Кандыдат ад Партыі БНФ па Глыбоцкай выбарчай акрузе № 22 Яраслаў Берніковіч у рамках сваёй агітацыйнай кампаніі правёў аднаасобную акцыю пратэсту супраць недэмакратычных мэтадаў, якія выкарыстоўваюцца падчас гэтых выбараў. Акцыя адбывалася ў цэнтры Глыбокага, а гледачамі былі шматлікія мінакі.

«У мяне быў на шыі плякат з надпісамі «Не — адміністрацыйнаму рэсурсу! Не — беспрынцыповай выбарчай камісіі! Закон роўны для ўсіх!». Стаяў я на ганку райвыканкаму, дзе месьціцца акруговая выбарчая камісія. Выйшла сакратарка, спыталася, ці ёсьць у мяне дазвол на правядзеньне акцыі. Я адказаў, што гэта мой мэтад агітацыі і сёньня я маю права агітаваць», — расказаў Яраслаў Берніковіч.

Мінакам, якія падыходзілі й пыталіся, што адбываецца, дэмакратычны кандыдат тлумачыў: ён пратэстуе супраць таго, што гэтая кампанія праводзіцца са шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства, перадусім з боку ягонага канкурэнта, старшыні віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі.

Яраслаў Берніковіч падаў у акруговую камісію шэраг скаргаў — пра тое, што ўлёткі праўладнага кандыдата абавязалі разносіць паштароў, пра тое, што яго з нумара ў нумар «піяраць» мясцовыя дзяржаўныя СМІ. Але камісія не прызнала гэтыя факты парушэньнямі. Таму кандыдат‑апазыцыянэр вырашыў зьвярнуцца да грамадзкасьці, каб данесьці да яе сваю думку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?