Сапраўдныя скарбы для бібліяфілаў можна знайсці не толькі ў букіністах, але і на інтэрнэт-аўкцыёнах. Праўда, часам цэны на кнігі там у дзясяткі разоў пераўзыходзяць рэальныя. Аднак можна хаця б пабачыць на сканах і здымках тыя выданні. А пасля наведацца чарговы раз у дзедаўскую хату, трохі палазіць па гарышчы, каб адшукаць таксама нейкія беларускамоўныя кнігі.

Адам Станкевіч «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі. 1525—1925»

Вільня, Беларускае навуковае таварыства, 1925 год

Заходнебеларускае выданне славутага беларускага ксяндза прадаецца на беларускім аўкцыёне. За кнігу аўтар хоча 600 рублёў. Купіць можна без гандлю — адразу. Нягледзячы на тое, што кніга сапраўды рэдкая, такі кошт вельмі высокі для выдання. Можа, варта пашукаць падобныя кніжкі на гарышчах у суседзяў?

Францішак Багушэвіч «Дудка беларуская», «Смык беларускі» + даваенная паштоўка Багушэвіча выдавецтва Ф. Аляхновіча

Вільня, 1930 год

Гэта адзін з самых дарагіх лотаў. За кнігу і паштоўку прадавец хоча сама мала 800 рублёў. Так, $400! Аднак гэты лот ужо вісіць у продажы больш за год і пакуль не знайшлося ахвотных яго набыць.

Граматыка беларускай мовы, 1 том. Шакаль, Жыркевіч

Менск, 1939 год

Даваенныя выданні БССР таксама лічацца рэдкімі. Пасля вайны беларускіх кніжак засталося не так і шмат. Шмат чаго згарэла ў віхуры вайны ці нават проста скарыстана на самакруткі і скурана.

Стартавая цана падручніка — 18 рублёў. Хаця захаванасць кнігі не вельмі і добрая.

Граматыка беларускай мовы. 2 том. Бязносік, Шакаль

Менск, 1939 год

Другі том падручніка можна купіць за 27 рублёў, але ён трохі ў лепшым стане.

І.Ю. Міцкевіч «Рабочая кніжка па беларускай мове»

Менск, 1932 год

За такі падручнік для камвузаў, тэхнікумаў і іншых завочных установаў, а таксама для самастойнай адукацыі просяць 30 рублёў (без торгу). Кніга, дарэчы, у выдатным стане, але гэта другі том. Першага няма.

Часопіс «Саха»

1913 год

Першы Беларускі месячнік сельскай гаспадаркі. Выданне, якое надрукавалі яшчэ за царом, прадаецца цяпер за 45 рублёў. На такіх часопісах узгадоўваліся першыя беларускія патрыёты. Адточвалася мова.

Антон Луцкевiч «Янка Купала як прарок адраджэння»

Вільня, 1932 год

За гэтую невялікую брашуру (10 старонак) прадавец хоча 200 рублёў.

Якуб Колас «Сымон-музыка»

Вільня, 1928 год

За гэтае заходнебеларускае выданне прадавец хоча 195 рублёў! Кніга надрукаваная ў кнігарні «Пагоня», і, магчыма, таму прадавец лічыць, што гэта годная цана такога выдання.

Часопіс «Шлях моладзі»

1934 год, 3 нумары

За тры нумары заходнебеларускага моладзевага грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса прадавец хоча 100 рублёў. За аўкцыёнам сочаць сама мала 10 чалавек, але пакуль не наважваюцца зрабіць стаўкі.

Янка Купала «Избранные стихи»

Масква, 1939 год

Вершы ў перакладзе на расейскую мову нашага славутага песняра прадаюцца ўсяго за 15 рублёў. Кніга пачынаецца з верша «Тебе, наш учітель» і прысвячаецца, зразумела, Сталіну.

«Заваюем самы высокi ўраджай бульбы», праф. Дарожкiн, аграном Н. Глух

Інстытут бiялогii АН БССР, Менск, 1936 год

За такую кніжку, якая выдадзена накладам у 4000 асобнікаў, просяць 35 рублёў. Гэта стартавая цана.

М.С. Кацар «Беларускі народны арнамент»

Немагчыма абмінуць гэтае пасляваеннае грунтоўнае выданне 1955 года, за якое просяць 224 рублі (без торгу)! Хаця ў 2009-м за такую кнігу ў выдатным стане прасілі $300 на ebay.com.

У кнізе шмат разнастайных малюнкаў, узораў і выяваў. Праўда, аўтар папярэджвае: трэба рабіць стаўкі толькі пасля абмеркавання лота.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?