Перад Алімпіядай у Сочы ў 2014 годзе намеснік міністра спорту Расіі Юрый Нагорны звяртаўся да адмыслоўцаў з расійскага антыдопінгавага кантролю з просьбай падмяніць на пазітыўную чыстую допінг-пробу ўкраінскай біятланісткі Віты Семярэнкі, паведамляе «New York Times» са спасылкай на збеглага ў ЗША былога кіраўніка маскоўскага аддзялення расійскага антыдопінгавага агенцтва Грыгорыя Родчанкава.

Грыгорый Родчанкаў

З ягоных словаў, Родчанкаў адмовіўся зрабіць гэта, бо разумеў як спецыяліст, што паўторны аналіз выявіць факт, што прэпарат быў у пробу падсыпаны, а не прайшоў праз арганізм спартсменкі. Таму ў просьбе Нагорнаму адмовіў.

«Ён быў асабліва заклапочаны тым, што ўкраінская каманда біятланістак можа стаць найбольш сур'ёзным супернікам расейскай жаночай каманды падчас гульняў. Але за маю кар'ёру я вельмі шмат разоў падмяняў пазітыўныя пробы на чыстыя — і ніколі — наадварот», заявіў Родчанкаў.

У жніўні гэтага года ў ЗША выйшаў дакументальны фільм «Ікар», які распавядае пра дэталі пераезду доктара Родчанкава ў ЗША і гісторыю выкрыцця арганізаваных на ўзроўні ўраду допінг-практык у расійскім спорце. Па выніках міжнароднага расследвання, якое стала магчымым дзякуючы інфармацыі, атрыманай ад Родчанкава, расійская алімпійская зборная пазбаўленая ўжо 11 медалёў Сочынскай зімовай алімпіяды.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна