У кулуарах трэцяга з'езда «Белай Русі» рэпарцёр «Нашай Нівы» пагутарыў са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам.

Генадзь Давыдзька. Фота Сяргея Гудзіліна.

Генадзь Давыдзька. Фота Сяргея Гудзіліна.

Так, мы нагадалі яму вынікі сацыялагічнага апытання ІАЦ, паводле якога ў рэйтынгу самых любімых каналаў расійскі канал ТНТ абагнаў «Беларусь-1». Ці лічыць Давыдзька гэта праблемай і якія шляхі вырашэння бачыць?

«Усё вельмі проста: народ, прынамсі моладзь, хоча забаўляцца. Інфармацыі ёй дастаткова і ў інтэрнэце, у тым ліку і на вашым сайце. А ў вольны час яна забаўляецца, гледзячы той жа ТНТ», — сказаў Давыдзька. 

Дык а чаму Беларусь не створыць такі канал? Колькі грошай на гэта трэба? 

«Шмат, шмат грошай. Вельмі шмат. Калі казаць пра наш холдынг, то мы не пацягнем — вы ведаеце, напрыклад, колькі трэба сродкаў, каб проста забяспечыць перадачу сігналу? Гэта вялізныя сумы. Але гэта па-першае. Такі канал — гэта яшчэ справа таленту і памкненняў. Скажам, вакол тых жа СТС, ТНТ акумуляваныя вельмі вялікія моладзевыя сілы, у тым ліку — беларускія. Але чаму яны там? Чаму тыя ж украінцы такое могуць рабіць? Адказваю: у іх амаль што не існуе правілаў у сферы телебачання. Вы прыедзьце ва Украіне, паспрабуйце зрабіць забаўляльную перадачу. Калі яна цікавая, то вы не ўбачыце, дзе трэба распісацца, за якія грошы — вы іх у канверце атрымаеце. А ў нас ад ідэі праекта да рэалізацыі часам год праходзіць! Ён ужо старэе! Гэтак працуе вялізная машына. Вам вядомае закандаўства пра закупкі? Калі трэба зрабіць гумарыстычную праграму, нам трэба абвесціць закупку. Яна ідзе, потым зрываецца… потым зноў ідзе… А глядач увесь гэты час глядзіць ТНТ, атрымліваецца. А бюджэтныя сродкі трацяцца толькі на тое, што зацверджана», — сказаў ён. 

Таксама мы пацікавіліся, як асабіста Генадзь Браніслававіч будзе адзначаць 100-годдзе абвяшчэння БНР. 

«Тут яшчэ шмат пытанняў, канкрэтна ў мяне: а хто былі тыя людзі, што абвяшчалі БНР? Як яны скончылі, з чаго пачыналі? І якія памылкі рабілі? Вядома, што былі рамантычныя настроі, хацелі незалежнасці. А што з гэтага атрымалася? А што больш паўплывала на лёс сённяшняй нашай незалежнасці? Магчыма, што калі б не было БНР, то не было б БССР, але гэта не факт.

Мы — Белтэлерадыёкампанія — будзем асвятляць гэтую дату: зробім максімальна шчырае гістарычнае даследаванне. Адно толькі мне хочацца, каб гэтая дата працавала на кансалідацыю: мы павінны разам святкаваць ці адзначаць, але не мусім шукаць рэчы, якія нас раз'ядноўваюць», — падсумаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?