Галіна Іванаўна — інжынер-будаўнік, усё жыццё працавала на сур'ёзных тэхнічных пасадах, будавала масты. Чалавек-стваральнік. Чалавек, які злучае тое, што раней было раз'яднана. Працавала ў Мінску і на Поўначы — у Новым Урэнгоі.

Потым выйшла на пенсію і вырашыла вярнуцца на сваю малую радзіму — у вёску Вялікая Грава Лапіцкага сельсавета Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Цяпер яна — дзейны дэпутат сельскага савета.

Вёску палічылі неперспектыўнай, нягледзячы на тое, што па гэты дзень малочнатаварная ферма працуе спраўна. Клуб быў зачынены і разбураны, зачынілі краму, аўталаўка прыязджала толькі 2 разы на тыдзень, перастаў ходзіць аўтобус, старажытная капліца ператварылася ў руіны, прыйшло ў запусценне шмат сядзібаў.

І вось Галіна Іванаўна разам са старастай вёскі Лілія Сцяпанаўнай Лабус пры падтрымцы групы аднадумцаў пачала працу па адраджэнні Вялікай Гравы. Галоўная мэта — каб яна засталася на мапе Беларусі. Людзі хочуць жыць у вёсцы, на радзіме, у гармоніі з прыродай. Трэба толькі палепшыць іх побыт, добраўпарадкаваць вёску, лічыць дэпутат.

У АГП распыталі Галіну Іванаўну падрабязней, што яна робіць для людзей у сваёй вёсцы і як так выйшла, што зараз яна вылучаецца ў Магілёўскі абласны савет ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

— З чаго вы пачалі, Галіна Іванаўна?

— Адзін у полі не воін, таму пачала з гутарак і сустрэч з аднавяскоўцамі. Скажу шчыра, самае цяжкае — арганізаваць людзей на грамадска карысныя справы, неабходны і асабісты прыклад, і перакананне.

Першае, у чым мела патрэбу наша вёска, — навядзенне парадку на зямлі. Разам са старастай мы знайшлі ўласнікаў і спадчыннікаў дамоў і ўчасткаў, якія знаходзіліся ў запусценні, правялі з імі гутаркі. Частка з іх пачалі аднаўляць свае ўчасткі, хтосьці прадаў, а нехта напісаў адмову. Так што ўчасткі пачысцілі, старыя будынкі зруйнавалі, і цяпер закінутых участкаў у вёсцы няма.

Падчас нашых суботнікаў людзі з'ядналіся і пасябравалі, неяк сама сабой вылучылася ініцыятыўная суполка, якую мы назвалі «Граўскі гурт», мэтай якой стала ўцягванне ўсіх жыхароў і прыезджых да ўдзелу ў мерапрыемствах Праграмы па адраджэнні вёскі. Не здзіўляйцеся — у нас існуе такая праграма, дзе нададзена ўвага пытанням і экалогіі, і побыту-добраўпарадкавання, і духоўна-культурнага развіцця вёскі.

Малебен на месцы будучай капліцы

Малебен на месцы будучай капліцы

За чатыры гады зроблена столькі, што, азіраючыся назад, думаеш: «Калі мы гэта змаглі?» Ну, напрыклад, талакой навялі парадак на двух вясковых могільніках (яны цяпер, я думаю, самыя дагледжаныя ў сельсавеце). Упарадкавалі ўезд у вёску і паставілі там паклонны крыж, дамагліся падчысткі рэчышча рэчкі Граўка (яна забалочвацца), пабудавалі на ахвяраванні вяскоўцаў замест разбуранай новую капліцу, усім занядбаным хатам знайшлі клапатлівых гаспадароў, пяць участкаў ужо ўзятыя маладымі сем'ямі пад будаўніцтва жылых дамоў (і гэта ў вёсцы, у якой пакуль адсутнічае газ)… Ды ўсяго і не пералічыш.

— А колькі ў вас насельніцтва?

— Усяго насельніцтва ў сельсавеце 2.500 чалавек. А ў Вялікай Граве 100 дамоў цяпер.

