Летась пашчасьціла пабываць у краіне, куды я марыла трапіць зь дзяцінства — у Аўстраліі. Я правяла там пяць тыдняў. Хачу падзяліцца з вамі маімі (гастранамічнымі) назіраньнямі, піша Валерыя Красоўская для Радыё Свабода.

Як дыетолягу і чалавеку, які любіць смачна паесьці, мне, само сабой, было вельмі цікава даведацца як мага больш пра дыету аўстралійцаў.

У Брысбэне У Брысбэне

Дыспазыцыя

Я даўно ведала, што ў сэнсе харчаваньня Аўстралія ня можа пахваліцца спрыяльнай сытуацыяй. Нягледзячы на шматлікія ўрадавыя праграмы па прапагандзе здаровага харчаваньня, распаўсюджанасьць выпадкаў лішняй вагі і атлусьценьня сярод аўстралійцаў няўхільна расьце на працягу апошніх 30 гадоў.

Паводле дадзеных за 2015 год, амаль двое з трох дарослых (каля 63% насельніцтва) мелі залішнюю вагу або атлусьценьне. Паводле дадзеных за 2007 год, каля 25% дзяцей ва ўзросьце ад 2 да 16 гадоў пакутавалі ад залішняй вагі або атлусьценьня.

Таму ня дзіўна, што галоўнай прычынай сьмяротнасьці ў Аўстраліі зьяўляюцца сардэчна-судзінныя захворваньні. Так (дадзеныя за 2016 год), галоўнай прычынай сьмерці зьяўляецца ішэмічная хвароба сэрца (12 % усіх сьмерцяў). Ішэмічная хвароба сэрца — гэта паталягічны стан, які характарызуецца парушэньнем кровазабесьпячэньня сардэчнай мышцы (міякарда) з прычыны звужэньня каранарных артэрый.

Што я ўбачыла

Тое, што я ўбачыла ў Аўстраліі, у гэтую карціну вельмі ўпісваецца. У харчовым сэнсе, звычкі аўстралійцаў (калі казаць агулам) не найлепшыя.

Найперш кідаецца ў вочы празьмернае спажываньне мяса і мясных прадуктаў. Аўстралійцы ядуць мяса некалькі разоў на дзень і ў вялікіх колькасьцях. І абедзеннае, і вячэрняе мэню рэстаранаў складаецца практычна цалкам зь мясных страў. Акрамя сьвініны і ялавічыны прапануюцца стравы з кенгуру і кракадзіла.

Ежа ў вялікіх гарадах

Я ўбачыла ня ўсю Аўстралію — яна такая вялізная, што гэта аказалася немагчымым. Я была на ўсходнім узьбярэжжы і ў цэнтральнай частцы, у пустыні. Зь вялікіх гарадоў я наведала Сыднэй, Мэльбурн і Брысбэн. Асабліва ў Сыднэі і троху менш у Мэльбурне істотную частку насельніцтва складаюць выхадцы з азіяцкага рэгіёну (мне здалося, што ў Сыднэі прыкладна 80% насельніцтва адтуль).

Адпаведна, большая частка ўстаноў грамадзкага харчаваньня прапануе ежу з Азіі — кітайскую, карэйскую, віетнамскую і г. д. Мой спадарожнік і я па магчымасьці (а ў вялікіх гарадах яна была) харчаваліся ў вэгетарыянскіх рэстаранах. Большасьць з іх таксама былі з катэгорыі «ўсходняя кухня».

Індыйская вэгетарыянская страва Індыйская вэгетарыянская страва

У Аўстраліі шырока распаўсюджана італьянская кухня. Гэта — сьледзтва вялікай колькасьці эмігрантаў з Італіі. У вялікіх гарадах абавязкова ёсьць свая «маленькая Італія». На жаль, у італьянцаў аўстралійцы перанялі ў асноўным самыя шкодныя стравы — піццу (вельмі папулярная ва ўсіх кутках Аўстраліі), джэлата (марозіва), рызота (гатуецца на мясным булёне і вяршках), пасту.

Таксама ў краіне шмат індыйскіх і грэцкіх рэстаранаў.

У вялікіх гарадах — вялікі бізнэс. Усе хмарачосы Сыднэю і Мэльбурну маюць на ніжнім узроўні так званы food court ці харчовы двор. Усе шопінг-цэнтры маюць па некалькі такіх двароў. І вось яны зрабілі асобнае ўражаньне.

Двары адкрыты ў працоўны час, і пік наведваньня, натуральна, прыпадае на гадзіны абедзеннага перапынку. У гэты час усюды чарга (мала хто, відаць, бярэ ежу з хаты).

