Бярозаўская ДРЭС у Белаазёрску.

Бярозаўская ДРЭС у Белаазёрску.

Царква Сьв. Серафіма Сароўскага.Самая маладая гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі.

Царква Сьв. Серафіма Сароўскага.
Самая маладая
гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі.

Пяцідзясятніцкая царква Сьв. Тройцы па прыгажосьці не саступае праваслаўнай.

Пяцідзясятніцкая царква Сьв. Тройцы
па прыгажосьці
не саступае праваслаўнай.

Белае возера. Дзякуючы ДРЭС, вада тут не астывае да кастрычніка

Белае возера. Дзякуючы ДРЭС, вада тут не астывае да кастрычніка

Чорнае возера некалі жывіла сыстэму графскіх сажалак.

Чорнае возера некалі жывіла сыстэму графскіх сажалак.

На сьцяне гэтага дому нядаўна жыла Беларусь.

На сьцяне гэтага дому нядаўна жыла Беларусь.

Беларускі поўдзень -- пірамідальныя таполі.

Беларускі поўдзень -- пірамідальныя таполі.

Галоўная брама ў Песках. Ёй пашчасьціла захавацца да нашых дзён

Галоўная брама ў Песках. Ёй пашчасьціла захавацца да нашых дзён

Маладыя гарады, што нібы зь нічога ўзьніклі ў савецкі час у якасьці непазьбежнага дадатку да якога-небудзь чарговага прамысловага гіганту, часам тояць у сабе сюрпрызы. Як Жодзіна, якое, дзякуючы дапытлівасьці мясцовых краязнаўцаў, пасталела больш як на тры стагодзьдзі, ці маладыя Новалукомль і Наваполацак, што дадалі ў сваіх назвах да прыстаўкі Нава- імёны сваіх сівых суседзяў. У дзясятак разоў маладзейшы за суседнюю Бярозу Белаазёрск -- тое яшчэ места.

«Адкуль вы, дзетачкі, з Грэсі?»

Трохі гісторыі. Белаазёрск, як і шмат якія падобныя паселішчы, пачынаўся з пабудовы працоўнага пасёлку. Першыя баракі ўзьніклі на краі вёскі Ніўкі ў 1958 г. Пра горад яшчэ ніхто не гаварыў і ДРЭС, якую злучылі зь Белым возерам сыстэмай каналаў, назвалі Бярозаўскай — у гонар бліжэйшага да яе раённага цэнтру Бярозы. Праз два гады пасёлак спачатку назвалі Бярозаўскім, а пасьля ахрысьцілі нарэшце Белаазёрскам. Гарадзкі статус ён набыў у 1970 г. Але шмат хто з старых жыхароў навакольных вёсак дагэтуль ня звыкнецца з такім суседзтвам. Так і пытаюць у дзяцей, што шыбуюць да аднаго з азёраў: «Адкуль вы, дзетачкі, з Грэсі?».

На сёньня жыхарства Белаазёрску набліжаецца да трынаццаці з паловай тысячаў чалавек. Акрамя ДРЭС, што дае ладнай частцы беларусаў сьвятло ў дом, тут працуе энэргамэханічны завод, запчасткі якога набываюць ня толькі нашыя суседзі, але й далёкія Куба зь Іракам. Беларуска-гішпанскае прадпрыемства «Белкельме» абувае аматараў спартовага абутку ў красоўкі зь лягатыпам у выглядзе кашэчай лапы. Ёсьць тут чыгуначная станцыя з навюткім вакзалам. Ды працы ў невялікім горадзе ўсім не хапае, таму найбольш актыўныя знайшлі яе ў Бярозе, а хто-ніхто і ў Менску. Мясцовыя дзеткі наведваюць дзьве школы і гімназію, малеча — шэсьць садкоў, частка выпускнікоў — мясцовы каледж. Перад маладымі бацькамі стаіць ня толькі пытаньне працаўладкаваньня, але й жыльля, бо ў Белаазёрску новыя дамы амаль не будуюцца. Нярэдкая зьява — арэнда кватэраў і пакояў. Кватэры каштуюць амаль як у абласным Берасьці, і набываюцца вельмі хутка — як толькі пайшла пагалоска.

Ахоўваецца гісторыяй

Нягледзячы на адносную маладосьць, горад энэргетыкаў мае сваю гісторыка-культурную каштоўнасьць. Пра гэта сьведчыць шыльда на мясцовай праваслаўнай царкве, закладзенай у 1994 г. у гонар сьв. Серафіма Сароўскага. У сваёй прыгажосьці храм спаборнічае зь пяцідзясятніцкай царквой Сьв.Тройцы, што разьмясьцілася трохі ў баку ад таго самага месца, зь якога пачынаўся некалі горад. Побач з пратэстанцкім храмам сярод акуратна пастрыжаных кустоў бруяцца фантаны, браму ўпрыгожваюць анёлы. Праваслаўныя не адстаюць — перад царквой зрабілі стаянку, на ходніках кладуць новую плітку. Але гэта ўсё немаўляты ў параўнаньні з тым, што можна пабачыць у навакольлі Белаазёрску, а менавіта ў суседняй вёсцы Пескі, дзе захаваліся рэшткі сядзібы і парку славутага роду Пуслоўскіх. Сядзіба тая вядомая з ХVI ст. Да пажару 1843 г. тут быў палац, у якім захоўвалася багатая калекцыя жывапісу. У ХVIІІ ст. побач з палацам разьбілі цудоўны парк, у ім выкапалі сажалкі, якія напаўняліся водамі Чорнага возера праз адмысловую сыстэму каналаў. Пасьля пажару пад жылое памяшканьне перабудавалі стайню. Гэты будынак з чатырма калёнамі захаваўся да нашых дзён, як і парк, сьпіртзавод, каравульнае памяшканьне і дзьве брамы.

