Парлямэнцкія выбары‑2008 будуць найменш канкурэнтнымі ў найноўшай гісторыі краіны. Аднак яны маюць усе шанцы стаць першымі прызнанымі.

У абсалютнай большасьці акругаў за Менскам будзе ці адзін, ці два кандыдаты. З выбарчай гонкі сышлі пяцёра менскіх прадстаўнікоў АГП, але, пад ціскам заходніх дыпляматаў, засталіся Партыя БНФ і БХД.

Байкоту ня будзе

Пра тое, што ніякага байкоту ня будзе, лідэры АДС заявілі яшчэ 12 верасьня. Фактычна, зрабіўшы наступнае пасяджэньне Палітрады справай пустой. Было прынятае «кампраміснае» рашэньне, паводле якога ўжо цяпер можна гаварыць, што кааліцыя не прызнае выбары ні свабоднымі, ні справядлівымі. Гэта пацьвердзяць сваімі подпісамі ўсе вылучэнцы са «сьпісу 110‑ці».

Разам з тым, на заключным этапе выбарчай кампаніі апазыцыя зьбіраецца сканцэнтравацца на назіраньні за падлікам галасоў. Рабіцца гэта будзе на тых акругах, дзе балятуюцца канкурэнтаздольныя кандыдаты, з мэтай дэманстрацыі канкрэтных доказаў фальсыфікацыі выбараў.

Варта адзначыць, што

перафармуляваць сваё папярэдняе рашэньне быў вымушаны і Сойм БНФ.
Раней партыя прыняла пастанову аб зьняцьці сваіх кандыдатаў у дэпутаты да 23 верасьня. Пасьля гэтага зьявіўся ліст пятнаццаці незадаволеных вылучэнцаў БНФ (пераважна рэгіяналаў), якія выступалі за ўдзел у выбарах да канца.

Новым рашэньнем Сойм «дазволіў» кандыдатам зьнімацца, а не абавязаў. Такім правам скарысталіся толькі двое — Станіслаў Суднік у Лідзе і намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч у менскай Чыжоўцы. Астатнія засталіся.

Ад БХД, якая таксама заяўляла пра імаверны байкот выбараў, зьняліся таксама толькі два кандыдаты — Тацяна Севярынец (Віцебская‑Горкаўская акруга) і Кастусь Жукоўскі (Буда‑Кашалёўская).

Нечакана ж

самае масавае зьняцьцё кандыдатаў адбылося ў АГП.
З выбарчай гонкі добраахвотна сышлі адразу пяцёра вылучэнцаў партыі па Менску. Сваё рашэньне кандыдаты растлумачылі тым, што яны так і не змаглі надрукаваць агульную перадвыбарчую ўлётку. Прадстаўнікі АГП зьвярталіся ў паўдзясятка тыпаграфій, але паўсюль сутыкаліся з адмоваю.

Зьняліся ключавыя фігуры АГП — Аляксандар Дабравольскі (Сьвіслацкая выбарчая акруга № 94), Валянціна Палевікова (Купалаўская выбарчая акруга № 95), Станіслаў Багданкевіч (Чкалаўская выбарчая акруга № 96), а таксама маладзейшыя Ганна Ягорава (Паўднёва‑Заходняя акруга № 99) і Кацярына Маласаева (Коласаўская выбарчая акруга № 106).

У выглядзе выключэньне было вырашана пакінуць старшыню АГП Анатоля Лябедзьку як сустаршыню АДС.
Дарэчы, праца менскага крыла партый у значнай ступені і будзе скіраваная на назіраньне за выбарамі ў Старавіленскай акрузе, дзе і балятуецца Лябедзька.

На сёньня ў выбарах працягваюць удзельнічаць 66 вылучэнцаў ад АДС, а таксама 22 ад «Эўрапейскай кааліцыі».

Прызнаньне

На адной з апошніх прэс‑канфэрэнцый старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі наракаў, што

апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах да канца ў тым ліку па просьбах замежных партнёраў.
Ці ня гэта самы яскравы прыклад, што Захад гатовы, хай і абмежавана, але прызнаць легітымнымі гэтыя выбары. Варыянт з прызнаньнем пасьля масавага зьняцьця апазыцыяй сваіх кандыдатаў, пры 50 % безальтэрнатыўных акруг, выглядаў бы досыць цынічна.

Візыт міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, а таксама заявы шматлікіх літоўскіх палітыкаў сьведчаць таксама пра жаданьне суседніх краін палепшыць стасункі зь Беларусьсю. Выбары — ідэальная для гэтага нагода.

А мэта — вырваць хай нават аўтарытарную Беларусь з‑пад уплыву Масквы.

Лукашэнка таксама ва ўсіх інтэрвію падкрэсьлівае, што зацікаўлены ў прызнаньні выбараў.

Зьміцер Панкавец

Датэрмінова прагаласавалі 7 % выбарцаў

У датэрміновым галасаваньні на выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 23 і 24 верасьня ўзялі ўдзел 7 % выбарцаў. Пра гэта паведаміў

БЕЛТА сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

На Берасьцейшчыне датэрмінова прагаласавалі — 6,3 % выбарцаў, на Віцебшчыне — 8,3 %, у Гомельскай вобласьці — 7,7 %, Гарадзенскай — 5,8 %, Менскай — 7,5 %, Магілёўскай — 7,3 %, і ў Менску — 6,2 %

Фота на галоўнай старонцы Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0