Бок абвінавачвання просіць у суда для аўтараў «Регнума» 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 3 гады. Пра гэта ў Мінскім гарадскім судзе падчас спрэчак бакоў заявіў дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль, перадае TUT.BY.

Фота: Сяргей Гудзілін

Фота: Сяргей Гудзілін

Дзяржабвінаваўца заявіў, што абвінавачаныя прызналіся, што пісалі артыкулы, якія, як вызначылі эксперты, маглі стаць прычынай распальвання нацыянальнай варожасці або розні.

— Артыкул 130 КК, па якім судзяць абвінавачаных, аднесены да артыкулаў злачынстваў супраць чалавецтва. Складана недаацэньваць усю сур'ёзнасць прад'яўленых абвінавачванняў, якія прыводзяць толькі да аднаго пакарання — пазбаўлення волі ад 5 да 12 гадоў, — сказаў дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль.

Ён таксама дадаў, што падчас следства заканадаўства было выканана, парушэнняў дапушчана не было.

— Можна зрабіць выснову пра захаванне заканадаўства падчас расследавання крымінальнай справы. Парушэнняў заканадаўства не дапушчана. Экспертамі вызначаная сукупнасць лінгвістычных і псіхалагічных прыкмет распальвання нацыянальнай варожасці або розні, — сказаў Кароль. — Здзяйсненне злачынства групай асоб усталявана ўзгодненасцю дзеянняў абвінавачаных з нявызначанымі асобамі.

У дачыненні да Шыптэнкі і Паўлаўца абвінавачванні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, якую ім ставілі ў віну, дзяржабвінаваўца прапанаваў зняць.

З нагоды ч.3 артыкула 130, дзяржабвінаваўца заявіў, што кампетэнтнасць экспертаў, якія рабілі экспертызу, сумневаў не выклікае, віна абвінавачаных цалкам даказана, і заклікаў суд да 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 3 гады для публіцыстаў.

— Абвінавачаныя станоўча ахарактарызаваны з усіх бакоў, судзімасцяў няма. На ўліках не знаходзяцца, — заявіў Аляксандр Кароль.

«Пакаранне з адтэрміноўкай» больш лёгкае за ўмоўны тэрмін. Калі за наступныя пяць гадоў аўтары «Рэгнума» не здзейсняць злачынстваў, судзімасць аўтаматычна пагасіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0