Італьянка Лідзія Фэдэрыка Мацытэлі вывучае ў Рымскім унівэрсытэце славянскае мовазнаўства. Зараз яна ведае ўжо 10 моваў, апошняе захапленьне — беларуская. «Мы» даведаліся меркаваньні — часам вельмі для нас нечаканыя — пра Беларусь у 24‑гадовай асьпіранткі Рымскага ўнівэрсытэту.

‑ Як ты прыйшла да беларускай мовы? Як так сталася?

‑ Я вывучала 5 гадоў ва ўнівэрсытэце расейскую мову, але даўно хацела вывучыць і беларускую, бо мне расказвалі пра сытуацыю двухмоўя ў вашай краіне — і мне стала цікава.

Справа зь Беларусьсю была такой: на першым курсе ва ўнівэры чула ад сваёй выкладчыцы, што ў нас няма катэдры беларускай мовы, бо на самой Беларусі людзі не размаўляюць на сваёй мове. Гэта мяне зацікавіла, да таго ж я страшэнна люблю ўсе славянскія мовы — і не магла выносіць думкі, што адна зь іх зьнікае. Таму я і вырашыла для сябе, што колісь займуся гэтай мовай. Але не было часу й не было з кім…

Потым, на другім курсе, нам выкладалі пра Ўкраіну, я яшчэ пачала вывучаць польскую мову й літаратуру. Быў курс пра Крэсы Ўсходні — нам распавялі пра Міцкевіча, Шульца, украінскую культуру, «Litwa ojczyzna moja» і г.д. Мяне вельмі зацікавіла тэма Крэсаў.

Яшчэ ў 2006 годзе я паехала ў Піцер дзеля практыкі, там быў беларускі хлопец, мы сябравалі — і я яго папрасіла мяне вучыць размаўляць па‑беларуску. Праз яго пазнаёмілася яшчэ зь іншымі беларусамі.

Мой знаёмы вучыўся ў Вільні, я паехала ў госьці, убачыла Крэсы… Потым — у 2007‑м — была ў Варшаве на школе польскай мовы, тэмай якой былі тыя ж Крэсы. Тады і вырашыла, што буду сур’ёзна займацца Беларусьсю.

Там жа мне падарылі дыск зь фільмам «Урокі беларускай мовы». Я яго паглядзела больш за 100 разоў — амаль вывучыла на памяць, каб лепш разумець мову.

‑ Ты ўжо была тры разы ў Беларусі. Не расчаравалася? Яна такая, якой табе здавалася зь Італіі?

‑ Не, зусім не расчаравалася. Упершыню была ў 2006 годзе на адзін дзень у Менску. Горад мне вельмі спадабаўся, а людзей я палюбіла. Яны вельмі прыязныя да іншаземцаў. Я была на Беларусі ўжо тры разы, першы раз размаўляла па‑расейску, другі — 50/50, апошнім разам, сёлета ў жніўні, ніводнага разу па‑расейску:).

Калі прыязджаеш у Менск, убачыш абеліск Перамогі і «Подвиг народа бессмертен»… Неяк табе здаецца, што патрапіў у кнігу, якую дагэтуль толькі чытаў…

‑ Насамрэч так уражвае? Нават пасьля Рыму з яго помнікамі?

‑ Вы да яго прывыклі, я — не. Я прывыкла да Ватыкану, кожны дзень бачу, бо жыву тут непадалёк.

Дадам, што я яшчэ чытала 5 гадоў, калі вучыла расейскую мову, пра СССР, але ён для мяне толькі слова — і нічога больш.

‑ Тваё агульнае ўражаньне ад беларусаў?

‑ Яны вельмі адрозьніваюцца ад італійцаў, канешне. Беларусы шмат п’юць. Яны купляюць гарэлку ў крамах — як мы віно. І гарэлка, гарэлка… Хаця моладзь у нас таксама ўжывае розныя напоі, але менш, чым у вас.

Пра адрозненьні агулам цяжка сказаць… Гэта больш сам нацыянальны характар і розныя нацыянальныя абставіны, у якіх людзі жывуць.

Але пры гэтым беларуская моладзь больш адказная за нашую, у нейкай меры. Італьянцы жывуць у бацькоў, вучацца даўжэй, жэняцца пазьней. Беларусы раней ідуць у дарослае жыцьцё.

‑ Ты аддаеш перавагу «тарашкевіцы». Патлумач свой выбар.

‑ Ой, я спачатку пісала толькі ў «наркамаўцы». Мне тады «тарашкевіца» нат не падабалася, але потым вырашыла, што калі ня буду пісаць на ёй, то ніколі не змагу авалодаць гэтай нормай. Так што пачала карыстацца клясічным правапісам — і прывыкла. А зараз таксама лепш разумею, наколькі зрусіфікаваная «наркамаўка».

Беларуская мова мне вельмі падабаецца. Што да меркаваньня пра яе як сумесь польскай з расейскай… Тыя, хто так лічаць, магчыма не ведаюць, які вялізны ўплыў мелі беларуская і ўкраінская мовы на расейскую ў 15 стагодзьдзі. І нарэшце — асабіста мне зараз расейская мова гучыць сапсаванаю беларускай, я не жартую… хаця расейскую вучыла пяць год больш за беларускую.

‑ За палітычнымі кірункамі стасункаў Захаду і Беларусі сочыш?