Мы аднавілі святы: «Граўскі кірмаш», і на іх прыехала шмат людзей: і ўраджэнцы вёскі, і госці. А на Новы год ужо 5 гадоў арганізоўваем ялінку сваімі сіламі. Праграму гатовым самі. І падарункі дзецям, і сувеніры ўдзельнікам, і Дзед Мароз са Снягуркай, і маскарадныя касцюмы, я вось увесь час Бабай Ягой бываю… Цікава праходзяць «Вясковыя вечарынкі».

— Ці ж вы грошы за гэта атрымліваеце?

— Не, што вы! Дэпутат сельскага савета працуе без зарплаты.

— Як увогуле людзі да вашай працы ставяцца?

— Вось калі я ляжала ў бальніцы ў снежні, разгаварыліся са старшынёй калгаса, зараз ён дэпутат. Я кажу: «Не думала балатавацца, але няскончаныя справы засталіся». — Ён: «Галіна Іванаўна, калі не ты, дык хто? Бо ўсё, што ты зрабіла, усё пойдзе кату пад хвост…»

Але вось тут з вылучэннем Галіны Іванаўны на наступны тэрмін адбылася дзіўная гісторыя…

Калі пачынаецца мясцовая выбарчая кампанія для вылучэння ў сельскі савет, трэба сабраць подпісы, а значыць, зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Галіна Іванаўна, занятая падрыхтоўкай да навагодняга свята, прапусціла тэрміны. «Празявалі», — кажа яна сама. З сельсавета ўсіх абтэлефанавалі, а ёй не нагадалі — мабыць, яна ўжо дастала іх сваёй актыўнасцю…

— 29-га снежня была сесія, старшыня сельсавета кажа: «Галіна Іванаўна, зайдзіце да мяне ў кабінет». Я заходжу, не падазраючы ні пра што. А ён мне: «А вы што, раёнку не чытаеце?» — Я кажу: «А што?» — Ён адказвае: «Я з нагоды выбараў. Усё, рэгістрацыя дэпутатаў ад насельніцтва прайшла…» — Я: «Ну, а што мне рабіць?» — «Ну, вось арганізацыі або ад партыі…» — «А што, у Лапічах партыя ёсць, ці што?» — А ён, задаволены такі: «Ну, не ведаю…» Стала зразумела, што зроблена ўсё наўмысна. Мая неабыякавасць і шчырасць на сесіях мясцовага савета, мабыць, не даспадобы. Магчыма, я адзіная, хто ўздымаў праблемы і задаваў пытанні, на якія адміністрацыя сельскага чавета ці не хацела, ці не ведала, што адказаць.

Можна было раззлавацца або пакрыўдзіцца, але гэта не ў маім характары. Вось і звярнулася ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю, каб балатавацца ад гэтай партыі. Чаму Аб'яднаная грамадзянская партыя? Прыцягнула назва, азнаёмілася з праграмай і прыняла рашэнне: грамадзянская, значыць — адстойвае інтарэсы людзей, а мы ўсе — грамадзяне Беларусі.

Вось так Галіна Іванаўна і ўключылася ў выбарчую кампанію - вылучэнне ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў Магілёўскі абласны савет па Паўднёвай асіповіцкай акрузе №49.

— Як вы думаеце, чым вы адрозніваецеся ад вашых супернікаў. Вось з вамі па акрузе будзе ісці начальнік аддзела грамадскай бяспекі Магілёўскага РУУС…

— Калі б гэта тычылася дэпутатаў мясцовага савета, то я б сказала.

— Чым?

— Бо яны бясплённы. Ну, я ж нарадзілася там, я ўсіх ведаю. Калі жылі бацькі, я ездзіла амаль кожныя выхадныя ў вёску. Я толькі тыя 6 гадоў бывала рэдка, калі мы жылі на Поўначы. А потым усё — пацягнула… Сястра і хату ўжо прадала. Так мы купілі там старэнькі дом, будаваліся. З 91 года я ўжо вярнулася. І я гэтых дэпутатаў прыблізна ўсіх ведаю. Усё, што яны зрабілі, гэта 2—3 разы наведалі сесію сельсавета. І ўсё.

