Журналіст расійскага рэсурсу Eurasia Daily Артур Грыгор’еў, які раней абвінавачваў расійскі сайт «Спутнік» у падтрымцы русафобаў, адзначыўся новым артыкулам на беларускую тэматыку: «Беларускія студэнты абіраюць польскія ўніверсітэты».
Ілюстрацыйны здымак.
У сваім матэрыяле аўтар з жалем адзначае, што паміж Беларуссю і Расіяй адсутнічаюць устойлівыя адносіны ў сферы навуковага супрацоўніцтва і абмену студэнтамі нягледзячы на нібыта роўныя магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі для грамадзян.
Грыгор’еў прыводзіць дадзеныя, што ў беларускіх ВНУ навучаецца толькі каля 2 тысяч студэнтаў з Расіі.
Таксама ён адзначае, што змяншаецца і колькасць беларускіх студэнтаў у Расіі. У 2015/2016 годзе ў расійскіх універсітэтах навучалася 8278 беларускіх грамадзян, прычым большая частка з іх — студэнты-завочнікі. Журналіст Eurasia Daily прызнае, што якасць навучання на расійскіх завочных праграмах вельмі нізкая, а студэнтаў дзённага аддзялення з Беларусі ў расійскіх ВНУ зусім мала — каля 3,5 тысяч.
Асноўную праблему аўтар бачыць у тым, што вынікі беларускіх іспытаў не прызнаюць у Расіі і наадварот — расійскіх у Беларусі. Але Артур Грыгор’еў так і не растлумачыў, чаму адсутнасць узаемнага прызнання ўступных іспытаў перашкаджае беларусам вучыцца ў Расіі, але не перашкаджае ўсё большай колькасці беларускіх студэнтаў вучыцца ў Польшчы, якая таксама не прызнае вынікі беларускага ЦТ.
У матэрыяле аўтар прыводзіць дадзеныя, што з 65 793 замежных студэнтаў дзённага аддзялення ў Польшчы грамадзян Беларусі ў 2016 годзе было 5119, і гэтая лічба толькі працягвае расці. Гэта ў паўтара разу больш, чым студэнтаў-беларусаў з дзённых аддзяленняў у ВНУ Расіі.
Пазіцыя Грыгор’ева даволі супярэчлівая. З аднаго боку ён піша, што беларускія студэнты з неахвотай едуць вучыцца ў Расію, а з іншага боку «беларускі ўрад асцерагаецца ўцечкі моладзі ў расійскія ВНУ, але абсалютна не баяцца ўцечкі мазгоў у Польшчу».
Аўтар робіць выснову, што ўсё гэта з’яўляецца сведчаннем развароту Беларусі, які можа прывесці да сур’ёзных наступстваў для беларуска-расійскіх адносін.
«І такая палітыка знаходзіць поўную падтрымку з боку МЗС Беларусі», — падсумоўвае журналіст Eurasia Daily.