У кнізе «Прамоўленая гісторыя. XX ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі» (аўтар — Вольга Іванова, навуковы рэдактар — Алесь Смалянчук) прадстаўлены вынік шасцігадовай працы даследчыкаў Беларускага архіва вуснай гісторыі. Гэта адна з першых спробаў прадставіць гісторыю Беларусі ХХ ст. праз прызму вусных успамінаў. У ёй асабістасць падзей, трагічнасць лёсаў і індывідуальнасць ацэнак выходзяць на першы план, а гістарычныя падзеі з’яўляюцца кантэкстам.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае 16 аўтабіяграфічных успамінаў, перададзеных на мове маўлення з захаваннем структуры аповеду. Наратывы рэпрэзентуюць найбольш тыповыя канфігурацыі памяці і вуснагістарычныя сюжэты. Робіцца іх аналіз з дапамогай метадаў сацыялогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі, сацыяльнай гісторыі і інш. дысцыплін.

У другой частцы кнігі прадстаўленая навуковая рэканструкцыя калектыўнай памяці пра шэраг падзей ХХ ст.: сталінскія рэпрэсіі, Халакост, існаванне савецка-польскай мяжы, калектывізацыю, Чарнобыльскую катастрофу ды інш. Большасць суразмоўцаў нарадзілася ў 1920-я гг., таму ўспаміны дазваляюць паглядзець на гісторыю ХХ ст. скрозь прызму індывідуальных жыццёвых гісторый.

Кніга будуецца на ўспамінах, што захоўваюцца ў Беларускім архіве вуснай гісторыі. Гэта аповеды ўраджэнцаў і жыхароў беларускай вёскі Сяргея Яноўскага, Надзеі Кавалец, Алены Новік, Георгія Сапуна, Уляны Мельнік, Ганны Цэван, Сяргея Вітушкі і яшчэ больш чым ста асоб. З асобнымі героямі гэтай кнігі можна пазнаёміцца ўжо зараз праз невялікія аповеды, павучанні, маральныя запаветы, анекдоты ці штодзённыя жыццёвыя гісторыі.

Будзем шчыра ўдзячныя за падтрымку праекта на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0