Дэбютны дыск ад аднаго з самых цікавых фолк‑праектаў апошніх гадоў. «Джамбібум» робіць стаўку на натуральнасьць гучаньня ды наўмысьля абыходзіць увагаю здабыткі іншых прадстаўнікоў беларускага фолк‑мадэрну.
Пры ўсёй шматстайнасьці інструмэнтаў (склад гурта сягае 10—12 чалавек!) у песьнях анічога лішняга. Гэты «фолк‑аркестар» сапраўды здольны ўвесьці слухача ў транс (перамотвайце на сярэдзіну песьні «Стукнула‑грукнула»).
Падобна, што інструмэнтальнай частцы «джамбімбумаўцы» надаюць асноўную ўвагу — практычна ў кожным іх творы можна пачуць доўгія інструмэнтальныя водступы, дзе музыкі даюць волю эмоцыям. Зроблена ўсё лёгка і ненавязьліва, а часам з жартаўлівым адценьнем («Песенька пра Казла» на рэгі‑манер), таму і слухаць гэты альбом як мінімум прыемна.