарыстоўвае ў сваіх песьнях Зьміцер Вайцюшкевіч.
«НН»: Як Вы рэклямуеце сваю галерэю?
ДЖ: Звычайна. Праз маркетынг нармальны. Праз газэты, радыё, тэлебачаньне. Вось мая памочніца, пані Анна, рыхтуе прэс-рэліз пра нашую наступную выставу. Анна, што там у нас будзе? Выстава беларускіх мастакоў Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна «Графіці рацыянальнага разьвіцьця», потым будзе выстава амэрыканскага мастака, потым з Брусэлю прыедзе рухомая выстава беларускага плякату. Да слова, нам бы хацелася завязаць кантакты з галерэйшчыкамі зь Менску, каб разам рыхтаваць выставы і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць.
«НН»: Ці часта бываеце ў Менску?
ДЖ: Тры разы быў.
«НН»: Ці бачыце ў Менску Беларусь?
ДЖ: Так.
«НН»: У чым?
ДЖ: У людзях.
«НН»: Якія спрэс гавораць па-расейску...
ДЖ: О! Так! Якім не патрэбнае мастацтва, а патрэбныя грошы, машына, ежа...
«НН»: Дык Беларусь, па-Вашаму, такая?
ДЖ: А па-Вашаму якая?
«НН»: Я жыву ў іншым коле. Мая сябры, ведаеце, гавораць па-беларуску, хоць, канечне, ім таксама трэба ежа і машыны. Але насамрэч Беларусь такая парадаксальная краіна, што беларускасьць крыецца, можа, ня так у мове, як у нейкіх мэнтальных, культурніцкіх рэчах. І яна ўзрастае. Аднак, прыехаўшы ў Менск, Вы сапраўды можаце не пачуць беларускага слова. Беларускасьць разьвіваецца дзякуючы і такім людзям, як Вы.
ДЖ: Але скажыце, колькі незалежных галерэй у Менску? Іх можна пералічыць па пальцах рукі. І гэтага мала на такі вялікі горад. Там папросту няма куды пайсьці... Ці вось яшчэ: Вы працуеце ў «Нашай Ніве». Які яе наклад? 2000. А колькі людзей у Беларусі? 10 мільёнаў. Дык што такое на такую колькасьць насельніцтва дзьве тысячы асобнікаў «НН»?
«НН»: Дык Вы ж самі гаворыце: ня ўсё адразу, кропля камень точыць! (Сьмяемся)
ДЖ: Спакойна, спакойна! Давайце мы тут у галерэі будзем прадаваць Вашую газэту. Той, хто хоча пазнаёміцца з газэтай, зможа зрабіць гэта тут. І кніжкі вашыя давайце сюды, будзем прадаваць. Не хачу, каб на Беларусь глядзелі праз Расею. Але мне здаецца, што
самі беларусы ня ведаюць, як жыць.
«НН»: А палякі ведаюць, як жыць?
ДЖ: Думаю, ужо ведаюць.
«НН»: Ведаеце, як жыць? Раскажыце.
ДЖ: Спакойна, спакойна! Гэта ўжо філязофія! Гэта другім разам.