На Моладзевым чэмпіянаце свету па хакеі, што праходзіць у ЗША (Бафала), зборная Беларусі прайграла ўсе чатыры матчы групавога турніру і зараз будзе гуляць з Даніяй (або Славакіяй) у двубоі за выжыванне ў эліце.

Падтрымаць беларусаў прыехалі 20 суайчыннікаў з Амерыкі, натуральна, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Перад матчам са Швецыяй да іх падышла дзяўчына, якая назвалася супрацоўніцай Федэрацыі хакея Беларусі, і папрасіла не размахваць «вось гэтымі вось сцягамі».

На што ў адказ пачула: «Тут свабодная краіна, і вы зараз не ў Беларусі». Трохі пакрыўдзіўшыся, яна сышла, але ўвесь час была непадалёк ад нас, піша Tribuna.com.

Цікавы інцыдэнт адбыўся ў матчы са Швейцарыяй. «Мы занялі месца не па квітках, а бліжэй да лаўкі запасных нашай зборнай і аб'ядналіся з беларусамі з Чыкага. Спачатку былі там абсалютна адны, расклалі сцягі і занялі месцы, але літаральна за 5-10 хвілін нас атачылі канадцы, амерыканцы і швейцарцы. Апошнія ў асноўным былі з сем'ямі і дзецьмі. А паўночнаамерыканцы, дарэчы, зноў падтрымлівалі нашых.

Ужо з першага перыяду яны зараджалі з намі на мове: «Давай, давi яго!», Навучылі нас адцягваць увагу швейцарскага галкіпера. Наша група падтрымкі паводзіла сябе даволі актыўна. Напэўна, таму людзі ставіліся да нас з цікавасцю і добразычліва. Па атрыбутыцы ніхто прэтэнзій не прад'яўляў, праўда, чыкагскі барабан забралі работнікі арэны».

Расіянам, на жаль, таксама саступілі. Але ўжо па традыцыі атрымалася цёпла пагутарыць з іх заўзятарамі. Яны цікавіліся нашай сімволікай.

«Мужыкі, мы будзем з вамі да канца. На жаль, наша зборная не выйдзе ў плэй-оф. Вельмі хочацца ад усёй душы пажадаць хакеістам замацавацца ў эліце! Мы з вамі і будзем старацца падтрымліваць вас яшчэ мацней!», — пішуць заўзятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0