З дому прапала 5.200 даляраў ЗША і больш за 30 тысяч расійскіх рублёў.

— Крадзяжы здзяйсняліся з мая 2015-га па жнівень 2017-га, — распавёў «Медыя-Палессе» намеснік начальніка Лунінецкага райаддзела Следчага камітэта Леанід Ванюкоў. — На момант пачатку крадзяжоў дзіцяці было 11 гадоў. Хлопчык ведаў, дзе бацька захоўвае ключ ад сейфа, і таемна браў адтуль даляры. Выкрадаў ён грошы і з бацькавай барсеткі, дзе захоўваліся расійскія рублі.

Калі бацька выявіў прапажу, звярнуўся ў праваахоўныя органы.

Высветлілася, што шляхам дамоўленасцяў і пагроз заведама малалетняга прымушаў прыносіць грошы яго старэйшы сябар, у той час навучэнец аднаго з каледжаў. Казаў, што бярэ пазыку і абяцаў вярнуць. А сам мяняў тэхніку: матацыкл, скутар і патрыманыя аўтамабілі.

У перыяд папярэдняга расследавання падазраванаму споўнілася 18 гадоў. У дачыненні да яго заведзена 27 крымінальных спраў па частцы 2 артыкула 205 «Крадзеж» і частцы 1 артыкула 172 КК РБ «Уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства».

Большая частка шкоды кампенсавана.

Справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Паводле Крымінальнага кодэкса, уцягванне асобай, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, заведама непаўналетняга ў злачынства шляхам абяцанняў, падману або іншым спосабам караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0