27 верасьня споўнілася 475 гадоў з дня нараджэньня Сьцяпана Батуры — вялікага князя літоўскага і польскага караля, аднаго з найлепшых кіраўнікоў Беларусі за ўсю яе гісторыю.

Граматы, падпісаныя яго энэргічным, размашыстым Stephanus Rex, можна пабачыць у гістарычным музэі ў Вільні.

Варта падзякаваць гэтаму трансільванцу за Полацак. Невядома, ці быў бы такі горад у складзе Беларусі, і ці быў бы такі горад наагул, не адбі яго Батура ў Івана Жахлівага.

Дзякуючы яму набыла непаўторная сваё аблічча і Горадня. Яна была каралеўскім горадам за Батурам. Нельга не згадаць і Віленскі ўнівэрсытэт, зь якога выйшла мноства слынных асобаў нашай гісторыі. Ён быў заснаваны ў 1579 годзе прывілеем вялікага князя Сьцяпана.

Труна Батуры ў падвалах Кракаўскага замку адзіная засыпаная кветкамі.