Выпадак адбыўся ў Мінску 30 снежня на чыгуначным вакзале. Супрацоўнікі АМАПа на асвятляльнай вышцы заўважылі мужчыну. Па тым, як ён рухаўся, стала зразумела — мужчына мае намер саскочыць, паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.

Па рацыі былі выкліканыя дадатковыя сілы, да месца здарэння прыбылі таксама супрацоўнікі МНС і «хуткай дапамогі». Убачыўшы іх, мужчына занерваваўся і некалькі разоў пераступаў агароджу з намерам саскочыць.

У перамовы ён не ўступаў, на пытанні не адказваў, патлумачыў толькі, што пасварыўся з дзяўчынай, з якой прыехаў са Светлагорска. Ён патрабаваў, каб яго пакінулі ў спакоі.

Становішча ўскладнялася тым, што пад вышкай пракладзеныя рэйкі, а вакол вышкі — высакавольтныя правады. 

Ініцыятыву ўзяў на сябе намеснік камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксей Тарасаў.

Будучы ў цывільным адзенні, ён пад выглядам работніка чыгункі змог наблізіцца да вышкі. Уступіўшы ў кантакт з мужчынам, ён прафесійна, выразна і пісьменна выбудаваў дыялог. Патэнцыйны самазабойца спачатку дазволіў А.Тарасаву наблізіцца да вышкі, а затым і падняцца на яе.

Спадар Тарасаў зразумеў, што сітуацыя небяспечная. Па размове і паводзінам стала зразумела, што мужчына, магчыма, незадоўга да свайго ўчынку ўжываў наркатычныя рэчывы.

Аляксей Тарасаў пераканаў мужчыну адмовіцца ад намераў. У выніку той спусціўся па лесвіцы на зямлю. Тут ён быў затрыманы пераапранутымі супрацоўнікамі АМАПа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0