Выгадныя кантракты для эўрапейскіх кампаній не прывядуць да аднаўленьня палітычных і культурных свабодаў у нашай краіне. Таму ўнутры краіны ўсе размовы пра «лібэралізацыю» выклікаюць скепсіс або сьмех. Піша Андрэй Павач.

Польскія публіцысты марнуюць масу паперы, прапануючы чытачам свае вэрсіі рэзкага «пацяпленьня» ў адносінах ураду Польшчы да афіцыйнага Менску. Польшча, якая ў Брусэлі заўсёды была самым зацятым прыхільнікам санкцый супраць беларускага ўраду, цяпер у асобе міністра замежных спраў Р. Сікорскага хадайнічае аб зьняцьці часткі санкцый пры ўмове «правядзеньня дэмакратычных выбараў».

Асабліва ўражваюць апошнія весткі аб тым, што ў імя паляпшэньня адносін Варшавы і Менску польскае МЗС гатовае нават ахвяраваць галоўным змагаром за правы палякаў у Беларусі — лідэрам непрызнанага «Саюзу палякаў Беларусі» А. Борыс. Беспрэцэдэнтная і, трэба адзначыць,

рызыкоўная акцыя польскіх дыпляматаў найчасьцей знаходзіць у польскіх журналістаў адно тлумачэньне: «Калі беларусы самі ня ў стане правесьці дэмакратычныя зьмены ў сваёй краіне — іх трэба дамагчыся саступкамі і палітычна-эканамічным лявіраваньнем».

Тым ня менш, «беларускае пытаньне» на фоне грузінска-расейскага канфлікту і ўнутраных праблем не займае ў польскіх газэтах першых старонак. Польскае грамадзтва ў пэўнай меры ўспрымае дзеяньні свайго МЗС як працяг антырасейскай палітыкі па пошуку саюзьнікаў, якую запачаткавалі жнівеньскія падзеі на Каўказе. Аднак, гледзячы па ўсім, гэта не зусім праўда. У перамовах зь беларускім урадам удзельнічае выключна польскае міністэрства замежных спраў на чале з Радаславам Сікорскім, найбліжэйшым паплечнікам прэм’ера Д. Туска, а менавіта МЗС паддала ў свой час жорсткай крытыцы візыт прэзыдэнта Качынскага ў Тбілісі. У сваю чаргу Л. Качынскі, камэнтуючы перамовы беларускага і польскага міністраў замежных спраў у Белавескай пушчы, адзначыў, што іх ініцыятыва зь яго боку не сыходзіла. Выглядае на тое, што

палітычная гульня ўраду Д. Туска ў дачыненьні да Беларусі матывуецца галоўным чынам жаданьнем атрымаць канкрэтныя эканамічныя выгады
ад гандлю з усходнім суседам і ўзьняць свой палітычны аўтарытэт у Брусэлі.

Беларускі ўрад з задавальненьнем прымае прапанаваныя яму ўмовы гульні. Выпушчаныя з турмы некалькі вязьняў, Цэнтравыбаркам прымае шэраг «беспрэцэдэнтных рашэньняў», а Ярмошына разам зь Пяткевіч і ўсімі іншымі ўжо бачаць сябе на міжземнаморскіх пляжах.

Цяпер спынімся на тым, што можа даць беларускаму грамадзтву гэтае так званае «пацяпленьне», нават калі б яно рэальна пачалося. Шэраг сумнеўных эканамічных карысьцяў, якія калі каму і будуць на карысьць, то толькі рэжыму? Ці, можа, дэмакратычныя выбары, хоць сапраўды

дэмакратычныя выбары магчымыя ў краіне толькі пасьля сама меней году нармальнага функцыянаваньня ўсіх палітычных і грамадзкіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі
? Ці паляпшэньня візавага рэжыму, хоць такое рашэньне можа быць прынятае адно ў Брусэлі, а ніяк ня ўрадам Д. Туска? Думаю, усё гэта мала зьменіць сытуцыю ў краіне, насельніцтва якой мела толькі адныя дэмакратычныя выбары, дый тое пятнаццаць год таму. Ва ўсякім разе замежнапалітычнае лявіраваньне беларускай улады — гэта ня больш чым імкненьне стварыць прыгожую карцінку для тэлебачаньня ўнутры і па-за межамі Беларусі толькі з адной мэтай — захаваць унутры краіны існы стан рэчаў. Што ж датычыць замежнапалітычных прыярытэтаў, то, перакананы, прыцягальная сіла расейскіх газавых труб акажацца мацнейшай за ўсе абяцанкі. Замежнапалітычны курс ня зьменіцца, і яскравым доказам гэтага будзе, здаецца, даволі хуткае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Усё, што сёньня робіць сваімі акцыямі Эўропа ў асобе Р. Сікорскага, толькі стварае для Лукашэнкі больш спрыяльную каньюнктуру ў гандлі з Расеяй за энэрганосьбіты.

Напрыканцы яшчэ адна выключная водле сваёй важнасьці рэч, якая, на думку аўтара, пераважае ўсе астатнія плюсы і мінусы міфічнага «пацяпленьня» і на якую зусім не зьвяртаюць увагі заходнія публіцысты і аналітыкі. Беларусі

разам з агульнапрызнанымі дэмакратычнымі свабодамі патрэбна буйнамаштабнае адраджэньне нацыянальнага жыцьця,
пад якім я разумею прызнаньне нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных, шырокую кампанію па пашырэньні ўжываньня беларускай мовы і прапагандзе нацыянальных каштоўнасьцяў, сур’ёзную і рэальную (у адрозьненьне ад папярэдніх) рэформу сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Толькі гэта дасьць нам магчымасьць умацаваць свой нацыянальны гонар, пачуцьцё адказнасьці ня толькі за сябе і сваіх блізкіх, але і за ўвесь народ. Бяз гэтага немагчымае дасягненьне ўсіх далейшых мэтаў: дэбюракратызацыі, разьвіцьця мясцовага самакіраваньня, пашырэньня прыватнай ініцыятывы…

Многія аўтарытэтныя навукоўцы і публіцысты, якія шукалі вытокаў перамогі «аранжавых» ва Ўкраіне, цяпер прызнаюць, што разам зь іншымі фактарамі адной з галоўных прычын аранжавай рэвалюцыі была высокая нацыянальная сьвядомасьць яе шараговых удзельнікаў, якая дала вынік у выглядзе актыўнай грамадзянскай пазыцыі пад час лёсавызначальных для сваёй краіны падзеяў.

Аднак наўрад ці такі фактар у прагнозах адносна Беларусі ўлічваецца эўрабюракратамі з Брусэлю, а некаторым з нашых суседзяў ён наагул можа падацца небясьпечным. Думаю, што ня толькі Расею, але ў значнай ступені Польшчу і Літву палітычнае становішча ў сучаснай Беларусі задавальняе хоць бы з адной прычыны — гэтыя краіны робяць усё магчымае, каб падтрымаць свае дыяспары па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі, наша ж краіна сваім стаўленьнем да нацыянальных каштоўнасьцяў аддала на паступовую асыміляцыю сотні тысяч суайчыньнікаў за некалькі кілямэтраў ад пагранічных пераходаў з чырвона-зялёным сьцягам і надпісам «Республика Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?