Значную частку сябраў раённых і гарадскіх выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў традыцыйна складаюць прадстаўнікі 5-6 праўладных грамадскіх арганізацый, паведамляе spring96.org.

Гэта РГА «Белая Русь», РГА «БРСМ», Грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз афіцэраў і афіцыйныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Аднак хто ж на самай справе замаскіраваўся пад шыльдамі грамадскіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзянаў шляхам падачы заяў?

У складзе Мінскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў — 13 сябраў, якія вылучаны ад партый, грамадскіх аб'яднанняў, шляхам падачы заяў і … аніводнага вылучэнца ад працоўных калектываў. З іх 8 — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў вобласці, начальнікі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта.

Прыкладна такое ж «прадстаўніцтва» дырэктарата ў складзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, куды пад маскай грамадскіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзянаў шляхам падачы заяў патрапілі сем кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў абласнога цэнтра.

Віцебская раённая выбарчая камісія таксама не стала выключэннем з практыкі схаванага вылучэння начальнікаў і кіраўнікоў раённых службаў і аддзелаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і падачы заяў (6 з 13).

Не лепшым чынам выглядае сітуацыя і з фарміраваннем Гродзенскай абласной выбарчай камісіі, якая складаецца з кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, іх філіялаў і навуковых устаноў (5 з 13), а таксама з кіраўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у камісію (4 з 13). Сакратар абласной камісіі Андрэй Кухто, які быў вылучаны Гродзенскай абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, з'яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама.

А вось у складзе Гродзенскай гарадской выбарчай камісіі даволі шмат працаўнікоў сферы адукацыі (5 з 13). Таксама ў камісію ўвайшлі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, работнікі сферы аховы здароўя, першы сакратар Кастрычніцкага РК «БРСМ» і два супрацоўнікі Гродзенскага выканкама, якія, дарэчы, вылучаліся шляхам збору подпісаў.

Рэкардсменам жа выступае Глыбоцкая раённай выбарчая камісія: у яе складзе аж 10 схаваных ад людскіх вачэй кіруючых работнікаў розных узроўняў, альбо 77% ад усяго складу.

І гэта пры тым, што партыйныя вылучэнцы прадстаўленыя ў камісіях вельмі сціпла: шмат дзе абраныя вылучэнцы альбо ад КПБ і Партыі працы і справядлівасці, альбо толькі ад адной з гэтых партый (Гомельская гарадская, Веткаўская, Жлобінская, Кармянская, Рэчыцкая, Рагачоўская, Мазырская раённыя выбарчыя камісіі), ЛДП (Мінская і Магілёўская абласная камісія). Яшчэ горш сітуацыя з прадстаўніцтвам у камісіях вылучэнцаў дэмакратычных апазіцыйных партый, якіх за выключэннем прадстаўніка АГП, практычна няма.

«Рэзервам» для больш шырокага прадстаўніцтва ў складзе камісій праўладных грамадскіх арганізацый з'яўляюцца тыя ж вылучэнцы ад грамадзян шляхам падачы заяў, якіх, як правіла, налічваецца па 3-4 у кожнай камісіі.

Так, у склад Гомельскай гарадской камісіі вылучана шляхам падачы заявы Наталля Мамрукова, якая з'яўляецца намеснікам старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь». А ў склад Светлагорскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі тры прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад ФПБ. Яшчэ ж столькі прафсаюзных функцыянераў «замаскіравалася» пад графой: «шляхам падачы заяў». Усяго — 6.

У катэгорыю вылучаных грамадзянамі шляхам падачы заяў, як правіла, трапляюць адказныя работнікі райвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і медыкі. З чатырох сябраў Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў — 2 педагогі і чыноўнікі райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?