Палітолаг Андрэй Суздальцаў, высланы ў 2006 годзе з Беларусі з фармулёўкай «ставіў пад пагрозу нацыянальную бяспеку», на сваім сайце «Политическое обозрение» з расійскіх пазіцый прааналізаваў актуальны стан беларуска-расійскіх адносін.

Ён сцвярджае, што беларускія ўлады імкнуцца ўсімі спробамі захаваць нізкую цану на расійскія нафту і газ, а таксама абвінавачвае Беларусь у тым, што яна стварыла нелегальныя транзітныя патокі замежных грамадзян праз адкрытую беларуска-расійскую граніцу. На думку Суздальцава, менавіта гэта прымушае Расію стварыць паўнавартасную мяжу з Беларуссю.

Расійскі палітолаг нагадвае, што да канца 2017 года так і не было вырашана пытанне транспартавання беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты. Масква настойвае на тым, што прадукцыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў мусіць экспартавацца праз Расію, а не парты Вентспілса і Клайпеды. Суздальцаў лічыць, што праблема не мае рашэння, паколькі афіцыйны Мінск абсалютна не зацікаўлены ў пераразмеркаванні паставак.

Палітолаг нагадаў, што ў Расіі ідзе ўкараненне «падатковага манеўру», і ў перспектыве нафта ў Беларусь будзе пастаўляцца па сусветных цэнах. А так званы «нафтавы афшор», які цяпер існуе ў Беларусі, спыніць сваё існаванне.

Андрэй Суздальцаў прызнае, што пытанне цаны на энергарэсурсы для Беларусі цалкам залежыць ад яе палітычнай лаяльнасці.

«У Расіі паступова ўкараняецца ў цэлым крытычнае стаўленне да сучаснай Беларусі як краіны, што не можа прэтэндаваць на статус саюзніка Расіі. Няма сумневаў, што магчымасці Мінска «прасунуць» на перамовах у Маскве патрэбны беларускаму кіраўніцтву фармат газавых адносін з «Газпромам» рэзка скараціліся пасля галасавання беларускай парламенцкай дэлегацыяй за антырасійскую Мінскую дэкларацыю летась 9 ліпеня».

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў

Расійскі палітолаг таксама заўважыў, што ў 2017 годзе Беларусь атрымлівала газ па цане $143,6, а прадпрыемствам газ прадаваўся ўжо па $270 за тысячу кубаметраў. Такім чынам, беларуская нацэнка на расійскі газ склала 88%, у той час як Расія пастаўляе сваім прадпрыемствам газ з максімальнай нацэнкай 17%.

Суздальцаў сцвярджае, што такім чынам «беларускія алігархі» за 2017 год зарабілі ад 2,5 да 2,7 мільярда даляраў.

Вялікую ўвагу Суздальцаў звярнуў і на пытанне беларуска-расійскай мяжы. На яго думку, Беларусь зарабляе вялікія грошы, карыстаючыся сваім статусам «памежнага афшора». Палітолаг шчыра перакананы, што з канца 1990-ых жыхары Польшчы і краін Балтыі пачалі актыўна карыстацца беларускім «акном» на беларуска-расійскай мяжы, а з 2014 года праз Беларусь у Расію нібыта пачалі трапляць агенты СБУ, ветэраны АТА і прыхільнікі «Правага сектара».

Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін праз мінскі аэрапорт у Расіі ўспрынялі яшчэ больш балюча.

Суздальцаў упэўнены, што Беларусь пайшла на такі крок толькі для таго, каб стаць транзітным пунктам для тых, хто хоча з'ездзіць у Расію.

«Зразумела, што без Расіі Мінск і сама Беларусь ніякай рэальнай цікавасці, на жаль, для турыстаў не ўяўляе», — піша Суздальцаў.

Палітолаг лічыць, што паўнавартасныя пасты могуць з’явіцца на беларуска-расійскай мяжы ўжо ў красавіку 2018 года.

«Беларускі афшор закрыецца, а разам з ім і чарговая кармушка беларускага рэжыму за кошт Расіі».

Заканчвае Суздальцаў правакацыйным пытаннем.

«Міжволі ўзнікае цэлы шэраг пытанняў: на каго працуе Мінск, чые інтарэсы адстойвае, ад каго ўзяў аванс на чарговую «сцежку Лукашэнкі» ў Расію, каго супакойвае і абнадзейвае? Украіну, Паўночную Афрыку, разбітую Ісламскую дзяржаву?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?