«Калі так і далей пойдзе, то аднойчы мы даведаемся, што ўсе, хто збег з краіны, былі сапраўднымі, праўдзівымі, бясстрашнымі барацьбітамі-героямі. Затое тыя, хто нешта спрабаваў зрабіць тут, у самой Беларусі, кветачкі палівалі, прыстасоўваліся і жыццю радаваліся», — напісала Святлана Калінкіна, галоўны рэдактара «Беларускага партызана», у адказ на крытыку рэдактаркі «Хартыі» Наталлі Радзінай.

«Гэта мой адказ галоўнаму рэдактару «Хартыі-97» Наталлі Радзінай, якая занадта лёгка зрабіла занадта глыбокія высновы.

Аднак я — за свабоду меркаванняў. І Наталля мае права на сваё меркаванне і на свае ацэнкі. Хоць пазіцыю ў адносінах да калег, на мой погляд, заняла подлую. І не толькі ў адносінах да «Беларускага партызана» — да ўсіх, хто тут жыве і працуе, і чые матэрыялы складаюць асноўны кантэнт таго ж сайта «Хартыя-97».

А цяпер — па сутнасці сітуацыі.

За што заблакавалі «Беларускі партызан», да якога ўсе прызвычаіліся, афіцыйнай інфармацыі няма. Як ліквідаваць парушэнні заканадаўства — невядома. Даведацца немагчыма, бо сайт знаходзіцца па-за зонай.by і ўладальнік даменнага імя мёртвы.

Можна зарэгістраваць Belaruspartisan.eu, net, info, life, biz… і далей усе даменныя зоны па спісе. І бегаць па сетцы праз пераадрасацыі: адкрыліся — блаканулі, новы дамен — ізноў блакада. Бо, паколькі «парушэнні заканадаўства не ліквідаваны», для гэтага застаюцца фармальныя падставы.

Мы цяпер робім усё магчымае, каб такіх падстаў не было. І, на жаль, толькі з суб'ектамі беларускага сегмента Інтэрнэту абавязаны тлумачыцца наш Мінінфарм.

Хто не зразумеў — падумайце яшчэ раз. Асабіста мне ні адзін чалавек у Мінінфарме (а з прадстаўнікамі іншых ведамстваў я проста не сустракалася) нават не намякаў на нейкія ўмовы або неабходнасць перайсці ў зону.by як спосаб разблакавання. Яны наогул нічога не маглі сказаць. Нічога!!!

А цяпер другі момант абмеркавання — каментары, якіх на сайце ў дадзены момант няма.

Гэта сапраўды вялікая страта. Не для «Партызана» — мы праз іх нажывалі толькі натоўпы абражаных і пакрыўджаных. Гэта вялікая страта для свабоды слова ў Беларусі. Таму што «Беларускі партызан» заставаўся адзінай пляцоўкай з беларускім кантэнтам, дзе каментары не падвяргаліся мадэрацыі. Нават на вельмі смелай «Хартыі» такой дэмакратыі не было і няма.

Мне асабіста блок каментароў не падабаўся катэгарычна. Мне было крыўдна, што «Партызан» час ад часу станавіўся трыбунай для троляў розных колераў, што мы самі ім давалі магчымасць мець аўдыторыю і «паліваць» нас жа што ёсць сілы. І нашых сяброў, і нашых ворагаў, і нашых апанентаў — усіх.

Але мы цярпелі, нічога не выдалялі, ні ў што не ўмешваліся.

Мы кіраваліся той філасофіяй, што інтэрнэт — гэта самарэгулявальная сістэма. А значыць, на «чырвонага троля» абавязкова павінен знайсціся «белы», на «сіняга» — «зялёны»… Калі хтосьці наехаў на «Партызан», хтосьці абавязкова за яго заступіцца, калі нехта «палівае» Лукашэнку — тады няхай адпрацоўваюць грошы яго службы «інфармацыйнай вайны»… І ў выніку так ці інакш прыходзіць баланс, з'яўляецца дыскусія. Натуральна, не заўсёды цывілізаваная. Але, як той казаў, народ не выбіраюць.

Да таго ж, дыскусіі гэтыя вяліся на іншай пляцоўцы, якая ніякага дачынення да «Беларускага партызана» не мае. У нас з'яўляліся толькі нейкія элементы гэтых дэбатаў у выглядзе трансляцыі. Аўтаматычна з'яўляліся! Без усялякага ўмяшання рэдактараў або, барані Бог, мадэратараў. Але і гэтага хапіла.

Мяркуючы па апошнім «Клубе рэдактараў», менавіта «голас народа» перапоўніў чашу цярпення ўлады ў адносінах да «Беларускага партызана», і далей ніхто ўжо не разбіраўся, дзе, уласна, гэты голас гучыць.

Заблакавалі.

Таму цяпер я прашу Наталлю Радзіну праявіць салідарнасць, прадэманстраваць сапраўдную павагу да свабоды меркаванняў як да каштоўнасці, у імя якой мы, уласна кажучы, і працуем, і выпусцілі гэты «голас народа» у жывы эфір на сваім сайце. Без мадэрацыі, без адбору. Нават калі там будуць лаяць не толькі Лукашэнку, але і «Хартыю», і «Белпартызан», і Калінкіну, і Радзіну…

Свабода слова на тое і свабода, што кожны мае права выказацца. Нават той, хто нам зусім не сімпатычны.

Наташа, прымі эстафету. Хоць бы на час. Пакуль мы тут з праблемамі разбярэмся.

Вярнуць у адкрыты эфір свабодную дыскусію — гэта было б годна «Хартыі-97», гэта было б па-сапраўднаму смела. А пакуль атрымалася подла».

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0