Паводле папярэдніх планаў, 27-29 верасня ў Мінску пройдзе 8-ы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Акадэмічным партнёрам выступіць Акадэмія навук.

Кангрэс-2017 у Варшаве, фота Настассі Роўды.

Упершыню знакавая падзея для навуковага жыцця краіны пройдзе не за мяжой, а ўнутры Беларусі. Раней Кангрэс шэсць разоў прымаў Каўнас і адзін раз Варшава.

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», старшыня арганізацыйнага камітэта Кангрэса Андрэй Казакевіч расказаў, як атрымалася перавесці мерапрыемства ў Мінск.

«Ідэя правядзення Кангрэсу ў Беларусі паўставала даўно. Лагічна, каб такая падзея рэгулярна праводзілася ў Беларусі. Але доўгі час мы не маглі знайсці акадэмічнага партнёра, які б выступіў суарганізатарам.

У 2017 годзе пачаліся больш акрэсленыя кансультацыі, каб правесці Кангрэс даследчыкаў ў Мінску. Падчас сёлетняга Кангрэсу ў Варшаве вялікая колькасць удзельнікаў таксама выступала за тое, каб правесці наступны ўнутры краіны. Літаральна на гэтым тыдні была пацверджаная дамоўленасць і вызначаныя папярэднія даты», — кажа Казакевіч.

Чаму менавіта цяпер сталася магчымым правядзенне Кангрэсу ў Беларусі?

«Цяпер беларуская дзяржава ўсё больш зацікаўленая ў стварэнні пазітыўнага іміджу за межамі краіны. У гэтым кантэксце акадэмічная супольнасць і навуковыя даследаванні выконваюць вельмі важную ролю. Ёсць разуменне, што трэба кансалідаваць розныя сегменты беларускага грамадства. Зняць штучныя падзелы і напружанасць у тых сферах, дзе яны даўно пазбаўленыя сэнсу, што асабліва тычыцца навукі і акадэмічнай супольнасці».

«Канечне, правядзенне Кангрэсу ў Мінску адкрывае новыя магчымасці. Гэта для нас новы досвед. Мы рыхтуемся да складанай працы ў новых для нас умовах. Гэта значны крок, які можа мець вялікія пазітыўныя вынікі для развіцця беларускай навукі і акадэмічнай супольнасці», — расказвае Андрэй Казакевіч.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі штогод збірае найлепшых навукоўцаў, як з краіны, гэтак і з замежжа.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?