* * *

Колісь зь сястрою, навучаныя школаю, любілі бацьку пра перавагі савецкага ладу жыцьця даводзіць. Вось і тое, маўляў, маем, і тое, і гэта, і тэлевізар нават. «А каб не саветы, то, пэўна, нічога ня мелі б і ў лужыну замест тэлевізара ад раньня да вечара глядзеліся!» — пярэчыў-злаваўся. Не любіў слухаць, як начальству за добрае жыцьцё па тым жа тэлеку ці па радыё дзякуюць. Што б сёньня сказаў, калі толькі дзякі адны паўсюль і чуваць? Пэнсіянэры — за пэнсію дзякуюць, што ўчасна ім сплачваюць. Настаўнікі — за магчымасьць вучыць. Вяскоўка па радыё — за асартымэнт тавараў у краме. Нацыя ўдзячных.

* * *

Як дыктар ці дыктарка на нашым тэлебачаньні — абавязкова зласьлівы. Адзін словы праз зубы цэдзіць, быццам разьняць іх як сьлед рады ня дасьць — ад сьліны, другі страхавітасьцю пагляду палохае з экрану, трэці з такою фанабэрыяй вяшчае, нібы самога Бога за бараду ўхапіў. Паводле навукоўцаў, арганізм дарослага чалавека ўтрымлівае атрутных рэчываў, дастатковых дзеля зьнішчэньня адной блыхі. Гэтым перадаў, няйначай. Ды з такім каптуром, што і хірургічнае ўмяшальніцтва ўжо наўрад паможа небаракам зьлішкаў пазбыцца.

* * *

«Правільных» віцебскіх літаратараў васьмюдзесяцьцю трыма штукамі нагрудных знакаў, што мусяць інжынэраў чалавечых душаў з натоўпу выдзяляць, ашчасьлівілі. У суправаджэньні адпаведнага рахунку да аплаты казённай установе — упраўленьню культуры, — вядома. Шык! А то што гэта за творца — бяз блямбы? Дзяржава ведае, што робіць: лашчыць дык лашчыць — шырока, з размахам, з закідам на будучыню. Ну, і не без спадзеву ж на ўзаемнасьць, канечне, якая вось ужо — у выглядзе вытрыманых у духу савецкіх часоў перадвыбарных зваротаў-агітак не прымусіла сябе чакаць.

* * *

Быццам і прызнаюць чыноўнікі новае літутварэньне ды адначасна і дыстанцуюцца ад яго: каму ахвота ў бруд лезьці, пэцкацца? Ня могуць жа не разумець, што да чаго: заказчык — дзядзька вяльможна-саноўны, усенароднаабраны; выканаўца — хаўрусік выразна расейска-габрэйскі (даруйце, габрэі «нячэсныя»), на зоркі вежаў белакаменнай скіраваны; у ролі статыстаў пры ім — дзясяткаў пяць рэнэгатаў з тутэйшых ці прыбышоў і часта — самых зацятых, якіх толькі можна сабе ўявіць, ксэнафобаў. Паперадзе ўсіх — абслуга бэтэшная брахліва-ваяўнічая. Усе — пад адным дахам, у адным кагале. Яшчэ той кактэйльчык.

* * *

Не знаёмы, але, відаць, збольшага начуты пра пэрыпэтыі ў пісьменьніцкай суполцы чалавек падышоў на вуліцы:

— Устоите?

Як на такое адказаць? Даводзіць неабазнанаму ў творчых справах, што асадку з рук толькі Бог можа ў чалавека вырваць?

* * *

У Скоблы датычна далейшага лёсу пісьменьніцкай суполкі: «Будзем, як першыя хрысьціяне ў катакомбах». Патаемна зьбірацца ў падземных лябірынтах, патаемна ў іншы сьвет адыходзіць? Парэшткі выпетрацца з часам з пахавальнай нішы, аскепкі духу, у цьмяных пісьмёнах увасобленага, застануцца. Ды сёе-тое з матэрыяльных сьведчаньняў кшталту канфэсійнае, творчае ці іншае якое прыналежнасьці — усё нашчадкам дзеля навукі ды задавальненьня цікаўнасьці. Вось дзе толькі пліты тае вульканічнае антыэпідэмічнае лявы расшукаць у балацінным нашым краі, каб, як у катакомбах рымскіх, ад пошасьці рознай прыблуднай засьцерагацца?

