За два дні да новага 5769‑га году паводле габрэйскага календара беларус Аляксандар Астравух прэзэнтаваў вялікі ідыш‑беларускі слоўнік.

Ін кладофке афтэр полке штэйт а банке міт варэньне

Надоечы на сядзібе ТБМ прайшла прэзэнтацыя дыхтоўнага ідыш‑беларускага слоўніка. Няўтомны беларусіст Адам Мальдзіс ужо назваў яго «энцыкляпэдыяй жыцьця». Тут можна толькі дадаць — «абодвух народаў». Бо 928‑старонкавы фаліянт, які акрамя слоўнікавых артыкулаў, фразэалягізмаў і прымавак габрэйскага народу, утрымлівае таксама беларускія прымаўкі і фраземы, зьвязаныя з габрэямі. Да таго ж, кідаецца ў вочы асаблівасьць слоўніка, якую спэцыялісты палічылі б заганай, — словы на ідыш напісаныя не габрэйскімі літарамі, а лацініцай. На думку складальніка гэта спросьціць неабазнанаму ў габрэйшчыне карыстальніку знайсьці такія словы, як «цымус» ці «хеўра», якія пратачыліся ў белмову, а таксама дапаможа ў пошуках выразаў, якія казалі людзі, што, маючы часам самае аддалёнае дачыненьне да габрэйства, мелі самае непасрэднае да ідышу. Напрыклад, паходжаньне выразу «Шахер‑махер».

Слоўнік аздоблены малюнкамі і здымкамі беларускіх сінагог. Гэта першы ідыш‑беларускі слоўнік з часоў невялічкага размоўніка, укладзенага Зьмітраком Бядулем у 1932 годзе.

Рэстаўратары ідышу

Гісторыя слоўніка пачалася з глухіх сямідзясятых. Група мастакоў, што гуртавалася вакол выкладчыка Алега Хадыкі, сьпярша пастанавілі вярнуць у свой ужытак беларускую мову. Але роднай не задаволіліся. Палічыўшы карыстаньне роднай мовай самой сабой зразумелым, мастакі, збольшага ўраджэнцы маленькіх мястэчак, зрабілі і другі крок у рэстаўрацыі сваёй Беларусі — пачалі вывучаць габрэйскі алефбэйс. Падчас экспэдыцыйных выправаў у розныя куткі, запісвалі габрэйскія песьні і выразы. «Ідыш дапамагаў захаваць здаровы глузд у той бязглузды час» — кажа Алесь Астравух.

«У сквэрыку за бюстам Дзяржынскага, месцы традыцыйнага «шыдэха», сватаўства, дзе вырашаўся лёс нежанатай габрэйскай моладзі, мы слухалі мову з вуснаў увішных зводніц і заклапочаных матак,» — распавядае мастак Мікола Залатуха. — «Яшчэ хадзілі ў парк Чалюскінцаў, які ўпадабалі старыя габрэйскія пары. Там найбольшую асалоду мы мелі, калі апісваючы адно адному смак крэплах (клёцак) і рогалах (рагалікаў), старыя пачыналі пераходзіць на сакавіты ідыш».

Адна зь першых вэрсіяў гербу БССР, надпісы на якімзроблены на чатырох дзяржаўных мовах, у тым ліку і на ідыш.

Адна зь першых вэрсіяў гербу БССР, надпісы на якім
зроблены на чатырох дзяржаўных мовах, у тым ліку і на ідыш.

Леанід Ільіч Алейхем

Сама прэзэнтацыя слоўніка прайшла па‑сямейнаму: пры накрытым традыцыйнымі і ня вельмі стравамі стале, з габрэйскімі і беларускімі песьнямі хорам, з пажаданьнямі добрага Новага году.

Калі Мікола Залатуха, прачытаўшы напамяць нейкі ўрывак на ідыш, спытаў у прысутных пра аўтарства, пачуліся галасы: «Шолам Алейхэм», «Мэндэле Мойхер‑Сфорым». Спадар Мікола пераможна абвёў позіркам прысутных і абвесьціў, што гэта быў урывак з кнігі Брэжнева «Малая зямля». Рэч у тым, што калі мастак заняўся сур’ёзным вывучэньнем ідышу, дык у мясцовай бібліятэцы была толькі адна патрэбная кніга — пераклад грандыёзнай брэжнеўскай апупеі. Але нічога не паробіш – жаданьне чытаць па‑габрэйску перамагло і мастак вучыў ідыш па сачыненьнях дарагога Леаніда Ільіча.

На прэзэнтацыі было трошкі сказана і пра росквіт ідышу ў Беларусі. Прыгадалі, як адначасова зь беларусізацыяй 20‑х гадоў, у БССР адбывалася й ідышызацыя. Цэлыя дзесяць гадоў БССР была адзіным краем у сьвеце, дзе габрэйская мова была дзяржаўнай. У часы, калі позіркі беларусаў замежжа былі тады зьвернутыя на Менск, дзе былі зробленыя пэўныя крокі насустрач беларушчыне, габрэі ўсяго сьвету таксама захапляліся беларускай сталіцай. Бо ў Менску былі адчыненыя габрэйскія агульнаадукацыйныя школы, буйнымі накладамі выходзіла кнігі, нават дубляваліся на ідыш кінастужкі. У тыя гады тут тварылі таленавітыя Ізі Харык і Гірш Рэлес, і менавіта тут Майсей Кульбак напісаў шэдэўр габрэйскай літаратуры — раман пра даваенны Менск «Зельманцы».

Сёньня, выпалены канцлягерамі і расстраляны гулагамі, ідыш пакрысе вяртаецца ў Беларусь. Маем спадзевы, што сваю ролю тут адыграе і гэты слоўнік Алеся Астравуха, мастака‑рэстраўратара, які аднаўляе ідыш.

Павал Касьцюкевіч

Р.S. «Купіў за фуфцыкер — прадаў за ферцыкер, абы добры грош» (габрэйская прымаўка)

Відэа прэзэнтацыі слоўніка можна пабачыць тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0