Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін даў вялікае інтэрв'ю «Рэспубліцы». Прыводзім вытрымкі, датычныя яго інтарэсаў.

Аляксандр Шумілін. Фота Артура Прупаса

Аляксандр Шумілін. Фота Артура Прупаса

* * *

Пасля заканчэння школы для круглага выдатніка і залатога медаліста Аляксандра Шуміліна ўсе шляхі былі адкрыты. Запрашалі нават у Маскву займацца касмічнымі даследаваннямі. Але ён абраў факультэт робататэхнікі Беларускага політэхнічнага інстытута. І выбар, як паказала жыццё, быў правільным. Менавіта яму даверылі ўзначальваць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.

— Аляксандр Генадзевіч, навука — мара вашага жыцця або былі сумневы? І з чаго ўсё пачыналася?

— Я быў пераможцам выязных абласных алімпіяд па фізіцы і хіміі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. І мяне запрашалі паступаць у Маскву ў МФТІ займацца касмічнай праблематыкай. Як у залатога медаліста, мае шанцы былі высокія. Але захапленне робататэхнікай перамагло. Першы і адзіны ў СССР факультэт робататэхнікі адкрыўся ў Мінску ў політэхнічным інстытуце. Я, як прагматык, меркаваў так: касмічная галіна перспектыўная, прыбытковая, цікавая, але вузкая. І ў плане працы, і ў плане жыцця. То бок калі ты праекціроўшчык касмічных караблёў, то гэта на той момант «закрытыя», сакрэтныя пляцоўкі, мікрагарады. А робататэхніка давала больш шырокія гарызонты. І па працаўладкаванні ў тым ліку. А я тады думаў пра перспектывы.

— А памятаеце свой першы заробак? На што яго выдаткавалі?

— Я яшчэ ў школе атрымаў другі разрад па радыёканструяванні. Гэтае захапленне застаецца са мной і сёння — мне цікавыя ўсе новыя тэхналогіі. Не толькі з пункту гледжання іх з'яўлення, але і з практычнага боку. Сёння развіваецца электрамабілебудаванне, і дзякуючы гэтаму свайму захапленню я добра знаёмы з электрапрывадамі. Гэта цэняць галоўныя канструктары прадпрыемстваў. Бо заўсёды з першых пытанняў зразумела, у тэме ты ці не.

Што да першых грошай, вядома, я пра іх памятаю. Мне было дванаццаць, і я на летніх канікулах працаваў у калгасе. Не будзеш жа цэлы дзень ляжаць на рэчцы! Летам у калгасе шмат працы — гэта і ўборка збожжавых, саломы, касьба. Я родам з вёскі, так што ўсё гэта ўмеў. Дарэчы, магу з упэўненасцю сказаць: каня я змагу запрэгчы і сёння.

На першыя грошы я купіў паяльную станцыю. Гэта было дорага. Не кожны мог сабе гэта дазволіць. А другія больш сур'ёзныя грошы зарабіў у старэйшых класах. Тады мы зрабілі дзеючы цалкам аўтаматызаваны стэнд для КПК. Ён імітаваў чыгуначны пераезд. Там рухаліся цягнікі, машыны, якія на пераездах спыняліся. Такі дапаможнік для кіроўцаў.

Наогул, я спрабаваў падпрацаваць заўсёды. У студэнцтве ўдзельнічаў у выкананні гаспадарчых дамоўных тэмаў, звязаных як з электрапрывадам, так і з эканомікай, кіраваннем. Атрымліваў амаль столькі ж, колькі стыпендыя студэнта дзённага аддзялення, а то і больш, — цалкам сур'ёзная падпрацоўка. То бок прынцып той жа камерцыялізацыі інавацый, які мы рэалізуем і цяпер. Са школы, студэнцтва я быў на гэта нацэлены. Не проста зрабіць нешта як хобі, але зрабіць тое, за што могуць заплаціць.

— Калі бывае вольная хвіліна, вы…

— Вельмі люблю лес, прыроду, прагулкі. Пасядзець на беразе возера, паглядзець на ваду. Атрымліваецца гэта нячаста, але стараюся бываць на прыродзе пры першай жа магчымасці. Напэўна, гэтая любоў родам з дзяцінства. Мы часта выязджалі з бацькамі ў паходы, у грыбы. Жылі тады ў Віцебскай вобласці, а там заўсёды былі грыбныя краі. Так што ў грыбах разбіраюся вельмі добра. Дарэчы, у гэтым годзе ў лясах з'явіліся нетыповыя для нашых мясцінаў рыжакі.

Іншае маё захапленне — гэта тэатр. Студэнтам наведваў яго часта. Люблю бываць там і цяпер. Падабаюцца спектаклі Тэатра кінаакцёра. Асабліва маладзёжныя. Люблю Тэатр музкамедыі. Асабліва пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў, у прыватнасці «Дуброўскага». Яна мяне ўразіла. У плане ігры моладзі — яны ўжо прафесіяналы высокага ўзроўню. Плюс малады запал. Гэта дарагога варта. І класічныя рэчы можна падаваць па-новаму.

Трэцяе — гісторыя. Як толькі атрымліваецца, а да нас часта прыязджаюць замежныя дэлегацыі, я імкнуся выехаць, паказаць ім найлепшае, што ў нас ёсць. І самому яшчэ раз паглядзець краіну разам з імі. Напрыклад, з кітайцамі пазалетась мы былі ў Брэсцкай крэпасці. Ім вельмі спадабалася. Некаторыя факты я ім распавядаў акрамя гіда. Яны, дарэчы, вельмі цікавяцца гісторыяй і культурай. Расійскую дэлегацыю ў гэтым годзе мы вазілі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцо. Беларусь — больш краіна сельскагаспадарчая, так склалася гістарычна. Так што ім, і нам разам з імі, было вельмі цікава зірнуць на гісторыю беларускай вёскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0