эўракарэспандэнтам зьявілася на сайце агенцтва БЕЛТА. Яна мае форму ўстановачнай. Лукашэнка: Беларусь ня будзе сьпяшацца з прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі; вайна з Расеяй немагчымая ў прынцыпе; у Эўропы няма іншых варыянтаў, акрамя адмены візавых абмежаваньняў для беларускіх чыноўнікаў.

Прызнаньне прарасейскіх тэрыторый

Беларусь вырашыць пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі сыходзячы з уласных інтарэсаў, заявіў Аляксандар Лукашэнка. «Калі хто думае, што прызнаньне Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі – пытаньне падтрымкі Расеі і толькі, той памыляецца, — сказаў ён. — Гэта, канечне ж, ускосна падтрымка Расеі. І мы як хаўрусьнікі пра гэта памятаем. Але гэта найперш нашыя адносіны — Беларусі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі». Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што Беларусь вельмі даўно супрацоўнічае і з гэтымі рэспублікамі, і з гэтымі народамі, і з іх кіраўнікамі. «У эканамічных пытаньнях у нас вельмі шчыльныя адносіны, асабліва з Абхазіяй. Таму ў асноўным гэта асабістае пытаньне, калі можна так казаць», ‑‑ сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што працэс узьнікненьня дзьвюх новых каўкаскіх дзяржаваў адбыўся ў выніку доўгага супрацьстаяньня, якое скончылася вайной. «Гэты канфлікт выклікаў вельмі вострыя дыскусіі ў сьвеце. Ён прывёў да сутыкненьня інтарэсаў. У гэтым працэсе шмат неадназначнага», — адзначыў Лукашэнка. «Але паколькі пытаньне стаіць вельмі востра, як я сказаў, і яно мела вынікам сутыкненьне, амаль халодную вайну, я б не хацеў рабіць гэта сьпехам і аднаасобна», — адзначыў ён. Лукашэнка выказаў жаданьне, каб «нават ня гэты парлямэнт, які так не падабаецца на Захадзе, на Усходзе ці дзе яшчэ, а новы парлямэнт выказаў сваё меркаваньне». «І наагул, куды сьпяшацца? Каму гэтая сьпешка патрэбная? Пройдзе пэўны час і мы, абмеркаваўшы гэтае пытаньне, прымем адпаведнае рашэньне», — заявіў афіцыйны кіраўнік.

Газ: мы не памрэм

Перамовы аб цэнах на пастаўляны з Расеі ў Беларусь газ працягваюцца, паведаміў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні прадстаўнікоў заходнеэўрапейскіх СМІ. «Мы не памрэм [калі цэны вырастуць]. І тое, што «Газпром» сёньня заяўляе, дык у нас ідуць яшчэ на гэты конт перамовы. І вы павінны цудоўна ўсьведамляць і разумець: калі Расея такім чынам будзе весьці палітку ў адносінах да Беларусі, адпаведным чынам і мы будзем паступаць», — адзначыў Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Беларусь «здольная дамовіцца з Расеяй». Паводле слоў прэзыдэнта, «ёсьць багата рэчаў і напрамкаў, якія кажуць пра тое, што Беларусь для Расеі – найважнейшы фактар, асабліва сёньня». «Калі мы атрымліваем у іх вуглевадароды таней, чым вы, у Нямеччыне, прыкладам, альбо ў Ангельшчыне, то аграмадны экспарт, які ідзе ў Расею, — значна ніжэй за сусьветныя цэны. Асабліва харчаваньне», — сказаў ён. Лукашэнка адзначыў, што «не ў інтарэсах Расеі, каб нашая эканоміка загінула». «Вы ведаеце, што нашыя эканомікі ўзаемазьвязаныя найшчыльнейшым чынам. І таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю ў канцы гэтага году складзе больш за $30 млрд. Амаль у тры разы большы, чым паміж такімі гігантамі, як Расея і ЗША. Пры гэтым я не кажу пра такія кампанэнты, як палітыка, сацыяльныя і ваенныя пытаньні, дзе цана Беларусі для Расе значная. Пагадзіцеся, можна павысіць на $50—100 цану на газ за тысячу кубамэтраў, страціўшы шмат з таго,што я сказаў. Ну і пры гэтым не забывайце, што «Газпром» Польшчы за пракачку па яе тэрыторыі прыроднага газу плаціць на $1—1,5 у год болей, чым нам», — сказаў Лукашэнка.

