AP

AP

Як паведамляе агенцтва Reuters, прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр аль-Абадзі падчас выступу на канферэнцыі ў Багдадзе заявіў пра тое, што ўзброеныя сілы краіны ўзялі пад кантроль пустынныя раёны на захадзе, а таксама ўчастак сірыйска-іракскай мяжы. Як зазначыў кіраўнік урада, гэта азначае заканчэнне вайны супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы», якія «цалкам разгромленыя і адкінутыя за межы Ірака».

«Мы разграмілі ІД дзякуючы адзінству і гатоўнасці да самаахвяравання. Няхай жыве Ірак і яго жыхары», — сказаў Аль-Абадзі.

Аб поўным вызваленні заходняга Ірака паведаміў і генерал-лейтэнант Абдул-Амір Рашыд Яр Алах, камандуючы арміяй. Паводле яго слоў, уся тэрыторыя ачышчана ад банд тэрарыстаў.

Атрады ІД уварваліся ў Ірак у 2014 годзе і за лічаныя тыдні занялі траціну тэрыторыі краіны, у тым ліку буйныя гарады Масул і Тыкрыт. Пад пагрозай апынулася і сталіца Ірака Багдад, аднак у выніку наступ баевікоў удалося спыніць.

На працягу трох гадоў іракская армія пры падтрымцы кааліцыі на чале з ЗША вызваляла раён за раёнам ад баевікоў ІД. Да ліпеня ёй удалося выбіць тэрарыстаў з Масула, а да лістапада дасягнуць сірыйскай мяжы. Апошнія тыдні баі ішлі ў пустынных раёнах на захадзе краіны, дзе заставаліся разрозненыя атрады баевікоў.

Адначасова сірыйская армія пры падтрымцы ВКС Расіі, а таксама курдскія атрады прабіліся да мяжы з другога боку, вызваліўшы большасць населеных пунктаў у правінцыях Рака і Дэйр-эз-Зор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?