У гэтыя дні віцэ-прэм'ер Васіль Жарко можа запрашаць на ўлазіны. Як стала вядома «Нашай Ніве», ён нарэшце дабудаваў сабе дом у катэджным пасёлку за Нацыянальнай бібліятэкай.

Былы міністр аховы здароўя займеў сабе чарговае элітнае жыллё. Яго жонцы ўжо належаць апартаменты ў Драздах плошчай больш за 120 м2.

Васіль Жарко. Фота Сяргея Гудзіліна.

Васіль Жарко. Фота Сяргея Гудзіліна.

Месца, дзе знаходзіцца новы дом віцэ-прэм'ера, пакуль не мае асобнага назову. У базах агенцтваў нерухомасці яго апісваюць «як катэджны пасёлак на Язмінавай».

«Праект прэміум-класа, які арганічна спалучае ў сабе перавагі экалагічнага раёна і сучаснай гарадской інфраструктуры.

Размяшчэнне ў прэстыжным маляўнічым раёне Мінска, сучасныя тэхналогіі і якасныя матэрыялы, выкарыстаныя пры будаўніцтве, выдатны натуральны ландшафт — усё гэта робіць катэджны пасёлак на Язмінавай не толькі статуснай нерухомасцю, але і ідэальным месцам для ціхага сямейнага жыцця.

Комплекс, дзе пабудаваў Жарко, — з карычневымі дахамі. Рэндарнае фота.

Комплекс, дзе пабудаваў Жарко, — з карычневымі дахамі. Рэндарнае фота.

14 камфартабельных катэджаў праектуюцца ў адзіным стылі і ўтвараюць суцэльны архітэктурны ансамбль, які спалучаецца з прыродным ландшафтам мясцовасці. Дамы выкананы ў сучасным мінімалістычным стылі, які падмацоўваюць і каляровыя фасадныя рашэнні ў стрыманай вохрыстай і цёмна-карычневай гаме.

На ўчастках катэджнага пасёлка запланавана размяшчэнне альтанак для адпачынку, у агульных зонах запраектавана дэкаратыўнае азеляненне з ядлоўца, самшыту, ігліцы і піхты, пешаходныя зоны выкананы з клінкернай пліткі з гранітнымі ўстаўкамі.

Прасторныя памяшканні з высокімі столямі і панарамнымі вокнамі забяспечаць цудоўны від на водны канал і лясны масіў, свабодная планіроўка катэджа дазволіць рэалізаваць усе вашы пажаданні і ўладкаваць дом такім, якім яго бачыце вы і ваша сям'я.

У катэджным пасёлку на Язмінавай праведзены цэнтральныя сеткі газа- і водазабеспячэння, абгароджаная тэрыторыя знаходзіцца пад кругласутачным відэаназіраннем», — гаворыцца на сайце будаўнічай кампаній «Тапас».

У рэальнасці ўсе 14 дамоў, якія ўваходзяць у склад комплексу, аднеслі да спецыяльна створанай вуліцы імя кампазітара Яўгена Глебава.

Спадарожнікавае фота ад «Яндэкса»

Спадарожнікавае фота ад «Яндэкса»

Просты чалавек трапіць на вуліцу Глебава не можа — непажаданых гасцей чакае кантрольна-прапускны пункт. Такіх «закрытых» вуліц на ўсю Беларусь літаральна дзве альбо тры. Нават па Драздах, дзе жыве большасць прадстаўнікоў вышэйшай наменклатуры, можа шпацыраваць любы ахвотны.

Кампанія «Тапас», якая будавала катэджны пасёлак, вядомая перадусім дзякуючы бізнэсмену Паўлу Беламу, аднаму з топ-менеджараў. Ён — нападаючы хакейнай зборнай Аляксандра Лукашэнкі.

Дзіва што сам Белы пакінуў сабе некалькі элітных катэджаў на Глебава. Ён — непасрэдны сусед Васіля Жарко.

Віцэ-прэм'ер атрымаў зямлю пад свой дом рашэннем Мінгарвыканкама №2626/1 ад 11 лістапада 2010 года. Незразумела, ці ён будаваў катэдж сваімі сіламі, ці з дапамогай «Тапаса».

Плошча дома Жарко — больш за 500 квадратных метраў.

Дом Жарко — справа.

Дом Жарко — справа.

Колькі можа каштаваць жыллё віцэ-прэм'ера па сацыяльных пытаннях?

Астатнія 13 дамоў «Тапас» прадаваў па камерцыйных цэнах.

Напрыклад,

адна з суседак топ-чыноўніка некалькі месяцаў таму набыла ў забудоўшчыка свой катэдж (амаль такі самы, як у Жарко) за $700 тысяч.

Каб назбіраць такія грошы, беларус з сярэднім заробкам павінен нічога не есці і не піць ды ашчаджаць 161 год.

Чытайце таксама: Па слядах Пастаялкі: як Васіль Жарко зрабіў кар’еру міністра аховы здароўя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?