Жанчына, якую раніцай 20 студзеня знайшлі на дарозе каля вёскі Баранава Полацкага раёна з прыкметамі наезду і ў аголеным выглядзе, знаходзіцца ў рэанімацыі. Праваахоўнікі ўстанавілі яе асобу - гэта 40-гадовая беспрацоўная навапалачанка. У яе крыві знайшлі алкаголь. Але чаму яна была без адзення, пакуль невядома: пацярпелая, па ацэнцы медыкаў, у стабільна цяжкім стане.
— Жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні — у прыватнасці, чэрапна-мазгавую траўму і пераломы. У яе крыві выявілі алкаголь. МАЗ канфіскавалі для правядзення экспертызы і следчага эксперыменту, — паведаміла TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УСК па рэгіёне Святлана Сахарава.
Заведзена крымінальная справа за парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.
— У ходзе расследавання следчыя ў ліку іншага высвятляць, чаму жанчына апынулася на дарозе ў аголеным выглядзе, - дадала Святлана Сахарава.
Нагадаем, раніцай 20 студзеня ў міліцыю звярнуўся кіроўца снегаўборачнай машыны. Ён распавёў, што каля вёскі Баранава знайшоў аголеную жанчыну з прыкметамі наезду.
З дапамогай сістэмы відэаназірання на сельскай краме і іншых дзеянняў супрацоўнікі ДАІ аператыўна вызначылі і затрымалі кіроўцу машыны, які падазраецца ў здзяйсненні ДТЗ. Гэта 44-гадовы кіроўца МАЗа з паўпрычэпам аднаго з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, жыхар Верхнядзвінска.
Сваю віну мужчына прызнаў. Ён растлумачыў ДАІ, што жанчына пераходзіла дарогу ў неналежным месцы, а з месца здарэння ён з'е'хаў, бо спалохаўся. Кіроўца быў цвярозы.