фота Reuters

фота Reuters

Наўрад ці вы зможаце сказаць па хвілінах, што вы рабілі, скажам, 15 красавіка 2008.

Думаю, што вы рабілі 19 снежня 2010 года, — вы памятаеце. Гэта лішні раз падкрэслівае выключнасць гэтага дня для гісторыі Беларусі.

З тых часоў мінула сем гадоў, для мяне — траціна жыцця. Але падзеі таго дня і прэзідэнцкую кампанію ў цэлым я памятаю вельмі добра. Памятаю выступ Статкевіча па ТБ, пасля якога бабуля сказала мне з перакрыўленым ад жаху тварам: «Маіс, навошта ён гэта кажа, яго ж пасадзяць!»

Галасаваць я не мог, мне тады было 15, але нават калі б і была ў мяне такая магчымасць — не ведаю, за каго аддаў бы голас: мне амаль аднолькава сімпатычныя былі Някляеў і Саннікаў.

Мая маці тады жыла і працавала ў Егіпце і вырашыла забраць мяне да сябе перад зімовымі канікуламі, амаль на месяц. Вучыўся я дома, вучыўся добра, праблем з тым, каб адпусціць мяне, не ўзнікла.

Маці разумела, што я цікаўлюся палітыкай, і разумела, што пачнецца акцыя пратэсту — я пайду. Нягледзячы ні на што. Гэта цяпер я разумею, што з маімі нагамі і маім зрокам я не вулічны баец, а тады мне было 15. І пайшоў бы.

За некалькі дзён да выбараў мы паляцелі. Здаецца, пасля гэтага я не размаўляў з ёй некалькі тыдняў, душа рвалася прэч, але…

Надыходзіць дзень выбараў. Ноўтбука ў мяне тады не было, інтэрнэту ў тэлефоне таксама. Маці працавала на пляжы, прадавала экскурсіі рускім турыстам. У яе быў цудоўны начальнік па імені Мухамед, у яго ноўт быў. Калі я распавёў пра тое, што адбываецца ў мяне на радзіме, разумеючы, што акцыя пратэсту будзе, ён проста аддаў мне свой ноўт з флэшкай для інтэрнэту, сказаўшы «вернеш, як будзе зразумела, што ў вас там. Вось бы нам пратэсты тут…» (да звяржэння Мубарака заставалася два месяцы, але тады ніхто і падумаць не мог).

Забраў ноўт, Мухамед мяне папярэдзіў, што ў ім не працуе батарэя — толькі ад сеткі.

Надыходзіць вечар. Інтэрнэт павольны, анлайн не паглядзець, толькі тэкставы.

Далей адбываецца нешта, вартае апісання ў прозе, я б не паверыў, што так бывае, сказаў бы, што плёткі.

Я чытаю тэкставае паведамленне на навінах мэйл.ру (чаму там, Божа?): «Пратэстоўцы ў Мінску пайшлі на штурм Дома ўрада».

І тут выключаецца электрычнасць. На ўсю ноч.

Я не магу апісаць свае пачуцці, мне не хапае ні журналісцкага, ні пісьменніцкага ўмення… Пішу, рукі дрыжаць, а ў вачах — слёзы. Я верыў у тое, што вярнуся ў іншую краіну.

Я не вернік, я не ўмею маліцца «як трэба», таму, стоячы перад акном, маліўся: «Ну хай усё будзе добра, Госпадзе». Ведаеце, якія цёмныя ночы ў той частцы свету і якія яркія зоркі? А я ведаю.

Раніцай святло далі. Я кінуўся да тэлевізара, уключыў «Еўраньюс» і ўбачыў страшныя кадры разгону, бліц-інтэрв'ю з Вольгай Някляевай у слязах… Памятаю — як сёння.

На маю думку, тады я плакаў мацней за ўсё ў жыцці. А на пляжы, калі я туды прыйшоў, мне выказвалі падтрымку нават арабы, бо гэтыя кадры паказвалі на ўвесь свет.

Тады я вырашыў стаць журналістам. Зараз сярод маіх сяброў, прыяцеляў, калег — людзі, якія былі на той Плошчы, людзі, якія атрымалі за гэта рэальныя тэрміны, людзі, якія вымушаныя былі эміграваць пасля.

Дзякуй вам. Дзякуй за тое, што гэта было. Гэта падзея сфармавала мяне на гады наперад. Дзякуй.

І прабачце, што мяне ў той дзень не было побач.

Хоць я і вельмі фіговы пратэстовец.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?