Былы палітвязень А. Казулін у Нью-Ёрку сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс.

Як заявіў Аляксандар Казулін пасьля сустрэчы, пад час гутаркі ён «адчуў сапраўдную зацікаўленасьць Буша і Райс праблемай Беларусі. Больш за тое — я зразумеў, што і будучая адміністрацыя Белага Дому, якая б яна не была, будзе ўважліва ставіцца да сытуацыі ў Беларусі».

Пасьля гутаркі з Джорджам Бушам і Кандалізай Райс Аляксандар Казулін сустрэўся са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і лідэрамі беларускай дыяспары ЗША.

Вось што сказаў былы палітвязень для радыё «Свабода» перад адлётам з ЗША ў Эўропу: «Сёньня адбылася сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і Дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, а таксама жонкай прэзыдэнта Лорай Буш. Гэта была вельмі цікавая сустрэча, у якой бралі ўдзел вядомыя змагары за свабоду, за правы чалавека, яскравыя дысыдэнты з розных краінаў — Бірмы, Вэнэсуэлы, Сірыі, Эгіпту, Кубы... Прысутнічалі спадары Вітаўтас Ландсбэргіс і Гары Каспараў. Прэзыдэнт Буш сказаў яскравую прамову пра тое, што ён як рабіў моцныя крокі, каб змагацца за дэмакратыю, свабоду і права чалавека. так і зараз змагаецца. На гэтай сустрэчы было адзначана, што фундамэнтальныя чалавечыя каштоўнасьці, правы чалавека, свабода — гэта галоўнае ў той пазыцыі, якую займаюць ЗША. Было вельмі дакладна адзначана і самім Джорджам Бушам, і прысутнымі, што нельга паступацца прынцыпамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?