Навукоўцы з брытанскага Куодрэмскага інстытута біялагічных навук паведамілі, што перад смерцю рускі пісьменнік і драматург Антон Чэхаў хварэў на сухоты, аднак памёр хутчэй за ўсё ад кровазліцця ў мозг. Пра гэта распавёў адзін з навукоўцаў, якія праводзілі даследаванне, Глеб Зілберштэйн, паведамляе The Times.

Як адзначае выданне, група навукоўцаў правяла даследаванне кашулі Чэхава з плямамі крыві, якую ён насіў у дзень смерці 15 ліпеня 1904 года, а таксама яго пяці лістоў і паштовак. У выніку былі знойдзеныя восем пратэінаў, якія пацвердзілі прысутнасць мікроба, які выклікае сухоты. Чэхаў, які меў адукацыю доктара, ведаў, што ён хворы, і пісаў пра гэта ў сваіх творах. Акрамя таго, навукоўцы знайшлі сляды пратэінаў, якія сведчаць аб утварэнні тромбаў.

«Мы знайшлі ў пробе з кашулі Чэхава моцны маркер ішэмічнага інсульту», — распавёў Зілберштэйн. Паводле яго слоў, гэта быў пратэін ITIH4, які генеруе цела чалавека ў адказ на траўмы. «Мы плануем правесці больш паглыблены аналіз сырога матэрыялу, каб рэканструяваць усе магчымыя хваробы праз гэты выдзелены пратэін», - сказаў навуковец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?