— Ну, вось начальнік аддзела грамадскай бяспекі Магілёўскага РУУС. Ён адродзіць нам Вялікую Граву, як думаеце?

— Загадзя я не буду казаць — не ведаю. А вось не прайду, але ўсё роўна буду звяртацца да выбраных дэпутатаў па рашэнні пытанняў насельніцтва, пабачым, будуць яны працаваць ці не. Бо як была дэпутатам мясцовага савета, адстойвала і абараняла інтарэсы трох вёсак. І, як бачыце, вынікі ёсць. Вельмі многае залежыць ад ініцыятывы дэпутата.

— Што вы хацелі б змяніць, што мае патрэбу ў зменах?

— Я б хацела палепшыць побыт насельніцтва. Гэта, па-першае, газіфікаваць вёскі, дзе пакуль няма газу. Па-другое, палепшыць дарогі. Дамагчыся, каб нам паставілі банкамат хоць бы адзін на ўвесь Лапіцкі сельсавет, які з'яўляецца самым вялікім у раёне. Каб тэрміналы былі ў аўталаўках. А то людзі атрымалі зарплату, а зняць грошы няма дзе. І трэба кожны раз ездзіць за 20 км у раённы цэнтр. Людзі перадаюць карткі тым, хто едзе, каб зняў і прывёз.

Як толькі гандлёвы цэнтр зачынілі, банкамат прыбралі. Я задаю пытанне нашым уладам: «Чаму знік банкамат?» — «А нявыгадна». Я кажу: «Прабачце, калі ласка. Мы калі-небудзь павернемся тварам да народа? Ну, калі-небудзь мы хоць штосьці для народа будзем рабіць? Вам нявыгадна — вы ўзялі прыбралі. А людзі?» З гэтым жа пытаннем была на прыёме ў кіраўніка райвыканкама.

Дык вось нам патрэбен банкамат. І тэрміналы ў аўталаўкі. Прыехала аўталаўка, я захацела малака купіць — картку дала і купіла. А зараз тэрміналаў няма. Касавыя апараты ёсць, а тэрміналаў няма! Дык навошта вы пераводзілі вёскі на гэтыя пластыкавыя карты? Хай бы быў разлік заробкаў, пенсій, як раней, наяўнымі.

— А вашы вяскоўцы вас падтрымліваюць? Калі б вы зараз зноў вылучаліся ў сельскі савет, то пытанняў бы не было, так?

— Так. У нас неаднаразова тэлебачанне здымалі, так можаце знайсці гэтыя перадачы, проста людзей паслухайце. Вось і Анатоль Лябедзька, калі прыязджаў, спытаў людзей на вуліцах. Там дачніца, мінчанка стаяла ля сваёй машыны. «А вось у мяне пытанне: хто ў вас тут дэпутат? Вы ведаеце свайго дэпутата?» Яна: «Так, Галіна Іванаўна». І давай мяне нахвальваць. Лябедзька аж заўсміхаўся.

Так, народ ведае. Таму што — ну, на самай справе — вось, хоць і не ўсё зроблена, але зрух ёсць. Вось мы прайшлі па вёсцы: ніводнага закінутага ўчастка няма! Хаця вычысціш — і зноў хмызнякі растуць. Але падтрымліваем, такога як раней — зараслі былі вышэйшыя за мяне — такога няма.

Вось вясной завершым абсталяванне дзіцячай пляцоўкі, у планах — спартыўная. Людзям патрэбна нармальнае жыццё. Мы нават удзельнічалі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў ПРААН з заяўкай на абсталяванне пляцоўкі адпачынку культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Дамагаюся зараз, каб новую дарогу да другіх могілак зрабілі, якія за вёскай.

