Хвала Хрысту!

Шаноўныя каталiкi, наблiжаецца дзень Усiх Святых, нагода ўшанаваць памяць святых, дабраславёных, пакутнiкаў за веру – як славутых, так i безымянных. Вялiкая просьба да ўсiх, хто мае такую магчымасць: арганiзаваць, асабiста, або праз зварот да сваiх пробашчаў, жалобныя набажэнствы на месцах масавых знiшчэнняў каталiкоў у гады сталiнскiх рэпрэсiй i II Сусветнай вайны, таталiтарнымi рэжымамi Ўсходу i Захаду, якiя ёсць у Вашай парафii: Хатынь, Налiбокi, Калдычава, Баранавiчы, Наваградак, Дражна, Лiда, Сурконты, Калеты, гарадзенскiя Фарты, Курапаты, Беразвеч, Росiца, Баравiкоўшчына i многiя-многiя iншыя, дзясяткi i сотнi мясцiнаў каталiцкага мартыралогу нашага краю.

Кожны сумленны католiк мусiць ведаць такiя месцы памяцi ў сваёй парафii, i ўсяляк старацца, каб памяць пра iх не сцiралася, каб здабытае з такiмi ахвярамi сведчанне Веры было асэнсаванае i перададзенае наступным пакаленням.

Абсалютна непрымальныя шум i палiтызацыя вакол гэтых мерапрыемстваў, любыя спробы выкарыстаць iх у палiтычнай валтузнi.

Цяпер самы час годна падрыхтавацца: выявiць месцы памяцi (масавай гiбелi «шараговых» каталiкоў, або пакуты святых i благаслаўлёных у Вашай парафii (дэканаце), дамовiцца з пробашчамi пра Св. Iмшу у касцёлах, пра набажэнствы на могiлках, не дапускаючы нiякай «партызаншчыны» кшталту самавольнага ўсталявання крыжоў i iншых канфлiктаў з цывiльнымi i касцёльнымi ўладамi.

Таксама просьба не ўспрымаць гэта як нейкую кампанiю або кампанейшчыну i проста разважыць над гэтым абавязкам у сваiм сэрцы.

Таксама просьба cамастойна паведамляць пра такiя мерапрыемствы ў лакальнай i агульнанацыянальнай прэсе, ЖЖ i iншых iнтэрнэт-форумах i г.д.

Заплаці Божа!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?