* * *

Якая б ні была паганая справа, у ёй заўжды знойдзецца ахвотнік узяць на сябе ролю кбта. Чыноўнікі — няхай, яны часта хлеб з гэтага ядуць. Іншая рэч, калі творца да ўзроўню чыноўніка апускаецца, робіцца сякераю ў руках ня лёсу нават, як той Раскольнікаў, а чыйгосьці злога змыслу. Апускаецца сьвядома, узважыўшы ўсе pro et contra, найгалоўныя зь якіх, адпаведна, — выгода і сумленьне — так прыхаматліва ў галаве ў бедака спляліся, што і рады ня дасьць адрозьніць адно ад другога. І адначасна як шмат наўкола зьявіцца тых, што гатовыя будуць паставіцца да гэткае ягонае (а значыць і да ўласнае — пры нагодзе) ролі доўбні як да належнага.

* * *

Цётка была, за месца пад сонцам адмысловая змагарка. Так і гэтак спхнуць з пасады намагаліся нядобразычліўцы — каб брывом варухнула. Паклікала начальніца да сябе, прапанавала ў іншую ўстанову перайсьці. «Я б тут хацела застацца», — адказвае. «Нельга, загад атрымалі...» — «Ну, можа, як-небудзь...» — «І не прасіце, не магу, я ж вам ня папа Рымскі». Меркавала-думала цётка, як быць далей, і вырашыла сувязі сякія-такія задзейнічаць. Патэлефанавала колішняй сяброўцы, маці высокага чыноўніка, распавяла сваю крыўду. А ўранку — ад начальніцы тэлефонная вестачка: «Уладзілася вашая справа, заставайцеся». «Вось бачыце, а казалі, што вы ня папа Рымскі. Ці за ноч пасьпелі ім стаць?»

Другая, чыноўніца ад культуры абласнога маштабу, яшчэ далей пайшла: сама сябе на сталіцу папскую ці ня вызначыла. Усё вырашае, усім распараджацца мкнецца. Кніжку няўгоднага аўтара выцягне з шуфляды ды махае ёю з вар’яцкім шалам пад акампанэмэнт уласнага голасу: «Гэтага апазыцыянэра — да людзей пускаць? У яго на вокладцы нават — краты замест чаго прыстойнага!» Сама ж — і зь дзясятак кніжак за жыцьцё прачытаць ці здолела, моваю нацыі тытульнай, да пэнсіі ва ўтульным кабінэце начальніцкім праседзеўшы, так і не дала рады авалодаць. Зрэшты, якое стаўленьне ў дзяржавы да культуры, такія і козіны дочкі-козы ў ёй падпасваюцца.

* * *

Ах, цёткі!

Як здрабнела ўсё ў дзяржаве! Даўней — справа дык справа была, у кабінэце дзе-небудзь вырашалася, пры стале, пры размове паважнай. Цяпер жа, дай ты веры, — у калідоры!

Дзядзька з саноўных пра працаўладкаваньне сына распавядае: «Упрасіў начальніка прэстыжнага прадпрыемства боўдзілу майго рабочым узяць. І вось спатыкае яго па нейкім часе ў калідоры і зь лёту: зайдзіце, маўляў, пасьля зьмены, справа да вас ёсьць. Заходзіць мой, а той яму — пасаду не абы-якую. Дробязь — а прыемна!»

Назаўтра — другі пра гэткі ж цуд дабрадзейства, ня з сынам толькі — з дачкою, і зноў — з калідорам у якасьці інтэр’еру.

Здрабнела ўсё, адно ўсьцешна — карупцыі ў нас — ні-ні.

* * *

Правіна супраць душы, хай і ненаўмысная, — нясплатны доўг. Сплаціць аднойчы пажадаеш — а запозна: масты словам злым, гняўліва-неабачлівым спаленыя. Дзе спыніўся на тым злым, ад таго і пачынаць трэба адбудову, і найчасьцей яно ўжо — нерэальная рэч, бо ні часу, ні моцы на гэткія высілкі не стае. Умець учасна дараваць і дараваньня прасіць — вялікая навука. А як для занадта датклівых натураў, дык і наагул ці не найгалоўная.