Вось каб жа...

Сядзібна-паркавы комплекс, як сьведчыць шыльда, ахоўваецца дзяржавай, аднак заходняя вежа як стаяла паўразбураная насупраць калгаснай фэрмы, так і стаіць. Былых магнатаў даўно няма, але да парку ўжо падбіраюцца харомы новых гаспадароў жыцьця. Сярод старых дрэваў любяць папіць гарэлкі маладыя людзі з гораду. У былой стайні-сядзібе месьціцца турбаза, над якой навісае надбудаванымі паверхамі сьпіртзавод. Думаецца, што карысьці з таго, што ацалела, можна было б атрымліваць нашмат болей, чым ад пескаўскай гарэлкі ды паслугаў лядашчай турбазы. Сажалкі так і просяцца, каб іх пачысьцілі і засялілі рыбай. Парк дагэтуль ня страціў былыя рысы і прыгажосьць. Азёры, што Чорнае, што Белае, нават у самы гарачы сэзон ня ведаюць і блізка той колькасьці наведнікаў, як шмат меншая Сьвіцязь. У самым Белаазёрску, побач з праваслаўнай царквой стаіць аздараўленчы цэнтар «Берасьцеэнэрга». Выглядае як ня горшы гатэль, ці прэстыжны курортны санаторый. У нешта падобнае ператварыўся былы пансіянат на той жа Сьвіцязі, то няблага было б і на тутэйшых азёрах нешта прыдумаць, бо інфраструктура адпачынку тут амаль адсутнічае. А прыклады, як можна зрабіць, ёсьць. На высьпе аднаго з азёраў у Бярозаўскім раёне прадпрымальнік збудаваў хатку і цяпер за грошы здае яе турыстам.

На Саладуху за 25 тысячаў

Канцэрты прывазных зорак ў мясцовым ДК — падзея рэдкая. Таму квіткі на якога Саладуху разыходзяцца ў момант, ня гледзячы на амаль менскія цэны. Вясной прыяжджаў Фінберг з аркестрам — вольных месцаў было вобмаль. Тое самае і ў Капылі, і ў Шаркаўшчыне. Неяк казаў пра тое Зьмітру Вайцюшкевічу. Хто-хто, а ўжо ён зачараваў бы мясцовых паляшучак выкананьнем «Зялёнага дубочка». Мясцовая эстрада прадстаўленая ансамблем танцу «Журавінка» і студыяй эстраднай песьні «БЭЗ» (на блытаць з расьлінай – гэта ўсё той жа энэргамеханічны завод). Ёсьць тут і альтэрнатыўная сцэна і нават незалежны лэйбл «Экстрэмальная музыка». Адзін з тутэйшых сайтаў мае рубрыку «Літаратура ў горадзе», але інфармацыі на старонцы небагата – партрэты мясцовых паэта і празаіка. Дзіўна, але пра цудоўную паэтку Ніну Мацяш тут ні слоўца.

Палёт малой авіяцыі і кол. худ. самадзейнасьць

Яшчэ колькі гадоў таму некаторыя вуліцы Белаазёрску нагадвалі паваенную забудову Наваградку ці Карэлічаў. Двух-, трохпавярховыя дамкі з пакатымі стрэхамі, выкладзеныя жаўтаватай вузкай цэглай. Цяпер сьцены тых дамоў хаваюцца пад тоўшчай тэрмафутра, разам з цэглай з вачэй зьнікаюць пісягі смалы, якой залівалі штогод прарэхі ў страсе і нацыянальныя надпісы. Мясцовы гатэль страціў камуністычную спадчыну ў выглядзе надпісу «50 год савецкай уладзе» і набыў новы гонтавы дах. На ходніках асфальт саступіў месца плітцы, зазелянелі газоны. Перад самым сьвяткаваньнем, калі ўсчаліся дажджы, пачалі фарбаваць прыпынкі і платы. Горад усё лета рыхтаваўся да юбілею. Чакалі высокае начальства з вобласьці. З афішаў, намаляваных ад рукі, стала вядома, што ў сьвяточнай праграме будуць сюрпрызы: акрамя звыклых выязнога гандлю і выступаў «кол.худ.самодеятельності», заплянавалі і палёты малой авіяцыі.

Зь юбілеем, Горад Белага Возера!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?