Месца разьмяшчэньня будучай АЭС усё яшчэ не вызначана

Нагадаем, 23 верасня ў Міністэрстве энергетыкі праходзіла пасяджэнне дзяржаўнай камісіі па выбары месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС. Чакалася, што сёння вызначыцца пляцоўка будучага будаўніцтва.

Аднак, як паведаміла журналістам па выніках пасяджэння прэс‑сакратар Мінэнерга Людміла Зяньковіч, канчатковае рашэнне не прынята. Удзельнікі пасяджэння разгледзелі ход выканання работ на усіх пляцоўках і заслухалі даклады арганізацый, якія праводзяць вышуковыя работы. Паводле слоў прэс‑сакратара, спецыялісты сцвярджаюць, што ўсе тры пляцоўкі не маюць забаронных фактараў для будаўніцтва атамнай станцыі. Як паведаміла Л.Зяньковіч, арганізацыям, якія праводзяць вышуковыя работы, даручана «актывізаваць працу і прадставіць камісіі заключэнні для прыняцця рашэння і падпісання выніковых дакументаў да 1 снежня 2008 года».

Калі пройдзе наступнае пасяджэнне дзяржкамісіі, прэс‑сакратар не паведаміла, адзначыўшы, што гэта будзе залежыць ад ходу вышуковых работ.

У якасці імавернага месца размяшчэння АЭС разглядаюцца Кукшынаўская, Чырванапалянская (Магілёўкая вобласць) і Астравецкая (Гродзенская вобласць) пляцоўкі. Як было заяўлена ў канцы жніўня на калегіі Мінэнерга, будаўніцтва станцыі можа быць пачата ў канцы гэтага года. Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, другі — у 2018‑м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?