Мяркуючы па сёньняшняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь віцэ‑старшынёй ПА АБСЭ, кіраўніцай місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі Ан‑Мары Лізэн, лукашэнкаўцы вычэкваюць рэакцыі Эўрасаюзу, захоўваючы ранейшы палітычны курс.
У іншай сытуацыі Аляксандар Лукашэнка грымеў бы і склікаў генэралаў ГБ, а сёньня сьціпленька нагадаў, што Беларусь «чакае ад Эўропы адмены ўсялякіх санкцый, якія эўрапейцы ўвялі». У якасьці дымавой заслоны пайшлі ў ход традыцыйныя клятвы ў вечнай дружбе з Расіяй. 6 кастрычніка, дарэчы, да васалаў у Менск прылятае Пуцін — са сваёй ініцыятывы.
Беларускія ўлады зрабілі выгляд, што не заўважылі таго, што назіральная місія АБСЭ назвала выбары «неадпаведнымі дэмакратычным стандартам»
Дзяржаўныя тэлеканалы перадалі толькі першыя словы Ан-Мары Лізэн на ўчорашняй прэс-канферэнцыі ў Менску аб тым, што некаторыя «станоўчыя сыгналы» падчас гэтай «выбарчай кампаніі» назіральнікамі былі адзначаныя. Але аб тым, што кіраўнік місіі назіральнікаў сказала, што гэтыя сігналы былі не вялікімі, а «выбары» прайшлі з парушэньнямі стандартаў АБСЭ і прызнаныя несвабоднымі і несправядлівымі – у дзяржСМІ не было сказана ані слова. Не паведамляецца і пра тым, што назіральнікі АБСЭ адзначылі «кепскі або нездавальняльны» працэс падліку галасоў у 48 % выпадкаў, што 35 % назіральнікаў увогуле не былі дапушчаныя да падліку галасоў.
Лідзія Ярмошына, як нічога ніякага, пабачыла ў справаздачы назіральнікаў подых пераменаў.
Пра што гэта сьведчыць? Перадусім пра тое, што ўлады хочуць працягваць сваю гульню з Эўропай, спадзеючыся такім чынам палепшыць інвэстыцыйны імідж краіны, пры гэтым цалкам захоўваючы маніпулятыўную сыстэму. Захоўваецца ранейшы палітычны курс, шантаж назіральнікаў новымі рэпрэсіямі супраць апазыцыі ў выпадку непрызнаньня выбараў аказаўся паказным.