Ратавальнікі Эльбрускага высакагорнага пошукава-выратавальнага атрада МНС Расіі знайшлі двух зніклых альпіністаў з Беларусі, паведамляе TUT.BY са спасылкай на сем'і хлопцаў.
Фота: vk «Апошняя кропка сувязі да перавала. Надвор'е шыкоўнае ». Так падпісаў сваё фота Дзмітрый Ліцьвінскі 17 студзеня. Пасля гэтага на сувязь не выходзіў. Фота: vk
— Расійскія выратавальнікі толькі што звязаліся з намі. Знайшлі! Усё добра. Спускаюцца сваім ходам, значыць і жывыя і здаровыя! — чуецца ў слухаўцы захоплены голас Сяргея Мартынюка. Мужчына нічога не ведаў пра сына больш за тыдзень.
Інфармацыю пацвердзілі ў пошукавым атрадзе: альпіністаў знайшлі пад перавалам Ірык, гэта ўнізе ўсходняга схілу Эльбруса.
— Хлопцы самастойна ў суправаджэнні ратавальнікаў ужо спускаюцца ўніз. Здольныя самі перасоўвацца, усё нармальна. Хутчэй за ўсё, сувязі там не было, таму яны «маўчалі». Выйшлі на перавал, відаць, хацелі выйсці на сувязь — заплечнікі пакінулі ўнізе. Спачатку ратавальнікі менавіта заплечнікі і знайшлі, а потым саміх хлопцаў.
Пошукавая аперацыя працягвалася два дні. Учора на пошукі адправіліся восем чалавек, сёння працавалі 13. Мяркуюць, што беларусы вернуцца на базу прыкладна да гадзіны ночы ці крыху пазней.