‑ Калі сур’ёзна, думаю, зараз на Захадзе пра іншае думаюць, а не пра тыя ж беларускія выбары ў парлямэнт. Захад, магчыма, і прызнае выбары. Нам, насамрэч, лепш прызнаць — навошта ствараць сабе яшчэ аднаго ворага, калі ўжо Расея пачала аднаўляць халодную вайну… Але гэта асабіста маё меркаваньне — бо я не так ужо і цікаўлюся палітыкай.

Пры гэтым я не лічу сваю Італію Захадам таксама. Канешне, мы на Захадзе, але на паўднёвым — як Гішпанія і Партугалія. Мы, напрыклад, вельмі адрозьніваемся ад немцаў, хаця і вельмі ад грэкаў ці сэрбаў.

‑ А чым, акрамя славянскіх моваў, цікавішся?

‑ Мне вельмі падабаюцца расейскія рамансы, але й шэраг іншых рэчаў. Калі вось казаць пра расейскую літаратуру, то я прыхільніца Талстога, Дастаеўскага. Яшчэ мне вельмі Даўлатаў і Акунін падабаюцца, фантастыка і літаратура для дзяцей — і шмат чаго іншага. Зь беларускай літаратуры чытала Быкава, Коласа, мне таксама вельмі спадабаліся аповеды беларускіх эмігрантаў 60‑х гадоў. А яшчэ «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца.

Мне вельмі спадабалася кніга Севярынца. Ён вельмі цікава піша, хаця ёсць моманты пра ягоную працу там, якія часам мне цяжка зразумець. Я веру ў Бога, хаджу ў касьцёл на Імшу штодзённа, таму яго разумею, аднак часам ён, здаецца, перабольшвае з рэлігіяй, бо так яна становіцца сродкам палітбарацьбы, а гэта мне не падабаецца.

‑ Як усе італійцы хварэеш на футбол? Якія шанцы ў нашага БАТЭ зь «Ювэ»?

‑ Хварэю за «Рому», хаця ўся мая сям’я — за «Лацыё». Думаю, што «Ювэнтус» выйграе. Мне шкада… але ж «Ювэ» зараз вельмі добрая каманда.

‑ А што скажаш пра нашу кухню?

‑ Яна мне таксама вельмі падабаецца, але мо’ таму, што ўся славянская кухня мне даспадобы. Сьмятана спадабалася, у нас няма яе. Дранікі і калдуны. Хаця, калі была ў Вільні, то літоўцы казалі, што гэта іхняя нацыянальная страва.

‑ Мы часта спрачаемся, што чыё…

‑ Вось, мо я ў гэтым адрозьніваюся ад вас — палякаў, літоўцаў і беларусаў, бо магу на такія справы больш аб’ектыўна глядзець. Часам вы ўсе — невыносныя: гэта маё, гэта тваё… Вось мая першая лекцыя польскай літаратуры была пра тое, што лічыць Міцкевіча толькі палякам няможна… але і казаць што беларус — няможна! Проста ў італійцаў — збольшага мяжа‑мора, а там мала пра што сварыцца.

Але адно магу сказаць. Я зараз шмат чытаю кніг пра расейскую літаратуру, бо хутка іспыты для асьпірантуры. У гэтых кнігах зьмешаныя паняцьці Русі й Расеі, ажно здаецца, што ўсё — Расея. і калі не Расея, то Літва ці Польшча, а Ўкраіна й Беларусь губляюцца недзе… Канешне, там пішуць пра Сімяёна Полацкага і пра ўплыў рутэнскай літаратуры, але я ніколі не разумела дакладна Расеі, пакуль не зразумела — наколькі яна адрозьніваецца ад Беларусі і Ўкраіны… Зараз лепей і Расею разумею.

Русісты Эўропы лічуць Русь амаль той жа Расеяй. Праўда, кажуць, што «ўкраінскі й беларускі нацыяналізм лічуць Кіеўскую Русь таксама пачаткам сваіх нацыянальных літаратур». Але чаму ўкраінскі й беларускі — нацыяналізмы, а расейскі — проста гісторыя?

Вось пішуць пра Кірылу Тураўскага — рускі аўтар. І Пячэрская Лаўра — рускі манастыр… Потым я зразумела, у чым цяжкасьць. У нас няма двух слоў — расейскі і рускі. А толькі рускі. Але рускі — гэта кіеўскарускі. У гэтым сэнсе, Кірыла Тураўскі — рускі. Але не расейскі. Але слоў няма, таму бальшыня італійцаў ня ведае ані пра Русь, ані пра Рутэнію, усе думаюць, што рускі — гэта расейскі.

‑ Як сям’я ставіцца да твайго выбару?

‑ Яны вельмі радыя, бо бачаць, што гэта — мая жарсьць. Але яны вельмі хвалююцца з‑за вашага КДБ:). Ну, стэрэатыпы такія засталіся… Але ім ня вельмі прыемна было даведацца, што ў вас быць беларускамоўным — лічыцца ўжо нечым сумленным.

‑ І што далей з мовамі?

‑ Зараз асьпірантура. Пасьля — праца ва ўнівэрсытэце, спадзяюся. Хаця грошы, як і ўсё прыгожае, гэта прыносіць невялікія. Мяркую працаваць з мовазнаўствам. Пабачым.

Гутарыў Генадзь Шарыпкін, Мы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0