За апошнія гады ў галовы беларусаў моцна быў убіты стэрэатып пра тое, што палітыка — «брудная справа», «мышыная валтузьня», справа махляроў, дармаедаў і няўдачнікаў. Ні на першага, ні на другога, ні на трэцяга я, здаецца, не падобны. Маю добрую адукацыю, досьвед, уменьне працаваць зь людзьмі. Мог бы выбраць сабе іншую сфэру дзейнасьці. Але займаюся гэтай справай, якая прыносіць пакуль больш праблемаў, чым відавочнай карысьці. Чаму я займаюся палітыкай? — пытаюцца ў мяне.

Паспрабую растлумачыць. Пачну з апісаньня «мэнтальных тыпаў» людзей, якія хочуць займацца палітыкай. Найчасьцей на палітычную арэну выходзяць азартныя гульцы, якіх прыцягвае рызыка, барацьба і — перамога. Выходзяць на яе «акторы», якім падабаецца быць вядомымі, славутымі й любімымі, якія разыгрываюць на палітычнай сцэне свае спэктаклі. Займаюцца палітыкай «апосталы» — людзі, якія вераць, што могуць зьмяніць сьвет у лепшы бок і ведаюць, як гэта зрабіць. У палітыку ідуць таксама й уладалюбцы — найбольш небясьпечная катэгорыя асобаў, якіх прыцягвае не слава, не самарэалізацыя, не барацьба, а толькі бязьмежная ўлада над людзьмі, доступ да неабмежаваных рэсурсаў. Часта ўладай яны кампэнсуюць свае комплексы, помсьцяць за крыўды, нанесеныя ў дзяцінстве.

Памянёныя тыпы рэдка сустракаюцца ў чыстым выглядзе. Найчасьцей у асобе палітыка зьмешаныя ўсе чатыры кампанэнты. У палітыку ідуць людзі з адхіленьнямі — скажаце вы. Настолькі ж, наколькі людзьмі з адхіленьнямі можна назваць, прыкладам, прафэсійных гульцоў у баскетбол. Гэты спорт патрабуе людзей зь якасьцямі, якія ёсьць далёка ня ў кожнага. Узяць хаця б вялікі рост. Публічная палітыка таксама патрабуе асаблівых якасьцяў — уменьня размаўляць з людзьмі і слухаць іх, упэўненасьці ў сабе, прафэсійных ведаў пра грамадзтва (у такой важнай справе мусяць быць пэўныя бар’еры для дылетантаў), уменьні знаходзіць кампраміс. У сёньняшніх беларускіх умовах вельмі важнымі якасьцямі ёсьць сумленнасьць, мужнасьць і самаадданасьць.

Дык чаму я стараюся ўжо шмат гадоў прабіць гэтую, на выгляд, бэтонную сьцяну? Чаму зьбіраю подпісы пад пэтыцыямі сярод жыхароў майго мікрараёну, чаму зноў і зноў балятуюся на «выбарах», добра ведаючы, што мясцовая «вэртыкаль» зробіць усё магчымае, каб не даць мне доступу да дэпутацкага мандату? Чаму пасьля маёй нашумелай нерэгістрацыі ў гэтым годзе я стаў даверанай асобай двух незалежных кандыдатаў па маёй акрузе, каб быць назіральнікам і далей змагацца за сам прынцып справядлівых выбараў (дарэчы, перакананы, масавае назіраньне за выбарамі і вынікаючае абурэньне ад «цудаў» над бюлетэнямі — абавязковы элемэнт масавага пратэсту)?

Чаго я хачу? Бязьмежнай улады? Грошай? Не. Я займаюся грамадзкай справай, бо рабіць інакш не дазваляе сумленьне. Бо я хачу паважаць сябе, бо вакол мяне — аднадумцы. Прыстойныя, сумленныя і патрыятычныя людзі, неабыякавыя да грамадзкага жыцьця. Хтосьці знаходзіць сваё шчасьце ў лячэньні людзей, хтосьці — у будаваньні дамоў. А я знаходжу — у камунікацыі зь людзьмі, у знаходжаньні, фармуляваньні і намаганьнях па вырашэньні пытаньняў, якія зьяўляюцца важнымі для вялікай колькасьці людзей. Гэта й ёсьць сапраўдны сэнс слова «палітыка»: не барацьба за ўладу, а фармаваньне й рэалізацыя прапановаў, якія датычацца штодзённага жыцьця людзей.

Я хачу даказаць людзям, што можна жыць па‑іншаму, што яны могуць палепшыць сваё жыцьцё. Я хачу паказаць сваім аднадумцам, што такія як яны — ёсьць, іх шмат, хачу дапамагчы ім пераадолець пачуцьцё адчаю і самотнасьці. Я аптыміст. Я веру, што рана ці позна мы будзем жыць у нармальнай, свабоднай, заможнай эўрапейскай краіне, дзе кожны зможа рэалізаваць сябе, будзе чуць праўду, зможа ганарыцца сабой, будзе сам вырашаць, як жыць, і сам зарабляць на жыцьцё. Але лепшая будучыня ня прыйдзе сама. Яе мы набліжаем сёньня сваёй працай.

Я намагаюся бараніць інтарэсы жыхароў мікрараёна. Бо хачу сваім прыкладам паказаць людзям, што можна бараніць свае інтарэсы. Я хацеў бы, каб людзі самі маглі вырашаць свой лёс штодзённа, а не раз на 4 гады, кідаючы бюлетэнь і выбіраючы няхай сабе й самую дэмакратычную ўладу. Для жыцьця людзей ці не важней зьмяніць ЖЭС, участковага інспэктара, раённую адміністрацыю, чым прэзыдэнта.

Я займаюся палітыкай дзеля сябе, бо лічу працу зь людзьмі годным заняткам, дзеля маіх сяброў і аднадумцаў, дзеля маіх вучняў, якія, упэўнены, пераўзыйдуць мяне (адзін зь іх, дарэчы, вельмі мне дапамог у напісаньні гэтых радкоў!).

Я займаюся палітыкай дзеля ўсіх Вас, мае суайчыньнікі, бо я ў вас веру. Усё ў нас будзе добра. Трэба толькі моцна гэтага жадаць. І працаваць. Разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?