У горадзе Перваўральску, Свярдлоўскай вобласці Расіі затрымалі ілжэлекара, які вёў прыём у адным са шпіталёў. Чалавек у белым халаце, які да медыцыны не меў аніякага дачынення, прадстаўляўся пацыентам то тэрапеўтам, то хірургам, а часам і гінеколагам, паведамляе НТВ.

Супрацоўнікі шпіталя, пераглядаючы запісы камер відэаназірання, прызнаюцца, што не падазравалі, што гэты чалавек — не той, за каго сябе выдае, і да медыцыны не мае аніякага дачынення. Тое, што чужога сярод сваіх заўважылі не адразу, па словах лекараў, нічога дзіўнага: шпіталь вялікі.

Аднак адзін з фельчараў пазнаў у падазроным доктары свайго знаёмага і ўспомніў, што той не так даўно вярнуўся з калоніі. Апынуўшыся ў атачэнні абураных медыкаў, «чужы» спачатку апраўдваўся, што ўсяго толькі хацеў уладкавацца ў бальніцу сантэхнікам. Потым паказаў дакументы і здаўся. Супрацоўнікі бальніцы выклікалі паліцыянтаў.

У паліцыі мужчына даў тлумачэнні, але паколькі аніякіх фармальных доказаў таго, што ён здзейсніў злачынствы не знайшлося, ілжэдоктар быў адпушчаны на свабоду.

Мужчына быў судзімы за крадзяжы. Хутчэй за ўсё, як мяркуюць паліцыянты, вызваліўшыся з турмы, вырашыў зноў узяцца за старое і ў бальніцы праводзіў выведку. Зараз паліцыя праводзіць аналіз запісаў з камер назірання шпіталя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0