МЗС Расіі паведаміў, што 19 снежня расійскія вайскоўцы з Сумеснага цэнтра кантролю і каардынацыі спынення агню і стабілізацыі лініі судакранання бакоў (СЦКК) пакінуць Данбас. Прычынай названыя дзеянні Кіева.

У заяве расейскага замежнапалітычнага ведамства ўказана, што хоць СЦКК і быў створаны па просьбе Украіны для садзейнічання рэалізацыі Мінскіх пагадненняў, Кіеў пастаянна ладзіў перашкоды расійскім афіцэрам пры выкананні імі службовых абавязкаў. Ім абмяжоўвалі доступ да лініі судакранання, забаранялі размаўляць з мясцовымі жыхарамі.

«Мелі месца выпадкі непаважлівага стаўлення ўкраінскіх вайскоўцаў да сваіх расійскіх калег», — гаворыцца ў заяве.

З 1 студзеня наступнага года Украіна ў парушэнне пагаднення аб бязвізавых паездках са студзеня запланавала ўвесці новы парадак уезду і знаходжання грамадзян Расіі на сваёй тэрыторыі, у адпаведнасці з якім яны павінны будуць загадзя паведамляць мясцовым уладам свае падрабязныя персанальныя дадзеныя. «Спробы адрэгуляваць гэтае пытанне без шкоды для расійскага ўдзелу ў СЦКК украінскі бок праігнараваў», — падкрэслілі ў МЗС.

«У такіх умовах далейшая праца прадстаўніцтва Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў СЦКК стала немагчымай. 19 снежня 2017 года расійскія афіцэры, якія ўваходзяць у склад Цэнтра, пакінуць тэрыторыю Украіны», — пазначана ў заяве.

У знешнепалітычным ведамстве паведамілі, што праінфармавалі замежных партнёраў аб гэтым вымушаным кроку, цалкам усклаўшы адказнасць за магчымыя наступствы на ўкраінскі бок.

Раніцай 18 снежня штаб АТА ў Кіеве заявіў, што на 19 снежня прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік рыхтуюць правакацыі на лініі судакранання, для чаго сцягваюць туды ў тым ліку і цяжкае ўзбраенне.

Раней пра тое, што Масква мае намер адклікаць сваіх ваенных назіральнікаў, паведамляла Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і намеснік кіраўніка аператыўнага камандавання ДНР Эдуард Басурын. Ён не змог сказаць, калі на Данбас прыбудзе новая група назіральнікаў з Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0