Сяргей Міхалок

Сяргей Міхалок

Гурт «Ляпіс Трубяцкой» запісаў альбом-падзею, які поўніцца правакацыямі, нечаканасьцямі ды супярэчнасьцямі.

Яны паказалі смачны фак усяму шоў-бізу, цалкам паклалі на фармат ды паліткарэктнасьць ды залагодзілі беларускамоўную аўдыторыю.

«Маніфэст» пададзены нават не з іроніяй, а з панкаўскай злосьцю. Найлепшы прыклад таму нават не «Belarus Freedom», які напраўду можа стаць патрыятычным рок-гімнам усяе Беларусі, а песьня «Кліп», дзе «сцэнарыст» Міхалок прапаноўвае зьняць ролік пра жырафа, які сікае, скача з даху ЦУМу ды залятае ў чыноўніцкі кабінет, дзе «Грыгорыча партрэт».

Нельга не адзначыць і эвалюцыю Міхалка беларускамоўнага. На пачатку сваёй кар’еры ён выкарыстоўваў беларускую мову, як элемент сьцёбу, калі зацягваў «Дзе жа ты маё, каханьне» голасам «пад Данчыка». Цяпер іншая халера — несур’ёзна сьпяваць па-беларуску Міхалок развучыўся — пэўна Зелянкоўская паўплывала:).

«Зорачкі» ды «Belarus Freedom» на «Маніфэсьце» — самыя сур’ёзныя песьні.
Засталося толькі пажадаць Сяргею папаўняць свой слоўнікавы запас. Калі б яшчэ загалоўны трэк загучаў па-беларуску, яго сьмела можна было б назваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ХХІ стагодзьдзя.

«Belarus Freedom» наогул дзівіць вастрынёй, бо Міхалок пры ўсёй сваёй зубатасьці заўжды стаяў на сьцежцы паліткарэктнасьці. За выключэньнем хіба даўняга кавэру на песьню з фільму «Прыгоды Бураціна», дзе ў прыпеве замест імя казачнага пэрсанажу прапявалася: “Лу-ка-шэн-ка!”

На «Маніфэсьце» больш нэрву, чым у якім іншым альбоме самай «прасунутай» беларускай каманды. Звыклая духавая сэкцыя засталася на месцы, але «каліфарнійскага бруду» паболела значна.

Яшчэ б крыху — і музыку «Ляпіса» можна было бы назваць сумесьсю No Smoking Orchestra і Ramones.
Зрэшты застануцца задаволенымі і тыя, хто лічыць найлепшым у дыскаграфіі “Ляпісаў” альбом «Залатыя яйцы», і нават тыя, хто фанацеюць па «Ты кінула». Але песенькай «Рыбка залатая» на манер сваіх клясічных гітоў а-ля «В платье белом» Міхалок проста засьведчыў:
маўляў, я так магу пісаць, проста тое ўжо малацікава.
І як вынік — абразае песьню да куплету з прыпевам.

Урэшце тое, што пляваць ён хацеў на ўмоўнасьці, Міхалок пацьвердзіў і сваім рашэньнем выкласьці альбом для бясплатнага спампоўваньня ў інтэрнэт.

Відэакліп «Маніфэст» можна пабачыць тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?