Палітык Сяргей Скрабец балатуецца ў дэпутаты Мінгарсавета па Пляханаўскай акрузе №10.

Фота Радыё Свабода.

Фота Радыё Свабода.

Ягоны агітацыйны выступ на радыё адрозніваўся ад зваротаў канкурэнтаў.

Скрабец прайшоўся па персаналіях супернікаў, расказаў анекдот пра Лукашэнку, Пуціна і Трампа ды скончыў выступ словамі «Жыве Беларусь!».

Найлепшыя цытаты з выступу Скрабца:

* * *

Вы, мабыць, падумаеце: ну вось, яшчэ адзін паўжывы кандыдат пачне локшыну вешаць, а дзе інтрыга выбараў, дзе кампрамат на супернікаў? Акрамя мяне ў спісах для галасавання яшчэ 5 чалавек. Першым у спісе стаіць спадар Жукоўскі — галоўны санітарны доктар Ленінскага раёна. Ну вось скажыце, калі яму займацца вашымі праблемамі, калі ў яго сваёй працы па горла? Ды яшчэ трэба баяцца, каб за хабар не дай бог не пасадзілі, яго ж калег кожны дзень пакуюць пачкамі.

Далей ідзе Арлова Аксана — дырэктар дзіцячага гарадка, член Камуністычнай партыі Беларусі. Ну вось хай бы і расказвала сваім акцябратам пра дзядулю Леніна, дык не, трэба ў дэпутаты ісці! Я, шчыра кажучы, сваё дзіця камуністам выхоўваць не даверыў бы.

Наступны — Пакутнік Аляксей. Бізнэсмен, член ЛДПР. Гэты хлопец для масавасці, яму б свой бізнэс захаваць. Колькі ўжо іх, беднякоў, па турмах сядзіць?! І не злічыць!

Далей Панасевіч Вадзім — намеснік дырэктара сярэдняй школы. У школах, я так разумею, ужо поўны парадак навялі — час у дэпутаты падацца. Шанцы ў яго нулявыя!

Ну і на закуску — страхавы брокер Перапечка Андрэй. Не ведаю, што гэта такое страхавы брокер? Але, відаць, гэта адзіны прыстойны чалавек у нашай кампаніі.

* * *

Найперш трэба прыбраць з выканаўчай і заканадаўчай улады пенсіянераў, бо яны замінаюць развіццю краіны. Усіх чыноўнікаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, — на пенсію, адарваць іх ад карыта. Усіх, хто праседжвае штаны ў кабінетах,адправіць на свой хлеб: у бізнэс, калгас, к чорту ў балота. Хай паспрабуюць самыя зарабляць сабе на жыццё,хай паспрабуюць пражыць на адну пенсію, не крадучы з дзяржаўнай казны! Кумаўство і карупцыя раз’ядаюць нашу краіну.

* * *

Раскажу вам анекдот.

Сабраліся неяк Трамп, Пуцін і Лукашэнка і абмяркоўваюць, як жывуць іх выбарцы.

Трамп кажа:

— Сярэдні амерыканец атрымлівае 2 тысячы даляраў на месяц. 500 ідзе на расходы: камуналка, тэлефон, тэлевізар, інтэрнэт. Паўтары тысячы ім застаецца, на жыццё хапае.

Пуцін кажа:

— Расеец у сярэднім атрымлівае 1000 даляраў. 500 траціць на камуналку, тэлефон, тэлевізар, інтэрнэт. 500 даляраў яму застаецца. Не вельмі, але хапае на жыццё.

Лукашэнка кажа:

— У сярэднім беларус атрымлівае 300 даляраў. 500 траціць на накладныя расходы, як і ў вас. Вось я па начох не сплю і ўсё думаю: дзе ён яшчэ 200 даляраў бярэ?

* * *

Палацы ў Драздах за нашы грошы будуюць для бяздомных бамжоў, народ так і называе гэтых «драздуноў» — бамжы.

* * *

Ау, людзі на балоце! Час прачынацца! Вясна хутка прыйдзе. Разам будзем святкаваць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0