* * *

Голуб наўзбоч ходніка з выдаткаў неахайнасьці месьцічаў — крошкамі-скарынкамі, што за зіму назьбіраліся, — похапліва карыстаецца. Раптам гук — такі, быццам шына ў аўто ляснула, — навакольле агаломшвае. Боўдзіла год дваццаці Божае стварэньне зь мячыкам пераблытаў, хлабыснуў нагою. Пер’е пасыпалася ў птахі з бакоў ды крылаў, але дала рады — ці не ад шоку — узьляцець на дах крамы. Ніхто не ўхваліў паскудніка, але ж і не асудзіў, «отморозком» не назваў. А то ж: у закалотах майданных з равесьнікамі не тусаваўся, у замаху на «сьвятое» ўдзелу ня браў, сярод лепшых, што ёсьць у краіны на сёньняшні дзень, заўважаны ня быў. А значыць, і небясьпекі ні для каго не ўяўляе. Апроч хіба што голуба гэтага ды бабулі з пад’езду, што за «стабільнасьць» ды «росквіт» шторазу галасуе і якую пры нагодзе, а то і без нагоды на колькі заўгодна літарын беспакарана пашле.

* * *

Больш, чым само нават пачуцьце нацыянальнае прыналежнасьці, нармальных людзей можа яднаць факт яго абразы. Той самай, што датычыць нібыта ўсіх, а ўспрымаецца, як у нас адвеку, далёка ня кожным на свой адрас. Няма адэкватнага рэагаваньня на абразу, зьнявагу — значыць, няма годнасьці. Няма годнасьці супольнай — няма на роду. І чым тут росквіт эканомікі ці ўзрастаньне дабрабыту памогуць?

* * *

Магільныя пліты на парыскіх кладах Пэр-Ляшэз — ня гэтак напамін пра ўнёсак нябожчыка ў духоўную скарбонку культурнае сталіцы сьвету, як пра яго прыжыцьцёвы статус. Так усюды, вядома, ды тут, пры такой агромністай колькасьці магілак знакамітасьцяў, прэтэнзіі шараговых, нічым не адметных грамадзянаў на пасьмяротную вечную памяць у народзе бадай найболей уражваюць. Шыхты магільных плітаў колісь магутных саноўных асобаў мінаеш з пачуцьцем лёгкай прыкрасьці ды спадзевам, што дзесьці неўзабаве, за зьвілінаю алеі, узьб’есься ўрэшце на вартае ўвагі. Часам так непрыкметнае, што, ня маючы пры сабе ўказальніка з разьмяшчэньнем сэктараў, і ня сьцяміш адразу: вось яно, прад вачыма, у паўкроку. Ад сузіраньня якога і шкадоба, што аддаў паўдня бадзяньню па 47-гектарных тых кладах замест таго, каб любавацца цудамі гораду, зьнікне да зьяўленьня чарговага «царскага сяла» зь велічна-прэтэнцыёзных, пустых, бы шкарлупіна ад выедзенага яйка, гмахаў-надгробкаў.

* * *

У Чапэка ў «Скандальнай афэры Ёзафа Галоўшака» ў фінале — газэтнае паведамленьне пра галоўнага пэрсанажа: «...павесіўся ўчора ва ўласным доме... голы, зь перарэзанымі венамі і напалову жыўцом спалены на вогнішчы, якое сам расклаў пад сабою, выпіўшы папярэдне атруты». Як у нашай, зазвычай да млоснасьці шэрай і тупой дзяржпрэсе, калі на тэму ўлюбёную — змаганьня з іншадумствам — акулы пяра ад афіцыёзу ўсьсядуць, калі ня тое што ў вогнішча з атрутаю — бацькавы брудныя нагавіцы ў якасьці прынады для патэнцыйнага чытача прыдадуцца.

* * *

Манашка маладзенькая ў залі падчас выступу ў Браславе: сьветлая, як прамень, ажно іскрыцца лагодаю. Беларуска, з Гарадзеншчыны, айчыннае гадоўлі — і такіх нямала ўжо. З аднаго боку — можа, ня так і добры той зыход маладых у манаства, калі браць пад увагу сытуацыю дэмаграфічную. З другога — усьцешна: традыцыя ахвярнасьці, перарваная гадамі атэізму, узнаўляецца. Высокая ахвярнасьць, паводле сьвядомага выбару, — яе ці не найбольш нам сёньня не стае.

* * *

Маладзён скардзіцца на жыцьцё — усьмешку выклікае. Стары наракае на непамысноты — раздражняе. Ніхто ня любіць, калі пра яго ведаюць больш, чым ён сам жадае пра сябе паведаміць. І гэтаксама нікому не даспадобы, як сабою любым дарэшты дзеляцца, патаемнае агаляючы. Эксгібіцыянізм духоўны — у пэўным сэнсе замах на самасьць другога чалавека. Яго, у адрозьненьне ад фізычнага, ня проста не прымаюць — не даруюць.

