Эймунтас Някрошус

Эймунтас Някрошус

У рамках тэатральнага фэстывалю «Глядзім Шэкспіра», які пройдзе з 26 па 30 верасьня ў Менску, са спэктаклем «Атэла» у менскім Доме афіцэраў выступіць літоўскі Meno Fortas. Да нас едзе тэатар Някрошуса. Без самога Някрошуса.

Эймунтас Някрошус — выбітны рэжысэр сучаснасьці, чые пастаноўкі зрабіліся клясыкай сусьветнага мастацтва. У 1992 годзе ён быў уганарваны тытулам «найлепшы рэжысэр Эўропы». У тэатральным сьвеце Някрошус — прызнаны геній, які ня лічыць рэжысуру асабліва фундамэнтальнай ці значнай. Яна наагул нібыта і не прафэсія. Рэжысэр адно «перакладнік» тэкстаў на мову сцэны — ні больш і ня менш. На думку Някрошуса, рэжысэры займаюць занадта важнае месца ў мастацтве і гэта, напэўна, няправільна. Сам спадар Эймунтас лічыць, што выказваць павагу трэба да таго, каго ён лічыць сапраўднымі творцамі — да літаратараў, мастакоў, кампазытараў. А тэатральныя рэжысэры? «Толькі робяць міксы».

На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ўчора ў Менску, крэсла галоўнага рэжысэра тэатру пуставала. Паводле ўмоваў кантракту з адным маскоўскім тэатрам, Някрошус мусіў застацца ў Расеі. Але ўсё адно не раўнуючы як дух бацькі Гамлета спадар Эймунтас прысутнічаў невідочна — даслаў адмысловы ліст, дзе паведаміў, што сэрцам з менчукамі. Таму на роль маўра, які зробіць сваё, журналістамі быў адзінагалосна абраны вядучы актор Meno Fortas Уладас Багдонас. Багдонас распавёў, што даўно хацеў з трупай прыехаць у Менск, але, нягледзячы на сьмеху вартую адлегласьць паміж Вільняй і Менскам, «неяк прасьцей падацца, да прыкладу, на фэстываль у Мэксыку». Абверг, што ў знакамітым тэатры п’есы ставяцца паводле нейкай адмысловай мэтодыкі. «Кожны новы спэктакль мы пачынаем нібыта з чыстага аркуша». На пытаньне, якія творы з сучаснай беларускай драматургіі глядзеў апошнім часам, Уладас прызнаўся, што вельмі заняты, і таму « не пасьпеў паглядзець нават «Князя Вітаўта»». Хіба здымаецца ў Яфрэмава ў кінастужцы «Снайпэр». Фільм робіцца часткова на беларускай зямлі і ў супрацоўніцтве з «Беларусьфільмам», і Багдонас мае спадзевы, што гэтак «ускосна дапаможа беларускаму мастацтву». У дадатак распавёў, як быў прыемна зьдзіўлены, калі зьезьдзіў у Мірскі замак. «У маім уяўленьні Беларусь была зусім іншай» - зазначыў актор.

Квіткі на фэстывальныя спэктаклі, дзякуючы шчодраму фундушу «Белгазпромбанку», каштуюць нядорага – ад 7 да 30 тысячаў. Праблема хіба ў тым, што ўсе яны былі параспраданыя і параздадзеныя яшчэ задоўга да пачатку фэстывалю.
Ахвочым тут можна толькі параіць паспытаць удачу перад пачаткам спэктакляў.

На фэстывалі Купалаўскі тэатар пакажа на сваёй сцэне трагедыю «Макбэт» у пастаноўцы яшчэ аднаго літоўскага рэжысэра Альгірдаса Латэнаса. Латэнас па-свойму зрабіў акцэнты ў гэтай шэксьпіраўскай трагедыі: ссунуў асноўную лінію п’есы ў бок ледзі Макбэт, скараціў тэкст і колькасьць дзеючых асобаў, каб засяродзіць увагу гледача на цэнтральных пэрсанажах.

Праграма фэстывалю «Глядзім Шэксьпіра»:

26.09 «Атэла». Тэатар Meno Fortas (Вільня, Літва).

27.09 «Макбэт». Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы.

28.09 «Утаймаваньне наравістай». Нацыянальны тэатар імя М. Горкага.

30.09 «Сон у летнюю ноч». Акадэмічны тэатар імя Веры Камісаржэўскай (Санкт-Пецярбург, Расея) .

Пачатак усіх спэктакляў а 19 гадзіне. Айчынныя тэатры выступяць на сваіх «хатніх» сцэнах. Замежныя госьці – у Доме афіцэраў.

Павал Касьцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0