Мне не ўсё роўна, куды сыходзяць грошы нязначнага бюджэту сельсавета, я не лезу ні ў якія нетры, але аднойчы спытала старшыню: «Дайце справаздачу, куды грошы пайшлі». Ён мне: «Галіна Іванаўна, я што — павінен перад вамі даваць справаздачу?!» Я кажу: «Ну, не хочаце так, дык я запыт зраблю дэпутацкі…»

Ну, цяпер хоць пачаў на сесіях дэпутатам распавядаць. І вось сядзяць дэпутаты… «Так, 48 звалак смецця прыбралі за год»… Усё маўчаць. Я кажу: «Можна я скажу? Адкуль? Прабачце, у нас усяго 28 вёсак. Некаторыя — па 3 хаты. Прабачце, адкуль 48 звалак?» Ён мне пачынае: «Аміновічы, Пагарэлае…» Я кажу: «Стоп-стоп. Мы з'елі бюджэтныя грошы ў мінулым годзе на Аміновічы і на Пагарэлае. Чаму яны зноў гучаць?» — « Галіна Іванаўна, дык вы бачылі, якое там…?» Я кажу: «Прабачце, там ёсць старасты, там ёсць дэпутаты. Вы бюджэтныя грошы на маю тэрыторыю не патрацілі. Мы рабілі самі. З дапамогай калгаса, з якім сябруем. Дык няхай таксама працуюць. Вы ж выбіраеце туды дэпутатаў, стараст. Чаму ў мяне няма смецця? Вось прыбралі адзін раз 5 звалак — і яны больш не растуць». А астатнія дэпутаты маўчаць. Бяздзейнічаюць. Вось у сябе я ведаю, каго выбіраюць. Я б сказала, 100% бяздзейнасць.

— Цяпер людзі з'язджаюць з вёсак…

— А гэта, дарэчы, няпраўда. Раней — так. Вось у нашай вёсцы калісьці было 250 хат. Вёсцы 460 гадоў, 1000 чалавек калісьці жыла. Была пачатковая школа, крама, клуб. Потым зачынілі школу, клуб, краму, адна ферма засталася. Вядома, ніякай перспектывы, моладзь рушыла ў горад. У асноўным у Мінск — мы за 80 км ад сталіцы. І калі дом вызваляўся, ён нікому не быў патрэбны, ні мінчукам — яны бралі па 4 соткі ўчасткі, ды і ўсё, — ні мясцовай моладзі. Народ ад вёскі адварочваўся…

А цяпер — у нас купілі ўсё. У нас мінчукі скупілі любыя домікі. Домікі — нават домікам не назавеш. Усе адрэстаўравалі. І атрымліваецца ў нас недзе 50 на 50: 50 мясцовых і 50 дачнікаў. Усяго 100 дамоў. Па працягласці вёска больш за 2 км. Раней хаты былі дом да дома, а цяпер вальней. Да нас болей пераязджаюць пенсіянеры, а жыллё ў Мінску дзецям пакідаюць. Так што я дапамагаю выконваць жыллёвую праграму краіны.

— А што з аўтобусам у вас цяпер?

— У нас не было аўтобуса: знялі, бо дарога дрэнная — гравейка, 30 гадоў без рамонту. Дамагліся, што цяпер зноўку ходзіць аўтобус. Не кожны дзень, але ў межах разумнага: у чацвер — каб людзі маглі з'ездзіць у райцэнтр па пакупкі або паліклініку і г.д. І двойчы — у выходныя. Так што 3 разы на тыдзень ходзіць аўтобус.

Раней 1 прыпынак быў, а вёска доўгая — больш за 2 км, пажылым людзям прайсці ўсю вёску цяжка. Дык мы дамагліся, што зараз два прыпынку ў нас. У Малой Граве і Азярышчы таксама два прыпынкі зрабілі. Павільёны паставілі.

Аўталаўкі ў нас зараз ужо 4 разы на тыдзень, сочым за іх асартыментам. Два разы на месяц ЖКГ раёна вывозіць смецце. Няма праблем з вулічным асвятленнем.

А калі б моўчкі сядзелі, нікуды не звярталіся, і не дамагаліся, ніхто б нічога для нашай вёскі не рабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0