Эксперты мяркуюць, што Драгаш можа перамагчы ў другім туры, Reuters

Эксперты мяркуюць, што Драгаш можа перамагчы ў другім туры, Reuters

У Чэхіі скончыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Ніхто не набраў 50% галасоў. Паводле папярэдніх вынікаў, дзеючы прэзідэнт Мілаш Зэман мае 39,5%, яго галоўны праціўнік Іржы Драгаш — 26%, Павел Фішэр — каля 10%,а былы прэм'ер Мірэк Тапаланек набраў 4%, паведамляе idnes.cz. 

Усяго ў прэзідэнцкай гонцы бралі ўдзел дзевяць кандыдатаў, яўка ў першым туры склала 60%.

Галоўная інтрыга была, ці набярэ 73-гадовы Зэман 50% галасоў, а значыць, ці будзе другі тур. Не набраў, другі тур будзе.

Зэмана называюць сябрам Масквы, ён неаднаразова выказваўся за адмену санкцый супраць Расіі, у тым ліку зусім нядаўна — у лістападзе падчас візіту ў Маскву.

Перад гэтым, у кастрычніку 2017-га, прэзідэнт Чэхіі, выступаючы на Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, назваў анексію Крыма Расіяй «скончаным фактам» і прапанаваў спагнаць з Расіі на карысць Украіны якую-небудзь кампенсацыю.

Адразу пасля брытанскага рэферэндуму аб членстве ў Еўрасаюзе Зэман прапанаваў правесці рэферэндум аб членстве Чэхіі і ў ЕС, і ў НАТА. Праўда, пры гэтым падкрэсліў, што сам ён — за тое, каб Чэхія заставалася ў абедзвюх арганізацыях. Адначасова Зэман крытыкаваў Брусэль за палітыку ў галіне іміграцыі і, хоць у Чэхіі амаль зусім няма блізкаўсходніх і афрыканскіх імігрантаў, гэта падабаецца вялікай частцы электарату.

Іржы Драгашу — 68 гадоў, ён былы прэзідэнт Акадэміі навук, хімік, педагог, мае рэпутацыю еўрааптыміста і ліберала і поўнай процілегласці Зэману, у тым ліку і за стыль паводзінаў.

Сваім выбаршчыкам ён абяцае, перш за ўсё, «павышэння якасці дыялогу з грамадствам». Іржы Драгаш выступае як незалежны кандыдат, якога падтрымлівае Хрысціянска-дэмакратычная партыя, паведамляе Чэшскае радыё.

«Мы павінны актыўна ўдзельнічаць у еўрапейскай палітыцы. Нашы адносіны з іншымі краінамі ЕС даюць нам магчымасці, пра якія раней мы маглі толькі марыць», — гаворыцца ў перадвыбарным маніфесце Драгаша.

Што тычыцца санкцый у дачыненні да Расіі, то Драгаш — за іх захаванне.

«Санкцыі супраць Расіі былі ўведзеныя пасля таго, як яна груба парушыла Будапешцкія пагадненні 1994 года, якія гарантавалі тэрытарыяльную цэласнасць Украіны […] З майго пункту гледжання, падставы для санкцый захоўваюцца», 0- сказаў Драгаш у тэлеінтэрв'ю напярэдадні Новага года.

«Мяне турбуе бліжэйшае асяроддзе прэзідэнта, якое відавочна цягне Чэшскую Рэспубліку туды, куды я асабіста не хачу. Цягнуць на ўсход, у бок пуцінскай Расіі, у бок Кітая», - казаў Драгаш, паведамляе Бі-бі-сі.

Дарэчы, не факт, што Драгаш пераможа Зэмана ў другім туры. Эксперты мяркуюць, што на выбарчыя ўчасткі могуць прыйсці схаваныя прыхільнікі Зэмана. Ці наадварот, мабілізуюцца прыхільнікі еўраінтэграцыі.

Прэзідэнт Чэхіі абіраецца ўсенародна з 2013 года, тады перамог акурат Зэман. Перад гэтым прэзідэнта ў краіне з 1918 абіраў парламент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0