Падкантрольны Адміністрацыі прэзідэнта Нацыянальны прэс-цэнтр правёў у снежні «аператыўны аналіз якасці харчавання ў студэнцкіх сталовых некаторых ВНУ». Па выніках гэтага аналізу прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант склала дакладную запіску, з якой той азнаёміўся, паведамляе Tut.by.

У чацвер Мінадукацыі, МАРГ, Мінаховы здароўя і рэктары ВНУ атрымалі ліст ад віцэ-прэм'ера Васіля Жарко, у якім, у прыватнасці, гаворыцца:

«На працягу I квартала ва ўсіх ВНУ харчаванне павінна быць не даражэйшым, чым у БНТУ! Якасць таксама! Прыміце вычарпальныя меры для забеспячэння жорсткага кантролю за цэнаўтварэннем, якасцю гатавання страў, захаваннем санітарных нормаў і правілаў пры арганізацыі харчавання студэнтаў у сталовых ВНУ».

Для студэнтаў БНТУ харчаванне арганізавана ў сталовай спартыўна-аздараўленчага комплексу «Палітэхнік», які адносіцца да ўніверсітэта. Найтаннейшы абед тут можна з'есці за 1 рубель 75 капеек. (Салата з квашанай капусты, боршч, макарона, кураняты смажаныя.) Найдаражэйшы — 4 руб. 31 кап. (Салата «Вострая», боршч, смажанка са свініны, каша рысавая.)

У іншых ВНУ Мінска цэны ў сталовых вышэйшыя, таму ім хутчэй за ўсё будзе складана выканаць даручэнне ўрада. У галоўным корпусе БДУ найтаннейшы абед каштуе 3 рублі 40 капеек, У МДЛУ — 2 рублі 69 капеек. Калі пералічыць мінімальную стыпендыю ў 62 рублі на цяперашнія цэны абедаў у сталовых, то яе відавочна бракуе.

Кіраўнік адной з мінскіх сталовак у размове з Tut.by звярнуў увагу на тое, што апроч цэнаў ёсць яшчэ такія параметры, як вага порцый, якая ўскосна іх і акрэслівае. У запісцы тым часам гэтых дадзеных не было. Паводле суразмоўцы, цяпер, каб студэнт паўнавартасна паабедаў, трэба выдаткаваць мінімум 3 рублі 50 капеек. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?