Вайна з Расеяй

Аляксандар Лукашэнка выключае магчымасьць ваеннага канфлікту з Расеяй. «Гэта, відаць, ужо ад нашай апазыцыі ідзе, якая тут узвыла, што «сёньня — Грузія, а заўтра — Беларусь». Што, маўляў, заўтра Расея можа дакладна таксама разабрацца з Беларусьсю, адчыніўшы яе сябе. Абсалютна дурная і беспадстаўная думка і заява», — сказаў ён.

«Ня дай Бог, Расея, гіпатэтычна, уявім, захацела б вырашыць такім чынам нейкім праблемы ў Беларусі, вось тады б ужо былі поўныя падставы у сусьветнай супольнасьці і найперш у вас, эўрапейцаў, паставіць Расею на месца», — заявіў Лукашэнка. На ягоную думку, Расея гэта цудоўна разумее. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ваенны канфлікт з Расеяй немагчымы ў прынцыпе. «Таму што рускі чалавек, вайсковы чалавек, ніколі ствол аўтамата, пісталета, гранатамёта не накіруе ў бок беларуса. Мы настолькі блізкія, народы нашыя блізкія адзін аднаму, наколькі немцы блізкія немцам», — сказаў ён.

Сустрэча Бэнэдыкта XVI і Аляксія ІІ

Аляксандар Лукашэнка хацеў бы, каб на беларускай зямлі адбылася сустрэча папы рымскага і Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі. «Я б вельмі хацеў, каб у цэнтры Эўропы, на сутыку паміж праваслаўем і каталіцызмам, тут, у Беларусі нарэшце адбылася гэтая сустрэча Папы і Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі», — сказаў ён. «Калі зь нейкіх прычынаў гэта немагчыма цяпер, то мы, прытрымліваючыся прынцыпаў гасьціннасьці, павагі да нашых каталікоў – а ў нас іх нямала: у былых постсавецкіх рэспубліках мы займаем другое месца пасьля Літвы, і ігнараваць жаданьні нашых каталікоў мы ня маем намеру, гэта частка нашага народу, мы запрасілі гэтага вялікага чалавека, Папу Бэнэдыкта XVI наведаць нашу Беларусь», — адзначыў прэзыдэнт.

Аляксандар Лукашэнка выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што папярэдніх цяперашняга пантыфіка Іаан Павал II не наведаў Беларусь. «Ён вельмі хацеў прыехаць у нашую краіну, ён шчыра любіў Беларусь», — сказаў Лукашэнка. «У нас даўно абвешчаны мною, тады яшчэ маладым прэзыдэнтам, прынцып — кожны павінен знайсьці сваю дарогу да храму. Калі ён хоча ісьці па гэтай дарозе, то ў нас з аднаго боку праваслаўны храм, праз вуліцу – каталіцкі. Ні дакораў, ні касых поглядаў каталікоў на праваслаўных і праваслаўных на каталікоў. Ніколі! Ні на нацыянальнай, ні на рэлігійнай глебе ў нас ніколі не было канфліктаў.І ня будзе», — заключыў Аляксандар Лукашэнка.

Эўропе нічога не застаецца, апроч адмены візавых абмежаваньняў

«Іншых варыянтаў у Эўропы няма, заявіў Аляксандар Лукашэнка. Мне здаецца, што ў апошні час чыноўнікі ў Брусэлі, цудоўна гэта разумеючы, увесь час падаюць нам сыгналы аб тым, што пасьля парлямэнцкіх выбараў яны гатовыя нармалізаваць з намі адносіны», — сказаў Лукашэнка. «Пажывём — пабачым. Мы слухаем, што нам кажуць з Брусэлю, улічваем гэта, а галоўны крытэр ісьціны – гэта канкрэтныя факты і справы. Паглядзім, як павядзе сябе Эўропа пасьля выбараў», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?