Фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by.

Фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by.

Гарадзішча на Менцы — месца, дзе быў заснаваны Менск, дзе горад месціўся да 1084 года, калі ён быў спалены кіеўскімі князямі і перанесены да ўпадзення Нямігі ў Свіслач. Выцягнутая частка валоў злева — дзяцінец, самая старая частка гарадзішча, некаторыя археолагі датуюць знаходкі на ёй ІХ стагоддзем. Злева ад яе цячэ летапісная рака Менка. На версе гэтага вала ў ХІХ стагоддзі жыхары Гарадзішча, паны Пішчалы, паставілі прыгожую белую альтанку, адкуль аглядалі навакольныя краявіды. і цяпер з гэтага месца можна добра разгледзець Малінаўку — а гэта 5—6 км нацянькі.

Ніжэй вала з Менкай злучаецца адзіны прыток Менкі — ручай Дунай. Дунай — самая распаўсюджаная фальклорная назва ракі ў Беларусі. Калі спявалі «ой, пайду ў Дунай утаплюся», то мелі на ўвазе якраз нейкі такі, найбліжэйшы Дунай. Тут, троху вышэй за ўпадзенне Дуная ў Менку, яшчэ ў ХІХ стагоддзі стаяў вадзяны млын.

Уверсе, за валамі, б'е крыніца, якую Уладзімір Арлоў прапанаваў назваць Крыніцай Усяслава Чарадзея. Бо гэтае месца запомніла і легендарнага полацкага князя, і ягонага сына Глеба Менскага, першага менскага валадара. Калі на валах у XVIII стагоддзі стаяла сядзіба Пішчалаў, то да гэтай крыніцы была зробленая адмысловая лесвіца, каб гаспадары маглі хадзіць браць ваду (вышыня валоў там — больш за 12 метраў).

Яшчэ вышэй, на полі за закругленымі дрэвамі, а таксама на полі справа ад валоў месціцца самае вялікае ў Беларусі старажытнае селішча — больш за 30 гектараў. Умацаванае гарадзішча і было цэнтрам гэтага селішча, дзе людзі трымалі абарону ў часе небяспекі. Знаходкі там датуюць ажно V стагоддзем.

Таксама справа, насупраць выезду з валоў, знойдзеныя могілкі сярэдзіны XVI стагоддзя (вёска заснаваная ў 1547 годзе).

І ўсё гэта — пад самым Менскам, 10 хвілін на машыне ад метро Малінаўка або 20 на маршрутцы ад метро Пятроўшчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?