* * *

Прадпрымальніца, не дурная нібыта дама, даведаўшыся, колькі газэтчыкам у дзяржаўных выданьнях плацяць, дзівіцца, чаму пры гэткіх заробках старонкі тых газэтаў «нейкія пустыя». Быццам ня ведае: адсутнасьць чагось часам ня меншы кошт мае, як і яго наяўнасьць.

* * *

Спаткаеш каторага з былых студэнтаў — і не пазнаеш: расейскамоўны чалавек, счужэлы. Згадаеш, як добра шпрэхаў(-ла) на занятках на роднай мове і падумаеш міжволі: каму яна, праца твая, патрэбная, калі нічога ад яе не застаецца? Сьпішаш на мімікрыю гэткія мэтамарфозы ды і супакоісься: не тваё, не належнае табе, як ні жадай таго, сваім ня зробіш.

* * *

Бывае, падымеш, затузаны мітусьнёй, вочы і ўбачыш: галава — на грудзях у чалавека, рукі бездапаможна ўздоўж цела апусьціліся. Сьлед бы падысьці, слова мовіць дзеля падтрымкі, а стрымлівае штосьці.

Больш году мінула, як такога сьведкам стаў. «Ат, мала што», — падумаў тады, сваім чымсьці заняты. Увечары пайшоў у капліцу, а там, як на тое, казаньне сьвятара — пра крыўду чалавеку, а значыць, і Богу празь няўвагу да людзкое патрэбы. Памаліўся за супакой для знэнджанага — усё, што мог на тую хвіліну.

Такія вось сантымэнты.

* * *

Некаторыя літаратары-мысьляры (напрыклад, француз Бэрнанос) схільныя бачыць вытокі ўсясьветных і лякальных крызісаў не ў сацыяльных ці палітычных варунках, а найперш у праблеме індывідуальнай сьвядомасьці. Гэта калі ня нейкая там тэорыя судзейнічае зьяўленьню чалавека адпаведнага кшталту мысьленьня, а наадварот, яна, тэорыя, абавязаная гэтаму самаму чалавеку і фактам свайго зьяўленьня, і шырокім распаўсюдам сярод масаў. А што ў нас? Ціск напярэдадні выбараў — ці не гатовыя мы былі да яго, ці не прымалі яго ўнутрана як належнае, пакідаючы на ўсякае ўсё глыбока ў душы каліва надзеі на замірэньне з уласным сумленьнем? «Я на працы, што вы хочаце?» — ці не найчасьцей гучала ў тыя дні з нашых вуснаў у адказ на справядлівыя папрокі ў канфармізьме, калі заходзіла размова пра таптаньне нашае (а разам і тых, хто побач з намі) чалавечае і грамадзянскае годнасьці. Так казаў выкладчык вучэльні і ішоў у аўдыторыю змушаць студэнтаў да датэрміновага галасаваньня, хоць гэта і не адпавядала яго ўнутранаму перакананьню і ўжо аніяк не датычыла прафэсійных абавязкаў. Так казала, панаракаўшы ў кулюарах на адсутнасьць свабоды, якую яна каторы год марна спадзяецца атрымаць ад народу на сподачку, армада газэтчыкаў зь дзяржаўных СМІ і выдавала на спажыву патэнцыйнаму выбаршчыку блёкі бравурных рэпартажаў на тэму татальнага «росквіту». Так разважала частка літаратараў-рэнэгатаў, што з боязі страціць уежны кавалак перакінулася з дэмакратычнага творчага саюзу ў праўладную пісьменьніцкую суполку і тут жа выступіла са зваротам да чытача аддаць дзевятнаццатага свой голас за Лукашэнку. Ці дзіва, што ў такой атмасфэры, на тле такога згодніцтва эліты духу найкамфортней пачуваліся ў тых самых вучэбнай, чытацкай ды іншых аўдыторыях валантары ад улады? Улада цынічна прапанавала нам свае правілы гульні — мы цынічна прынялі іх да ведама, паставіўшы тым самым паміж сабою і ўладай знак роўнасьці. І нашая індывідуальная сьвядомасьць пры гэтым ня менш цынічна маўчала. Якою тэорыяй і якімі варункамі ўсё тое апраўдаем?

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0