Азіякая вэганская страва Азіяцкая вэганская страва

Харчовы двор складаецца з шматлікіх стэндаў розных рэстаранных сетак. Паверце мне, выбраць ёсьць з чаго нават самаму прыдзірліваму кліенту. Сушы, шаўрма, фалафэль, вэганскія далікатэсы, бюргеры, марскія далікатэсы, ёга-наборы, фітнэс-наборы — карацей, чаго там толькі няма! Можна паесьці зь вялікай карысьцю, а можна паесьці і вельмі шкодна — ежа без перабольшаньня на любы густ і на любое здароўе.

Запечаны баклажан Запечаны баклажан

Ежа ў пустыні

У пустыні я правяла тыдзень. Палову гэтага часу — у месцы пад назвай Grand Canyon, куды мы дабіраліся на машыне 5 гадзін (амаль 600 км) ад іншага населенага пункту. Падчас гэтага пяцігадзіннага рэйсу насустрач нам праехала ўсяго некалькі транспартных сродкаў, і амаль усе зь іх — гэта так званыя дарожныя цягнікі.

Гэтыя цягнікі дастаўляюць правізію і ваду ў населеныя пункты (якіх у пустыні можна пералічыць па пальцах) два разы на тыдзень. Цягнікі ўяўляюць сабой грузавік зь некалькімі прычэпамі-вагонамі. У даўжыню такія саставы — каля 100 мэтраў!

У Grand Canyon ўсяго адзін гатэль, дзе можна разьмясьціцца ў рознага ўзроўню камфорту нумарах. Адна бар-піцэрыя (адкрыта да 17:00) і адзін рэстаран з адной вэгэтарыянскай стравай у мэню — рызота. Ёсьць маленькая крама, дзе можна купіць ваду (6 даляраў за 1.5 літра). Пры тэмпэратуры 40 градусаў — як у нашым выпадку — вады патрабуецца 1 літар у гадзіну на чалавека). Але ў той краме нельга купіць ежу. То бок выбару няма. Але, як той казаў, любіш катацца — любі і саначкі вазіць.

Затое ў большасьці «населеных» пунктаў пустыні можна зусім нечакана натрапіць на цудоўны ланч-рум з цудоўным вэганскімі опцыямі. Так што, як і ва ўсім, у ежы Аўстралія — краіна кантрастаў.

Ежа на ўзьбярэжжы

Ежа на ўзьбярэжжы (а я была на некалькіх) мала адрозьніваецца, на мой погляд, ад ежы ў глыбіні кантынэнту. Не магу сказаць, што рэстараны выбудоўваюць сваё мэню на дарах мора. Зноў жа, большасьць страў — мясныя.

Вельмі распаўсюджаная ў Аўстраліі рыба з прыгожай назвай — барамундзі. Гэта вялікая рыба атраду акунёвых, але што тычыцца смаку, дык яна больш нагадвае не акуня, а карпа. Другая паводле папулярнасьці рыба ў мясцовых рэстаранах — ласось.

Я трапіла ў Аўстралію ў сэзон манга і наелася іх там ўдосталь. Папая таксама там лічыцца цалкам звычайным фруктам. І манга, і папая каштуюць таньней за яблыкі і грушы. У тропіках расьце экзатычныя садавіна, але акрамя як там, яе складана знайсьці ў продажы ў іншых рэгіёнах Аўстраліі.

Салат з тофу і папаі Салат з тофу і папаі

Вельмі спадабалася, што аўстралійцы любяць гарбуз гэтак жа, як люблю яго я. Ён зьяўляецца часткай многіх страў і яго заўсёды можна купіць нават у самай сьціплай краме пасярод бязьлюдзьдзя. Яшчэ мне спадабалася, што ў сучасных аўстралійскіх рэстаранах шэф-кухары складаюць мэню з выключна лякальных прадуктаў: мясцовай ялавічыны, рыбы барамундзі, арэхаў макадамія (яны родам з Аўстраліі), мясцовай гародніны.

Запечаны гарбуз Запечаны гарбуз

Што кінулася ў вочы — дык гэта вельмі своеасаблівая інтэрпрэтацыя здаровай ежы. У модзе — выпечка без мукі. У складзе такой выпечкі, як правіла, вялікая колькасьць цукру, масла і яек, але затое за імі — чарга з наіўных, якія мяркуюць, што калі нешта напісана вялікімі літарамі, то гэта — карысна.

Яшчэ адзін трэнд з той жа опэры — ежа без глютэну, і многія ўстановы харчаваньня робяць акцэнт на тым, што яны маюць безглютэнавыя опцыі. У мяне да гэтага скептычнае стаўленьне. «Без глютэну» не раўняецца «карысна». Але пра гэта — іншым разам.

Аўстралійскі пэйзаж Аўстралійскі пэйзаж Аўстралійскі пэйзаж Аўстралійскі пэйзаж

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?