Не пасьпеў Аляксандар Лукашэнка запрасіць у госьці прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Таба Мбэкі, як той нечакана перастаў быць кіраўніком дзяржавы.
Што ж гэта азначае? Найперш перамогу віцэ-прэзыдэнта краіны Джэкаба Зумы.

Мбэкі неаднаразова спрабаваў пасадзіць яго ў турму па абвінавачаньні ў карупцыі, цяпер Зума аўтаматычна робіцца кандыдатам ад кіраўнічай партыі Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК) на наступных выбарах. Аднак суперніцтва Мбэкі і Зума — гэта ня проста ўнутрыпартыйная барацьба двух лідэраў, за ім хаваецца адвечная для Афрыкі пляменная варожасьць. Мбэкі, як і Мандэла, прадстаўляе народ коса, Зума — ваяўнічых зулусаў.

Суперніцтва зулусаў і коса мае даўнія традыцыі. У свой час АНК узначальваў зулус Альбэр Лутулі — першы афрыканец, які атрымаў Нобэлеўскаю прэмію міру. Калі ж на чале кангрэсу стаў Мандэла, у кіраўніцтве сталі пераважаць коса.

Зулусам гэта, натуральна, не спадабалася, і яны ўтварылі ўласную партыю «Інката», якая вяла барацьбу з Кангрэсам і фінансавалася сакрэтнай паліцыяй Прэторыі. Зразумела, гэта не спрыяла сяброўству паміж коса і зулу. Многія

зулусы мараць аб сваёй дзяржаве; басута, свазі, тсвана адчуваюць большую сувязь са сваімі супляменьнікамі ў суседніх краінах (адпаведна зь Лесота, Свазілэндам, Батсванай),
чым з Тсванэ, як цяпер называецца Прэторыя. Не забылася і расавая нянавісьць. Большасьць чорных па-ранейшаму жывуць у галечы і зь нядобрай зайдрасцю паглядаюць на багатых белых і азіятаў. Па колькасьці забойстваў на расавай глебе ПАР нават перасягае суседнюю Зымбабвэ.

Сярод белых найбольшую частку складаюць буры — нашчадкі галяндзкіх каляністаў ХVІІ ст. Буры падкрэсьліваюць, што іх Радзіма — Афрыка, а не Эўропа. Яны складалі пануючую групу ў часы апартэіду, і ім асабліва цяжка зьмірыцца са стратай становішча «старэйшага брата». Буры мараць аб аднаўленьні сваёй дзяржавы, хоць бы ва ўсечаным выглядзе. Нельга не сказаць і аб такой групе насельніцтва, як каляровыя, якія ўтварыліся ад сумесі эўрапейцаў з афрыканцамі. Белыя ня лічаць іх сваімі, а чорнымі яны самі сябе ня хочуць прызнаваць. У каляровых ёсьць свой цэнтар — правінцыя Заходні Кейп. Ня выключана, што і яны захочуць сваёй рэспублікі.

Яшчэ ў 1994 г. некаторыя аналітыкі прадказвалі Паўднёвай Афрыцы «парад сувэрэнітэтаў».

Маральны аўтарытэт Н. Мандэлы дазволіў захаваць адзінства краіны, але ні ў кога зь яго наступнікаў няма такога аўтарытэту.
Ці ня пойдзе новы прэзыдэнт краіны, каб захаваць гэтае адзінства, зымбабвійскім шляхам дыктатуры і расавай нянавісьці? Такі сцэнар хвалюе сьвет, бо ПАР яшчэ ў 1980-я гг. мела атамную бомбу. І хоць на пачатку 90-х Паўднёвая Афрыка, як і Беларусь, адмовілася ад ядравага ўзбраеньня, у краіне застаецца ўсё патрэбнае, каб гэтае ўзбраеньне аднавіць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?